Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выступленне на цырымоніі ўрачыстага закрыцця II Еўрапейскіх гульняў

30 чэрвеня 2019 года
Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў
глядзіце таксама: фота
30 чэрвеня 2019 года
Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў
21 фота
Дарагія сябры!

Лічаныя мінуты засталіся да фінальных акордаў II Еўрапейскіх гульняў. Гэта было свята яркіх незабыўных уражанняў і моцных эмоцый. Было ўсё: радасць, шчасце і расчараванне. Такі яго вялікасць спорт.

Гэта было свята дружбы і яднання, гарачага запалу спаборніцтваў, якія з'ядналі мільёны жыхароў Еўропы ў адну вялікую сям'ю. Але перш за ўсё мы падарылі яго сабе, беларусам, як сведчанне нашых магчымасцей і таго, што мы горы можам звярнуць, але толькі тады, калі мы разам.

Для гасцей мы шырока расчынілі ўсе дзверы Беларусі - краіны сярэднееўрапейскіх памераў, што жыве і развіваецца па сваіх законах і традыцыях, якія ідуць з глыбокай даўніны стагоддзяў. Краіны, якая не стварае праблем і не выстаўляе прэтэнзій суседзям. Яны, гэтыя суседзі, у нас вельмі розныя, і ладзіць з імі часам няпроста.

На працягу дзесяці дзён на мінскіх арэнах панавала цёплая атмасфера ўзаемапавагі. Яе стваралі ўсе вы - жыхары і госці Беларусі. Усе, хто любіць спорт, верыць у сілу алімпійскай місіі, нацэленай на захаванне міру на зямлі.

Увасабленнем гэтай вялікай ідэі стала Полымя міру - сімвал II Еўрапейскіх гульняў. І перш чым пагасіць яго агонь, давайце падзякуем усім, хто ўнёс свой уклад у гісторыю гэтых спаборніцтваў.

Арганізатарам - за вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Журналістам, якія па-спартыўнаму хутка і эфектыўна асвятлялі ўсе падзеі, своечасова знаёмілі гледачоў і чытачоў з самымі моцнымі эпізодамі гульняў. Арбітрам - за сумленную працу і непрадузятае судзейства. І, вядома, усім атлетам, якія самааддана адстойвалі спартыўны гонар сваёй краіны, увайшлі ў гісторыю II Еўрапейскіх гульняў гучнымі рэкордамі і яркімі перамогамі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці вам, валанцёры. Усім вам, хто стаіць тут. Гэта вы амаль кругласутачна працавалі, дапамагалі нашым гасцям, спартсменам адчуваць сябе ў Беларусі гэтак жа ўтульна і камфортна, як дома. Без вашай дапамогі нам было б немагчыма стварыць такую цёплую, шчырую і добразычлівую атмасферу. Я даручыў Ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта стварыць банк даных валанцёрскага руху і выкарыстоўваць для развіцця краіны вашы веды і таленты. Мы не можам страціць восем тысяч чалавек, якія два гады рыхтаваліся да гэтай падзеі, якія навучыліся аказваць першую дапамогу і падтрымку, якія ведаюць шмат моў. Дзякуй вам вялікі!

Таксама вялікі дзякуй усім балельшчыкам, чыя гарачая падтрымка натхняла ўдзельнікаў спаборніцтваў, зараджала іх верай у поспех і вяла да запаветных вяршынь. Спартсмены прызналіся: дрэнна выступаць пры такой падтрымцы гледачоў было нельга. І спартсмены рабілі ўсё перш за ўсё ў імя вас, нашых балельшчыкаў.

Я звяртаюся да гасцей нашай краіны і горада-героя Мінска: вы наведалі краіну прыгожую і вельмі ўтульную для жыцця і адпачынку, пазнаёміліся з добрым і працавітым народам, які жыве без войнаў, узрушэнняў і канфліктаў. І, калі вы зноў захочаце пачуць цішыню, прыязджайце да нас у Беларусь.

Ну а табе, мілы Лесік, асаблівая ўдзячнасць. Твае сяброўскія абдымкі, непераўзыдзены артыстызм застануцца ў памяці мільёнаў назаўсёды. Ты пакарыў нашы сэрцы, і нам хочацца верыць, што, пайшоўшы ў свой казачны лес, ты не забудзеш нас і яшчэ не раз вернешся сюды.

Дарагія сябры!

Надышоў самы кранальны і сумны момант - мы закрываем ІІ Еўрапейскія гульні. Але не развітваемся, а гаворым: "Да новых сустрэч". Сустрэч у Беларусі. У любы час. Тут заўсёды будуць рады вам.

Вядома, усе мы з нецярпеннем будзем чакаць наступныя Еўрапейскія гульні. І няхай іх гісторыя будзе доўгай і слаўнай!

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь