Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выступленне на мітынгу на плошчы Незалежнасці

16 жніўня 2020 года
Удзел у мітынгу на Плошчы Незалежнасці
глядзіце таксама: відэа
16 жніўня 2020 года
Удзел у мітынгу на Плошчы Незалежнасці

Дарагія сябры!

(авацыі)

Дзякуй вам, што прыйшлі.

(бурныя авацыі, словы ў падтрымку Прэзідэнта)

Дзякуй вам, гамяльчане! Мы пражылі з вамі чвэрць стагоддзя цяжкіх гадоў, і вы ніколі мяне не падводзілі.

(авацыі)

Дзякуй вам, землякі-магіляўчане і віцябчане!

(авацыі)

Дзякуй вам, жыхары Брэста і Брэсцкай вобласці!

(авацыі)

Дзе прайшлі самыя цяжкія гады маёй маладосці - ваенныя гады.

Дзякуй вам, гродзенцы!

(авацыі)

Менавіта тады, у сярэдзіне 1990-х, мы пачалі сваю перадвыбарную кампанію з вас, гродзенцы.

Дзякуй вам, мінчане!

(авацыі)

За тое, што вы чвэрць стагоддзя церпіце мяне, чалавека, які прыехаў да вас з правінцыі.

(авацыі)

Дарагія сябры, я паклікаў вас сюды не для таго, каб вы мяне абаранілі, хаця не без гэтага. Вы прыехалі сюды, каб упершыню за чвэрць стагоддзя вы змаглі абараніць сваю краіну, незалежнасць, свае сем'і, сваіх жонак, сясцёр і дзяцей!

(бурныя авацыі)

Я не хацеў вас клікаць на гэту плошчу. Па-першае, я ведаю, у вас вельмі шмат спраў дома. Вы ўбіраеце збожжа. Я ведаю, што хутка ў школу. І ў вас шмат клопатаў, каб падрыхтаваць дзяцей і ўнукаў да гэтай работы. А самае галоўнае, я памятаю тыя 90-я: тут стаялі людзі, рабочыя з каструлямі і чайнікамі, і прасілі есці, прасілі накарміць дзяцей. І я гэта ўсё бачыў вунь з таго акна (мітынг праходзіў каля будынка Дома Урада, дзе ў свой час, з'яўляючыся дэпутатам, працаваў Аляксандр Лукашэнка. - Заўвага). І тады я пакляўся дапамагчы вам і не дапусціць у лёсе беларусаў плошчаў.

(авацыі)

Я не прыхільнік вуліц і плошчаў, я не прыхільнік мітынгаў. Але, на жаль, гэта не мая віна, што мне давялося паклікаць вас на дапамогу.

(авацыі)

Дарагія сябры, тады, у сярэдзіне 1990-х, на мітынгах і плошчах, на жаль, і тут у парламенце мы знішчылі тое, што было дадзена нам Богам: сваю вялікую імперыю, без якой не вырашалася ні адно пытанне ў свеце.

Мы атрымалі крывавы абрубак гэтай імперыі. Што хацелі тады тыя людзі, вы? Вы прасілі кавалак хлеба. Вы прасілі $20 заработнай платы, вы прасілі запусціць, раскруціць, выратаваць заводы. Вы прасілі трактар, вы прасілі камбайн, каб выратаваць сяло. Каб вы маглі працаваць у вёсачцы, каб было малако, мяса і хлеб на гэтых мінскіх прылаўках.

(авацыі)

Вы прасілі тады не прыватызаваць заводы і фабрыкі. Вы прасілі не адбіраць у вяскоўцаў зямлю. Вы прасілі не ўводзіць платную медыцыну і адукацыю. Вы прасілі вярнуць гонар афіцэру і салдату, якія баяліся выходзіць на вуліцу.

(бурныя авацыі)

Карацей, вы прасілі мяне, зусім маладога, нявопытнага чалавека, адвесці народ ад бездані. Мы гэта зрабілі! Мы зрабілі тое, аб чым марылі мільёны папярэднікаў. Мы пабудавалі суверэнную незалежную дзяржаву ўпершыню ў нашай гісторыі! Час выбраў тады нас, і мы гэта зрабілі!

(бурныя авацыі)

Далей я буду гаварыць і звяртацца да вас і не толькі. Наогул не да вас. Я хачу звярнуцца, называючы іх на вы, да тых, хто сёння аблудны, хто сёння дэзарыентаваны. І, можа, каго сёння няма на плошчы. Я хачу спытаць у вас: чаго хочаце вы цяпер? Першае: вы хочаце свабоды? Скажыце, якой?! Вы хочаце перамен? Якіх, што будзем мяняць?! Вы хочаце рэформ? Скажыце, якіх, заўтра пачнём! Вы хочаце "верталётных грошай"? Але вы ж ведаеце, тыя, хто стаіць тут, на гэтай плошчы, што не бывае лёгкіх "верталётных грошай", што грошы трэба зарабляць кожны дзень. І не на плошчы, а ў палях, на заводах і фабрыках.

(бурныя авацыі)

Нехта хоча новых выбараў. За акно паглядзіце! Танкі і самалёты на ўзлёце за 15 мінут ад нашых граніц! І гэта нездарма. НАТАўскія войскі бразгаюць гусеніцамі каля нашых варот. Ідзе нарошчванне ваеннай моцы на заходніх граніцах нашай краіны. Літва, Латвія, Польшча і, на жаль, наша родная Украіна, яе кіраўніцтва загадваюць правесці нам новыя выбары.

