Выступленне на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця лёгкаатлетычнага матчу Еўропа-ЗША

  • 17
Дарагія сябры!

Вітаю славутых спартсменаў і паклоннікаў лёгкай атлетыкі - яе вялікасці каралевы спорту.

Яшчэ два месяцы таму тут, на легендарным стадыёне "Дынама", мы запальвалі агонь II Еўрапейскіх гульняў, захапляліся перамогамі і дасягненнямі лепшых атлетаў Еўропы. Сёння многія з іх, у тым ліку і нашы суайчыннікі, выступяць адзінай камандай, каб адстаяць спартыўны гонар кантынента.

Упершыню ў гісторыі лёгкай атлетыкі адбудзецца сустрэча Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі - на гэтым стадыёне "Дынама". Прымаць гэтыя маштабныя спаборніцтвы для нас вялікі гонар і магчымасць успомніць мінулае нашага стадыёна. Стадыёна, дзе выступалі легенды спорту мінулага стагоддзя - савецкія і амерыканскія атлеты.

Тады матчавая сустрэча СССР - ЗША стала прыкладам сумленнай і бескампраміснай барацьбы. А галоўнае - яна стала сімвалам імкнення да палітычнай раўнавагі і мірнага саперніцтва паміж вялікімі дзяржавамі той эпохі.

Упэўнены, што і сёння такія спартыўныя спаборніцтвы здольны мяняць палітычную сітуацыю да лепшага.

Мы рады сустракаць у Мінску нашых заакіянскіх сяброў - спартыўную каманду Злучаных Штатаў. Вы пераадолелі далёкі шлях. Вам давялося адаптавацца да новых умоў і рабіць гэта хутка. Упэўнены, што беларуская гасціннасць, цёплая сустрэча гледачоў дапамогуць вам прадэманстраваць на арэне максімум сваіх магчымасцей.

Безумоўна, мы будзем горача падтрымліваць усіх спартсменаў. Гэта ў характары талерантных і адкрытых свету беларусаў.

Мы дакладна ведаем: хто б ні перамог, мы - мільёны балельшчыкаў з усяго свету - станем сведкамі нараджэння новых легенд лёгкай атлетыкі.

І няхай на арэне стадыёна "Дынама" ўладараць сіла волі, мэтанакіраванасць і высакароднасць. Няхай барацьба будзе прыгожай, а перамога сумленнай.

І на заканчэнне, паважаныя сябры!

Мы добра ведаем, вядома ж, з падачы нашых сяброў - Себасцьяна Коэ, Свена Арнэ Хансэна (кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый і прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі. - Заўвага), што ў 2021 годзе адбудзецца такі ж, чарговы матч. Яны праходзяць адзін раз у два гады. Але ў сувязі з тым, што ў Злучаных Штатах Амерыкі будзе праводзіцца чэмпіянат свету (па лёгкай атлетыцы. - Заўвага), па правілах такі матч (а яго павінна прымаць пасля Еўропы Амерыка) адбыцца там не можа.



Паважаныя калегі! Коэ, Хансэн! Мы вам прапануем правесці гэтыя два гады ў Беларусі. Не спяшайцеся ні ў Еўропу далёкую, ні ў Амерыку. А праз два гады, калі вы нам даручыце, мы правядзём яшчэ на больш высокім узроўні такі матч. Я абяцаю вам, што праз два гады Мінск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі.

Удакладняю, каб не западозрылі ў нядобрым, нібыта мы Амерыку хочам далучыць. На гэтыя дні, калі вы нам даверыце, Мінск стане сталіцай ЗША, таму што ЗША павінны праводзіць гэты матч. З Дональдам Трампам мы дамовімся. Да 2021 года ён пераможа на выбарах і, я думаю, з'явіцца тут, на гэтым стадыёне, як я ўжо сказаў, у сталіцы чарговых лёгкаатлетычных гульняў, матчу стагоддзя.

Я думаю, вы маю просьбу ўлічыце, як некалі ўлічылі маю просьбу аб правядзенні гэтай ўрачыстасці. Вы падарылі нам свята. Падарылі свята беларусам. Я аб гэтым сёння гаварыў: мы, беларусы, ніколі не заставаліся ў даўгу. Дзякуй вам вялікі. Сардэчна запрашаем, лёгкая атлетыка, на легендарны стадыён "Дынама" ў Мінск!