Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Выступленне на парадзе ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

3 ліпеня 2017 года
Парад у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
глядзіце таксама: відэа
3 ліпеня 2017 года
Парад у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Парад у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
глядзіце таксама: фота
3 ліпеня 2017 года
Парад у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
22 фота

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці!

Сёння наша краіна святкуе Дзень Незалежнасці. Адзначаць галоўнае дзяржаўнае свята менавіта сёння, 3 ліпеня, мы сталі па волі нашага народа. Гэты выбар сведчыць аб гістарычнай памяці беларусаў і пераемнасці пакаленняў. У нашых сэрцах незалежнасць Беларусі непарыўна звязана з яе вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мы ніколі не забудзем тых, каму абавязаны пазбаўленнем ад нацысцкага прыгнёту. Вялікая Перамога была атрымана дзякуючы гераізму воінаў Чырвонай Арміі і працаўнікоў тылу, стойкасці і адзінству ўсіх савецкіх людзей.

Велізарны ўклад у разгром фашызму ўнёс беларускі народ. Гэта было прызнана сусветнай супольнасцю. Таму наша рэспубліка па праву ўвайшла ў лік дзяржаў, якія заснавалі Арганізацыю Аб'яднаных Нацый.

Мы гордыя тым, што Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, якая праводзіць міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку. Наш нязменны прынцып: роўнасць усіх краін і іх неўмяшанне ва ўнутраныя справы адна адной. Мы выступаем за вырашэнне любых міжнародных канфліктаў выключна за сталом перагавораў.

На жаль, іншыя краіны не пажадалі пераняць такі прыклад. Да чаго гэта прывяло? Ідзе нарастанне глабальнай нестабільнасці. Міжнародная бяспека разбурана. На шлях мілітарызацыі ўступілі краіны Еўропы. Яны ўцягваюцца ў гонку ўзбраенняў і ваенныя прыгатаванні. Злучаныя Штаты Амерыкі разгортваюць тут, ля нашых граніц, сістэму проціракетнай абароны і ўдасканальваюць свой ядзерны патэнцыял.

Наш адказ - сучасная беларуская армія. Яна пастаянна мадэрнізуецца, мабільна, абучана і ўзброена.

Важна адзначыць, што важкі ўклад у павышэнне боегатоўнасці Беларусі ўносіць айчынны абаронна-прамысловы комплекс.

У краіне паспяхова развіваецца ўласнае ракетабудаванне. Можна назваць больш за сотню ўзораў беларускіх вырабаў ваеннага прызначэння, якія ўяўляюць сабой прынцыпова новую, інавацыйную прадукцыю.

Баявы арсенал, якім мы валодаем, сёння будзе паказаны ў час параднага маршу. Кожны зможа пераканацца: у нас ёсць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару.

Палітыка Беларусі мае адкрыты характар. Нам няма чаго ўтойваць. Разам з брацкай Расіяй мы абараняем межы ствараемай намі Саюзнай дзяржавы.

Нашай стратэгічнай мэтай з'яўляецца далейшае развіццё адносін з дзяржавамі - членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Гэта нашы надзейныя партнёры і верныя сябры. Мы звязаны агульнай гісторыяй і разам сёння абараняем свет ад новых пагроз.

У гэты святочны дзень хачу звярнуцца да вас, паважаныя ветэраны! Вы не далі паставіць нашу краіну на калені ў гады самай страшэннай вайны, прынеслі свабоду роднай зямлі. Мы ганарымся вамі і імкнёмся быць дастойнымі слаўнага пакалення пераможцаў.

Дарагія суайчыннікі!

У гэты свяшчэнны для кожнага з нас дзень жадаю вам шчасця, здароўя і дабрабыту, мірнага неба і поспехаў у працы на карысць нашай роднай Беларусі.

Слава героям, якія абаранілі Радзіму ў жорсткіх бітвах!

Слава працаўнікам, якія адрадзілі краіну з попелу і ператварылі яе ў цудоўны край!

Слава беларускай арміі - гаранту непарушнасці рубяжоў Айчыны!

Слава беларускаму народу!

Са святам! З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Ура!

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь