Выступленне перад дэпутатамі Парламента Рэспублікі Судан

  • 25

Адным са складнікаў афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Судан стала выступленне перад дэпутатамі абедзвюх палат Парламента. Кіраўнік дзяржавы расказаў суданскім парламентарыям аб месцы Беларусі ў сучасным свеце, знешнепалітычных арыенцірах, перспектывах развіцця як на нацыянальным узроўні, так і ў двухбаковых адносінах з Суданам.

"Парламенцкі складнік у міжнародным дыялогу з'яўляецца важным элементам узаемадзеяння па многіх пытаннях. Парламенцкая дыпламатыя - гэта самы высокі ўзровень народнай дыпламатыі. Перакананы, што наша сустрэча дасць магчымасць больш даведацца адзін аб адным, знайсці новыя агульныя інтарэсы Беларусі і Судана", - заявіў Прэзідэнт.

Суданскі бок праявіў вялікую цікавасць да гэтай падзеі, а прамова Прэзідэнта Беларусі неаднаразова перапынялася апладысментамі дэпутатаў.

Аб цане міру

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы ведаюць цану міру, і гэта разуменне пакладзена ў аснову сучасных падыходаў краіны ў знешняй палітыцы. "Мы будуем яе на прынцыпах шматвектарнасці, міралюбнасці, супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб сучаснай Беларусі

"Сёння Беларусь - еўрапейская дзяржава, якая стала на шлях дынамічнага развіцця, - адзначыў Прэзідэнт. - У сваім станаўленні мы зрабілі стаўку на багаты патэнцыял, набыты ў часы СССР. Створана нацыянальная мадэль дзяржаўнага ладу, якая максімальна адпавядае патрэбнасцям беларускага народа. Яна мае інстытуты, якія эфектыўна функцыянуюць, аптымальную эканамічную сістэму і высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва".

"Нават у няпростых цяперашніх умовах на сусветных рынках беларускія прадпрыемствы паспяхова канкурыруюць з лепшымі замежнымі таваравытворцамі. Беларусь поўнасцю забяспечана прадуктамі харчавання ўласнай вытворчасці", - дадаў Прэзідэнт.

Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі вытворчасці і экспарту шэрага прамысловых, сельскагаспадарчых і харчовых тавараў.

"Мы лічым, што будучыня - за інавацыямі, навукай і тэхналогіямі. У нашай краіне створаны сур'ёзны задзел у развіцці атамнай энергетыкі, касмічнай галіны, біятэхнікі. Шырока вядомы дасягненні беларускіх праграмістаў. Дзякуючы выпускнікам нашых універсітэтаў Беларусь у разы апярэджвае многія краіны па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтва", - адзначыў беларускі лідар.

Беларусь таксама знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў па ўзроўні развіцця медыцыны і забяспечанасці насельніцтва паслугамі аховы здароўя.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прадаўжаецца работа над тым, каб Беларусь стала адной з найбольш паспяховых і моцных краін Еўропы.

Аб ролі дзяржавы ў эканоміцы

Адкрытасць эканомікі Беларусі прадугледжвае ў ліку важнейшых дзяржаўных прыярытэтаў развіццё міжнародных кантактаў. "У сучасным свеце з яго вострай барацьбой за рынкі і рэсурсы мы не маем права на самазаспакаенне. У многім менавіта з гэтым звязана вялікая ступень удзелу дзяржавы ў справах эканомікі, за што нас у свой час нямала крытыкавалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння нас ужо не крытыкуюць, а многія гэты вопыт пераймаюць. Час усё расставіў на свае месцы. Усе вядучыя дзяржавы свету не адмаўляюць сёння разумную падтрымку дзяржавай нацыянальных кампаній у рабоце як на тэрыторыі дзяржавы, так і за мяжой".

Аб мэтах візіту

"Ніякіх сакрэтаў: мы тут, сярод суданскіх сяброў, каб развіваць перш за ўсё эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта адпавядае нашым інтарэсам, - заявіў Прэзідэнт. - Беларусь - адкрытая, экспартна арыентаваная краіна. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны даверу і дружбы. Партнёры ведаюць, што мы ніколі нікога не падводзілі. Не падвядзём і вас".

Кіраўнік дзяржавы назваў Судан важным партнёрам Беларусі ў арабскім свеце. Бакі пацвердзілі гатоўнасць пераходзіць на якасна новы ўзровень узаемадзеяння з максімальна поўным выкарыстаннем патэнцыялу дзвюх краін у эканамічнай і тэхналагічнай галінах, падпісаны міждзяржаўны дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве.

