Выступленне на парадзе войскаў Мінскага гарнізона

  • 8
  • 4:20

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня 2014 года

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!

Сёння наша галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца пунктам адліку новага этапу гісторыі. Яны выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне грамадзян краіны.

Для Беларусі такой вяхой стаў дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзе якога мы ўрачыста адзначаем.

Менавіта гэта гістарычная падзея па волі беларускага народа стала Днём Незалежнасці, звязаўшы для ўсіх нас святыя словы і паняцці - Свабода і Незалежнасць.

Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Тых, хто, ахвяруючы самым дарагім - сваім жыццём, прынёс на нашу зямлю доўгачаканую свабоду.

Кожны год у гэты святы для нас дзень мы аддаём даніну вялікай павагі бяспрыкладнаму подзвігу беларускага народа. Нізка схіляем галовы перад загінуўшымі на палях бітваў за сваю Радзіму. Ушаноўваем і славім усіх, хто ўнёс свой уклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Наша краіна ў чэрвені 41-га сутыкнулася са страшным вераломным ударам агрэсара. Але тады мы выстаялі перад націскам акупантаў. Гераічнае супраціўленне пачалося з першых мінут вайны ў сценах Брэсцкай крэпасці і прадаўжалася на працягу ўсяго перыяду інтэрвенцыі да поўнага выгнання ворага з тэрыторыі Беларусі.

На барацьбу з захопнікамі ўзнялося практычна ўсё насельніцтва краіны. Хто не змагаўся на фронце - пайшоў у партызанскія атрады, змагаўся ў падполлі. 

Поўнае вызваленне беларускай зямлі было ажыццёўлена ў выніку бліскуча праведзенай стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён", у ходзе якой ваеннае камандаванне арганізавала цеснае ўзаемадзеянне з партызанскімі фарміраваннямі.

Беларусь панесла вялікі ўрон, страціўшы трэць сваіх жыхароў. Але зламаць маральны дух беларускага народа, яго волю да супраціўлення прыгнятальнікам так і не ўдалося.

Мы нічога не забылі!

Памяць пра гераічны подзвіг свяшчэнная. Менавіта яна дапамагае нам не дапускаць трагічных памылак, а рэальна ацэньваць пагрозы і атрымліваць сур'ёзныя ўрокі з мінулага.

Гэта асабліва важна ў сучасных умовах, калі зноў абвастраецца міжнародная абстаноўка і каля нашых граніц зноў накопліваецца ваенны патэнцыял. 

Сёння мы бачым зніжэнне эфектыўнасці сістэмы міжнароднай бяспекі, што склалася пасля вайны. З'яўляюцца новыя пагрозы. Ажыццяўляецца перагляд і перакройка пасляваенных граніц. Абазначылася тэндэнцыя да глабальнай нестабільнасці.

Бесцырымоннае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, спробы распаліць у іх нацыянальную варожасць, дэстабілізаваць абстаноўку мы бачым не толькі на Блізкім Усходзе, але, на жаль, ужо сёння і на прыкладзе нашай брацкай Украіны.

Раскол у грамадстве, грамадзянская вайна і хаос у краіне, шматлікія ахвяры, дэградацыя эканомікі - далёка не поўны пералік праблем, з якімі сутыкнуліся нашы бліжэйшыя суседзі.

Гэтыя трагічныя падзеі пацвярджаюць, што па сутнасці ўся Еўропа, увесь свет знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох і кожная дзяржава павінна быць гатова даць адказ на любы выклік часу.

Таму важнейшым напрамкам дзейнасці кіраўніцтва краіны ў сучасных умовах з'яўляецца ўмацаванне і развіццё Узброеных Сіл, усёй ваеннай арганізацыі дзяржавы. Створаная ў Беларусі сістэма забеспячэння абароны гатова надзейна абараніць канстытуцыйны лад, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, мір і спакой людзей.

Беларусь - міралюбівая і адкрытая краіна, якая выступае за сістэму міжнародных адносін, заснаваную на вяршэнстве норм міжнароднага права і шматбаковым супрацоўніцтве.

Менавіта на гэта накіравана наша збалансаваная шматвектарная знешняя палітыка. Яна прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва з дзяржавамі былога СССР, развіццё дыялогу з краінамі як Захаду, так і Усходу.

Пры гэтым прыярытэтам з'яўляецца развіццё адносін з нашым стратэгічным саюзнікам - Расійскай Федэрацыяй. І сімвалічна тое, што сёння ў парадным страі плячо ў плячо стаяць ваеннаслужачыя двух брацкіх народаў.

Дабрабыт насельніцтва, дынамічнае развіццё краіны, умацаванне яе пазіцый як самастойнага суб'екта сусветнай супольнасці з'яўляюцца лепшай памяццю аб гераізме нашых вызваліцеляў.

Слава беларускаму народу, які адваяваў незалежнасць Айчыны!

Слава нашым ветэранам! Тым, хто, не шкадуючы жыцця свайго, змагаўся з ворагамі на фронце, хто ў тыле каваў зброю Перамогі!

Дзякуй за тое, што вы вынеслі на сваіх плячах цяжар самай страшнай вайны мінулага стагоддзя!

Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за Радзіму, аддалі свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!

Будзем жа дастойныя іх вялікага подзвігу!

Няхай неба над нашай любімай Айчынай заўсёды будзе мірным! Са святам! З Днём Незалежнасці! Ура!