Выступленне на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці

  • 18
Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі)

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці!

Сёння Беларусь урачыста адзначае сваё галоўнае свята - Дзень Незалежнасці!

25 гадоў таму наша краіна атрымала суверэнітэт і магчымасць самастойна выбіраць шлях свайго развіцця.

Па волі беларусаў Дзень Незалежнасці адзначаецца ў гадавіну вызвалення нашай сталіцы ад фашысцкіх захопнікаў. Бо для кожнага з нас паняцці Свабода, Перамога і Суверэнітэт з'яўляюцца вялікімі і свяшчэннымі.

Наш непакораны народ паказаў усяму свету ўзор самаадданай барацьбы з агрэсарам, разгарнуўшы масавае супраціўленне ворагу.

У гэтым годзе мы адзначылі сумную дату - 75-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не забудзем, што яна навечна адняла ў Беларусі трэць яе насельніцтва.

Тыя падзеі яшчэ раз нагадалі нам пра вераломства фашыстаў. Урокі трэба атрымліваць як з перамог, так і з паражэнняў. Галоўнае - не дапусціць падобнай трагедыі ў далейшым.

Гістарычны вопыт паказвае, што дыпламатыяй без эфектыўнай абароннай сістэмы абараніць краіну немагчыма. Сіла дзяржавы ў здольнасці прадказаць і папярэдзіць небяспеку.

На жаль, цяпер у арсенале міжнародных адносін адным з асноўных аргументаў па-ранейшаму застаецца ваенная сіла. Значыць любая дзяржава, дзе народ даражыць цэласнасцю і незалежнасцю сваёй краіны, павінна ўмець абараніць сябе.

Таму ў Беларусі прадоўжыцца ўмацаванне арміі, аснашчэнне яе самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі.

Сёння ў парадным страі пройдзе рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз". Гэта сучасная грозная зброя. Яе наяўнасць з'яўляецца важнейшым фактарам стратэгічнага стрымлівання ад спроб размовы з нашай краінай з пазіцыі сілы.

Не менш важна і тое, што за намі трывала замацаваны статус касмічнай дзяржавы.

Няспынна ўдасканальваецца баявая вывучка Узброеных Сіл. Рэгулярна праводзяцца вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны.

Кожны жыхар Беларусі можа быць упэўнены, што нікому не будзе дазволена дэстабілізаваць абстаноўку, парушыць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць краіны.

Паважаныя таварышы!

У ходзе нядаўна праведзенага пятага Усебеларускага народнага сходу былі выпрацаваны асноўныя напрамкі развіцця краіны на наступны перыяд.

Гэты ўсенародны форум прадэманстраваў з'яднанасць нашага грамадства, міралюбівую, шматвектарную палітыку дзяржавы, заснаваную на прынцыпах добрасуседства і супрацоўніцтва.

Мы цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі саюзнікамі, і перш за ўсё з брацкай Расіяй. Развіваем дыялог з суседзямі і краінамі Захаду.

За гады незалежнасці мы не далі ўцягнуць сябе ні ў адну палітычную авантуру, не ўвязаліся ні ў адзін міжнародны канфлікт.

Мы ўпэўнена глядзім у будучыню і беражліва захоўваем слаўную гісторыю нашай краіны.

Вечная памяць героям, загінуўшым у баях за Айчыну! Будзем жа дастойныя іх вялікага подзвігу!

Жадаю ўсім міру, дабра, шчасця, здароўя і поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы!

Слава беларускаму народу, які адстаяў свабоду і незалежнасць Айчыны!

Слава нашай Радзіме - Рэспубліцы Беларусь!

Слава яе доблесным Узброеным Сілам!

Са святам вас - Днём Незалежнасці!

Ура!