Аб перспектывах

Паводле слоў Прэзідэнта, яшчэ вельмі шмат што трэба і можна зрабіць для пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, ёсць шэраг перспектыўных напрамкаў для сумеснай работы.

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні ў Судане беларускіх тэхналогій і стварэнні сумесных прадпрыемстваў па выпуску ўсяго спектра тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі.

"Мы ўмеем рабіць усё на аснове навукі і высокіх тэхналогій, што трэба сёння для вас. Тое, што перажываеце вы, мы перажывалі ў свой час, - адзначыў беларускі лідар. - Вы перажываеце гэты перыяд і павінны ведаць, што ёсць сябры, якія маюць такі вопыт і ўсё тое, што вам сёння трэба".

"Я прапанаваў Прэзідэнту і прапаную вам: калі патрэбны гэтыя вытворчасці, вы нам скажыце, падтрымайце нас, і мы на працягу паўтара-двух гадоў сумесныя прадпрыемствы створым тут. Мы зацікаўлены ў пашырэнні ў Судан беларускіх тэхналогій, стварэнні сумесных прадпрыемстваў па ўсіх відах таго, што мы ўмеем рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў суданскаму боку дапамогу ў стварэнні мясаперапрацоўчых камбінатаў, якія былі б вельмі запатрабаваны з улікам асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі гэтай краіны.

Перспектыўным было б стварэнне прадпрыемства па вытворчасці дзіцячага харчавання, лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў таксама супрацоўніцтва ў сферы эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, стварэння сістэм сувязі для дзяржаўных патрэб, у тым ліку з выкарыстаннем спадарожнікавых тэхналогій.

Заслугоўваюць увагі беларускія аграрныя тэхналогіі. "Пілотным праектам можа стаць стварэнне ў Судане дэманстрацыйнай гаспадаркі. Калі вам яна падыдзе, то мы навучым вашых людзей, і вы будзеце будаваць гэтыя гаспадаркі ў сябе", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама бачыць вялікі нявыкарыстаны патэнцыял супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя і медыцыны, падрыхтоўкі ў Беларусі адпаведных спецыялістаў для патрэб Судана. Адзначаны перспектывы для пашырэння ў Судане беларускіх лякарстваў і іншай медыцынскай прадукцыі.

Аб перавагах супрацоўніцтва з Беларуссю

"Усё, што я сказаў, мы ўмеем рабіць. І мы гатовы гэта рабіць у вас!" - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

"Стварыць прадпрыемства ў Судане, гандляваць высокатэхналагічным таварам - гэта паўпраблемы. Галоўнае - навучыць людзей гэта рабіць. Каланіяльныя, буйныя дзяржавы заўсёды былі зацікаўлены паставіць сюды штосьці, прадаць і забыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Усім, што мы будзем вырабляць разам з вамі, мы будзем разам з вамі гандляваць з тэрыторыі Судана ў Афрыцы, у іншых рэгіёнах. Мы навучым вашых спецыялістаў і рабочых. Яны будуць умець рабіць тое, што ўмеем сёння мы. Мы да вас ідзём не як каланізатары, мы ідзём як сябры", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб будучыні Афрыкі

"Надыходзіць перыяд, калі мы можам вельмі шырока супрацоўнічаць. І трэба выкарыстоўваць гэты момант. Я Прэзідэнту сёння сказаў, што хто раней у Афрыцы пачне ўздым, той выйграе", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Афрыка - гэта будучыня ўсёй планеты. Сёння і заўтра за кошт Афрыкі будзе развівацца ўвесь свет", - упэўнены Прэзідэнт.

Аб ролі парламентарыяў

"Вельмі спадзяюся, што парламентарыі дзвюх краін не застануцца ў баку ад працэсу наладжвання двухбаковага ўзаемадзеяння. Гэта датычыцца пашырэння супрацоўніцтва не толькі ў міжпарламенцкай, але і ў эканамічнай, аграрнай, адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Значнай падзеяй у свой час стаў візіт у Беларусь намесніка старшыні Нацыянальнай асамблеі Судана ў 2014 годзе. Наступным крокам можа быць стварэнне ў парламентах Беларусі і Судана груп дружбы і ўстанаўленне прамых кантактаў паміж імі, лічыць Прэзідэнт.

"Сумеснымі намаганнямі мы зможам яшчэ больш зблізіць нашы краіны ў імя працвітання і дабрабыту", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

17 студзеня ў Хартуме Прэзідэнт Беларусі таксама сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Судана Хасабу Абдэльрахманам і старшынёй Нацыянальнай асамблеі Ібрагімам Амерам.