Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выступленне на пленарным пасяджэнні VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

29 верасня 2020 года

Вітаю ўдзельнікаў Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі!

Сённяшні саміт важны для Саюзнай дзяржавы як прадаўжэнне дыялогу, які мы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі пачалі ў час сустрэчы ў Сочы ў верасні бягучага года. Гэта яшчэ адзін важны крок для ўмацавання добрасуседства і развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі брацкімі народамі.

Фармат такога рэгіянальнага ўзаемадзеяння вельмі эфектыўны. За 6 гадоў падпісана больш за 300 пагадненняў, заключана кантрактаў на суму звыш $2 млрд.

Гэта вялікі ўклад у развіццё сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу Беларусі і Расіі.

Упэўнены, гэты саміт па ўсіх пазіцыях не ўступіць папярэднім.

Гісторыя пацвярджае, што толькі разам нам удаецца дабівацца значных вынікаў.

Па праву ганарымся тым, што беларусы і расіяне разам з іншымі народамі СССР унеслі вырашальны ўклад у Перамогу над фашызмам. Таму мы сёння ўспамінаем святую для ўсіх нас падзею - 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На той вайне нашы народы панеслі каласальныя страты. Толькі ў Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. За гады акупацыі германскія захопнікі разбурылі 209 з 270 беларускіх гарадоў і райцэнтраў, знішчылі амаль 2 тыс. вёсак. Мы змагаліся за кожны кавалачак роднай зямлі. У рэспубліцы разгарнуўся ўсенародны рух супраціўлення. З фашыстамі змагаліся нават дзеці. У выніку ў канцы 1943 года пад кантролем народных мсціўцаў знаходзілася прыкладна 60% тэрыторыі краіны.

У Беларусі і Расіі беражліва ставяцца да памяці аб той вайне. Нават у самай маленькай вёсачцы стаіць абеліск з чырвонай зоркай. Ні адзін з іх не закінуты і не сцёрты з зямлі. Мы і сёння ўзводзім манументы. Напрыклад, пад Мінскам, на месцы, дзе знаходзіўся нацысцкі канцлагер, узведзены мемарыяльны комплекс "Трасцянец". Па колькасці знішчаных людзей гэта чацвёртая фабрыка смерці ў Еўропе пасля Асвенціма, Майданека і Трэблінкі. Яе ахвярамі сталі больш за 200 тыс. чалавек.

Таму мы не можам спакойна назіраць за спробамі асобных краін перапісаць гісторыю, прыніжаючы подзвіг савецкага народа, ставячы пад сумненне вырашальны ўклад Савецкага Саюза ў Перамогу над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі.

Хачу падзякаваць нашым расійскім калегам за праяўленую на пляцоўцы Міжпарламенцкага саюза ініцыятыву прызнаць Перамогу ў Другой сусветнай вайне Сусветнай спадчынай чалавецтва, а помнікі барацьбітам з нацызмам ва ўсіх краінах - Сусветным мемарыялам чалавецтва.

Фальсіфікацыя гісторыі з'яўляецца рэальнай пагрозай стабільнасці грамадства, нясе ў сабе рызыкі нацыянальнага, сацыяльнага, канфесійнага расколаў. Таму выключна важна, што на форуме абмяркоўваюцца сумесныя меры па процідзеянні скажэнню праўды аб вайне. Мы разам павінны актывізаваць работу па падрыхтоўцы праекта новай рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН "Барацьба з гераізацыяй нацызму, неанацызмам і іншымі відамі практыкі, якія садзейнічаюць эскалацыі сучасных форм расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці.

Але нашы намаганні будуць дарэмнымі, калі мы не перададзім моладзі эстафету памяці. Выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі, падрастаючаму пакаленню спрабуюць навязаць фальшывыя каштоўнасці: культ спажывання, індывідуалізм, сацыяльную безадказнасць. Гэта далёка ад традыцый і светапогляду нашых народаў, у аснове якіх - адзінства, з'яднанасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу адзін аднаму.

З задавальненнем адзначаю, што гэта работа знаходзіцца пад самай пільнай увагай саюзных парламентарыяў.  Створаная пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі Маладзёжная палата актыўна ўключае маладых людзей у арбіту двухбаковага супрацоўніцтва. Але гэтай дзейнасці неабходна дабавіць больш канкрэтыкі, напорыстасці, рэзультатыўнасці.

Вядучыя ВНУ дзвюх краін рэалізуюць шэраг сумесных адукацыйных і навуковых праектаў, агульнымі намаганнямі выдаюць навучальныя дапаможнікі. Сёння амаль 11 тыс. беларусаў навучаюцца ў расійскіх ВНУ і больш за паўтары тысячы расіян - у Рэспубліцы Беларусь. Але супрацоўніцтва ў сферы адукацыі трэба развіваць яшчэ актыўней у рамках студэнцкіх абменаў, стажыровак, форумаў і канферэнцый, студэнцкіх атрадаў.

З 2000 года рэалізавана больш за 50 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Наладжаны дыялог паміж Паркам высокіх тэхналогій і інавацыйным цэнтрам "Сколкава".

Першараднай задачай становіцца захаванне існуючай дынамікі.

Лічу, што ў рамках бліжэйшых форумаў мы павінны больш увагі ўдзяляць пытанням супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

У чэрвені 2020 года Пагадненне аб узаемным прызнанні віз, рэалізацыя якога дасць магчымасць павысіць транзітную, турыстычную і інвестыцыйную прывабнасць нашых краін.

Урадам удалося знайсці кампрамісы ў пытаннях паставак нафты ў гэтым годзе, будаўніцтва БелАЭС, змянення ўмоў дзяржаўнага крэдытавання.

Разам з тым яшчэ нямала задач чакаюць свайго вырашэння. Адна з асноўных - стварэнне роўных умоў для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. Мы гатовы абмяркоўваць усе прапановы, якія ўмацуюць агульную эканамічную бяспеку.

Аднак важна помніць, што нам не дабіцца сур'ёзных зрухаў, калі не будзем паслядоўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Пазіцыя Беларусі была і застаецца стабільнай і прадказальнай, яна арыентавана на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Упэўнены, у гэтай сітуацыі голас форуму пачуюць урады абедзвюх краін, і ён будзе садзейнічаць вырашэнню гэтых задач.

Думаю, што саміт унясе важкі ўклад у нашу агульную высакародную справу адстойвання гістарычнай праўды, захавання і прымнажэння традыцыйных каштоўнасцей і ідэалаў. Глыбока перакананы, што беларуска-расійскія адносіны і ў далейшым будуць развівацца паслядоўна і дынамічна. Менавіта ў гэтым зацікаўлены нашы брацкія народы.

Дзякую за ўвагу.

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь