Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выступленне на цырымоніі ўскладання кветак на плошчы Перамогі з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

3 ліпеня 2020 года
Удзел у патрыятычным шэсці "Беларусь памятае!"
глядзіце таксама: відэа
3 ліпеня 2020 года
Удзел у патрыятычным шэсці "Беларусь памятае!"
Удзел у патрыятычным шэсці "Беларусь памятае!"
глядзіце таксама: фота
3 ліпеня 2020 года
Удзел у патрыятычным шэсці "Беларусь памятае!" 40 фота

Паважаныя суайчыннікі, дарагія ветэраны, шаноўныя госці нашай сталіцы!

Дазвольце ад імя беларускага народа павіншаваць усіх вас з Днём Незалежнасці нашай Беларусі!

Тут, на гэтым свяшчэнным месцы мы аддаём даніну памяці героям, якія змагаліся за нашу зямлю і набліжалі гэты дзень Вялікай Перамогі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ зрабіў гістарычны выбар - паставіў сваю свабоду тады вышэй за сваё жыццё.

Іншага выбару і быць не магло ў нашчадкаў старажытнага славянскага народа - моцнага, гордага і незалежнага. Народа, які ніколі і нікога не прыгнятаў. Народа, які сам ніколі не быў рабом.

Таму непрымірымая барацьба з захопнікамі ішла на нашай зямлі з першага і да апошняга дня акупацыі.

Партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, якія дапамалі ім, - мільёны людзей свядома ішлі на смерць, не жадаючы служыць нацыстам.

У радах Мінскага падполля з ворагам змагаліся тысячы савецкіх мінчан.

Сотні герояў падполля ў Мінску закатаваны ў падвалах СД, расстраляны і павешаны.

І мы не знойдзем у Еўропе іншы такі горад, у якім ва ўмовах вельмі жорсткага акупацыйнага рэжыму дзейнічаў такі масавы рух супраціўлення.

Цяпер менавіта той час, калі трэба, каб яшчэ гучна і гучней гучалі імёны Івана Кавалёва, Ісая Казінца, Дзмітрыя Караткевіча, Уладзіміра Амельянюка, Івана Кабушкіна і многіх-многіх іншых.

Гэта сапраўдныя патрыёты, рэальныя, непрыдуманыя героі. Нашы суайчыннікі, якія так мала жылі, але так шмат змаглі зрабіць для нашай Айчыны. Разам з імі мы страцілі ў той вайне кожнага трэцяга жыхара краіны.

Не стамляюся гэта паўтараць для тых, хто робіць выгляд, што не ведае, якую вялікую цану заплаціў наш народ за жыццё і свабоду будучых пакаленняў, нас з вамі.

Беларусь памятае і воінаў брацкіх рэспублік, якія прынялі апошні бой на нашай зямлі.

Беларусь памятае ўсіх, хто вызваляў ад фашызму Прыбалтыку і Польшчу, Балгарыю і Румынію, Венгрыю і Аўстрыю, Чэхію і Германію і застаўся там навечна пад абеліскамі.

Мы смуткуем аб ветэранах, якіх ужо няма з намі.

Давайце ж іх светлую памяць, усіх герояў Вялікай Айчыннай вайны ўшануем мінутай маўчання!

(Мінута маўчання)

Асаблівыя словы ўдзячнасці я адрасую ветэранам, якія цяпер разам з намі.

Дзякуй вам за тое, што выстаялі і абаранілі Радзіму!

Вашы бязмежная мужнасць, стойкасць і патрыятызм сталі для нас тым арыенцірам, які дапамагаў і дапамагае нам трымаць любыя ўдары сучаснасці.

Паважаныя сябры!

Мы разам будуем нашу незалежную дзяржаву. Мы ганарымся сваёй гісторыяй і беражом памяць аб гераічным мінулым.

Беларусь - міралюбівая дзяржава і будзе такой заўсёды. Мы выступаем за дыялог краін і народаў, за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва выключна на раўнапраўнай аснове.

Але сучасны свет становіцца ўсё больш складаным і небяспечным. І сёння многія задаюцца пытаннем: што будзе заўтра? Адказ просты. Наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх.

Ніхто не можа звонку пахіснуць тую стабільнасць і незалежнасць, якія сёння ў Беларусі. Толькі мы можам вяршыць лёсы свайго народа на гэтай зямлі. Усё залежыць толькі ад нас. Моц і сілу дзяржавы, непахіснасць яе суверэнітэту вызначае народ сваёй працай, адзінствам і адданасцю роднай зямлі.

Дарагія сябры!

Сёння сімвалічны дзень, ды і ўсё жыццё чалавека, тым больш дзяржавы, створана, як мне здаецца, з сімвалаў. Гэта вялікі сімвалізм, які мы назіраем сёння па ўсёй краіне. Тут, у гэтай тысячнай калоне разам са старымі, ветэранамі, пакаленнем пасляваенных гадоў наша моладзь. І гэта галоўны сімвал сённяшняга дня. Памятайце, пакуль мы разам са сваімі дзецьмі прыходзім да мемарыялаў і абеліскаў, Гасподзь будзе з намі, ён нас заўсёды зможа абараніць ад бур і нягод. Але як толькі мы забудзем народную сцежку да гэтых велічных месцаў гісторыі нашай краіны, чакайце бяду.

Дзе б вы ні былі: у маленькім гарадку, невялікай вёсачцы, аграгарадку, у абласных цэнтрах або сталіцы нашай Радзімы, - праязджаючы міма, не забывайце спыніцца каля маленькага помніка, каля велічнага абеліска, у вёсцы Боркі і Ала Магілёўскай і Гомельскай абласцей, у легендарнай Брэсцкай крэпасці, тут, у цэнтры нашай сталіцы, не забывайце прыйсці са сваімі дзеткамі і пакласці кветку на гэтыя магілы, палявую кветку. І за гэта нам будзе адплачана ў нашым жыцці. Не павінна зарасці народная сцежка. Мы сваімі дзеяннямі, сваімі ўчынкамі павінны даказаць, што Беларусь памятае!

Я жадаю нашай роднай Беларусі міру і працвітання.

А беларускаму народу, усім нам - здароўя, шчасця і дабрабыту.

Са святам вас, дарагія сябры!

З Днём Незалежнасці!

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь