Заява Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з авіякатастрофай над Чорным морам

    Беларусь не можа заставацца ўбаку ад трагічных падзей у Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 снежня ў Мінску.

    "Учора ў нашай Расіі здарылася вялікая трагедыя. На жаль, гэта чарада трагедый стала злым лёсам над нашым брацкім народам: вялікая колькасць людзей загінула ў Іркуцку ў сувязі з атручэннем, забіты пасол Расіі ў Турцыі, і загінула шмат людзей у сувязі з крушэннем ваеннага самалёта, у якім знаходзіліся 92 чалавекі. Загінулі не толькі члены экіпажа, але і вядомыя артысты, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, ваенныя людзі, дзяржслужачыя, урач. Зразумела, мы ў гэты дзень не маглі быць убаку ад гэтых трагічных падзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт адзначыў, што ў знак салідарнасці з расійскім народам у краіне прыспушчаны дзяржаўныя сцягі, адменены забаўляльныя мерапрыемствы. "Нашы людзі актыўна адгукнуліся на гэта гора, наведаўшы расійскае пасольства. Я думаю, што паток людзей не зменшыцца, таму папрашу, каб праваахоўныя органы паглядзелі за парадкам вакол расійскага пасольства, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ў пасольстве адкрыта Кніга спачуванняў. Упэўнены, што нашы дзяржаўныя служачыя і іншыя людзі адгукнуцца і пабываюць там".

    Памяць загінулых у выніку трагедый, што адбыліся ў Расіі, на нарадзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы ўшанавалі мінутай маўчання.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўным органам звярнуць асаблівую ўвагу на забеспячэнне бяспекі грамадзян у перыяд навагодніх і калядных свят. Аб гэтым ён заявіў у час нарады.

    "Падзеі ў Расіі, што адбыліся апошнім часам, - дадайце сюды яшчэ розныя ўзрывы балонаў у метро ў Маскве, трагедыі на дарогах і іншае, - сведчаць аб тым, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ўбаку ад стаўбавой дарогі гэтых страшных здарэнняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта - галоўнае", - падкрэсліў беларускі лідар.

    "Калі гэтага не будзе, ніякая эканоміка будзе не патрэбна, ніякія прадукты харчавання, ніякае фінансаванне, ні знешняе, ні ўнутранае. Галоўнае пытанне - гэта пытанне бяспекі і стабільнасці нашага грамадства", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён запатрабаваў звярнуць на адпаведныя пытанні пільную ўвагу, пачынаючы ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў сельскіх, пасялковых саветаў, заканчваючы ўрадам, Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі, КДК, Адміністрацыяй Прэзідэнта.

    "Я прашу гэта мець на ўвазе перш за ўсё, асабліва напярэдадні масавых мерапрыемстваў, звязаных са светлымі і радаснымі для кожнага чалавека святамі - Новым годам і Калядамі, - адзначыў Прэзідэнт. - Страшная катастрофа ў квадраце, калі людзі гінуць, чакаючы гэтых урачыстасцей, свят. Гэта недапушчальна".

    "Асабліва людзям у пагонах трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.