(шматлікія воклічы супраць такога кроку)

Калі толькі мы пойдзем на повадзе ў іх, мы сарвёмся ў штопар і ніколі не стабілізуем наш паветраны карабель. Мы загінем як дзяржава, як народ, як нацыя.

(авацыі)

Замест таго каб быць там, на палігонах, на Захадзе, каб прадэманстраваць сваю моц, мы сваіх хлопцаў трымаем на вуліцах і плошчах, каб супакоіць іх (пратэстуючых. - Заўвага). Няўжо гэта нармальна, салдаты?

Нам прапанавалі "ланцуг" (нам прапанавалі тыя) ад Вільнюса да Кіева: "Мы туды паставім больш за 300 тысяч нашых людзей". Гэты "ланцуг" - санітарны кардон, які мы разбурылі ў сярэдзіне 1990-х. І за што так ненавідзяць нас на Захадзе. Мы не павінны стаць санітарнай зонай паміж Усходам і Захадам! Мы не павінны стаць прыбіральняй для Еўропы!

(бурныя авацыі)

Нам прапануюць новы Урад. Яго стварылі ўжо за мяжой. Цэлыя два. Не могуць разабрацца, хто прыедзе намі кіраваць. Але мы памятаем гісторыю. Гэтых урадаў было шмат, і цяпер у Амерыцы сядзіць адзін з іх. Тры іх там. Нам не патрэбны заморскія ўрады! Нам патрэбны свой Урад, сваё кіраўніцтва, і мы будзем яго выбіраць!

(бурныя авацыі, словы ў падтрымку Прэзідэнта)

Нам прапануюць новую ўладу. Нам прапануюць салдат НАТА. Нас хочуць абуць у лапці і паганяць бізуном. Няўжо вы гэтага не бачыце?! Калі нехта гэтага хоча - без мяне. Я ніколі не пайду на злом нашай дзяржавы! Я ніколі не пайду на знішчэнне таго, што створана нашымі з вамі рукамі! Гэтаму не бываць!

(бурныя авацыі)

Але ў мяне, як і ў вас усіх, і тых, хто нас чуе, ёсць дзеці і ўнукі. І я хачу, каб яны жылі, як мы з вамі чвэрць стагоддзя пражылі, на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве! Дрэнна, зусім дрэнна, добра, лепш, але на сваёй зямлі, сваім розумам!

(авацыі)

А цяпер не для мітынгу, але я павінен вам гэта сказаць, паколькі вы прыехалі сюды з далёкага Брагіна, вы прыехалі з Маларыты, з поўначы нашай краіны, усходу і захаду. У мяне, можа, не будзе больш такой магчымасці сказаць вам усім: так, мы праводзілі жорсткі курс, так, некаму мая палітыка, можа, не падабалася, улада не такая. Але мы з вамі гэту ўладу зацвердзілі ў сярэдзіне 1990-х, прымаючы новую Канстытуцыю. Вы тады прасілі навесці парадак. Я вам яго навёў! Вы прасілі без карупцыі і алігархаў. Дзе яны, гэтыя алігархі?

(авацыі)

Вы прасілі ачысціць вуліцы Мінска і дарогі ад бандытаў. Я вам зрабіў гэта!

(бурныя авацыі, словы ўдзячнасці)

Сілай, жалезнай воляй, хлапчукамі, якіх сёння шальмуюць (іх бацькамі), мы бралі зброю, нас былі адзінкі, і мы іх (бандытаў. - Заўвага) квасілі на дарогах! 32 банды ў Мінску. Вялікая колькасць на брэсцкай трасе! Зладзюг і бандытаў, якія забівалі нашых людзей! Мы іх за паўгода ўсіх устаранілі!

(бурныя авацыі)

І я хачу спытаць сёння ў той невялікай кучкі мінскай моладзі: вы пра гэта чулі? Вы хоць чулі, як здзекаваліся гэтыя крымінальнікі над нашымі людзьмі, як яны адбіралі апошнія грошы, як стралялі непасрэдна тут, калі я сядзеў у гэтым будынку? Яны хоць ведаюць, чаго гэта каштавала? Яны дакладна не ведаюць. Напэўна, іх бацькі захварэлі і забылі, і не сказалі ім пра гэта. Дык я вам нагадваю: 32 банды, якія мы знішчылі вось з гэтымі хлопцамі - амапаўцамі, міліцыяй, салдатамі, якія пайшлі за мной.

(бурныя авацыі)

Вы прасілі ў мяне, зусім маладога чалавека, які не ведаў, дзе ўзяць нейкія грошы. Вы рыдалі, вашы жонкі - $20, Аляксандр Рыгоравіч, дзяцей карміць няма чым! Мы далі больш. І толькі сляпы гэтага не бачыць! Так, мы не багатыя. Але не $20 (зарплаты ў краіне. - Заўвага). Як можам, так жывём, але на сваёй зямлі!

(бурныя авацыі)

Вы прасілі вучыць дзяцей, вы прасілі лячыць людзей. Вучым і лечым!

(авацыі)

І лечым не горш за іншых, як паказала нядаўняя гісторыя. Той, хто не сляпы, вазьміце галаву ў рукі. Настаўнікі, урачы, творчая інтэлігенцыя, вазьміце галаву ў рукі і паглядзіце на даныя. Мы пайшлі сваім шляхам у гэтай пандэміі, мы не спынілі краіну, ні адзін завод, ні адну вёску не закрылі. І людзі сёння ўдзячныя нам за гэта!

(бурныя авацыі, словы ўдзячнасці)

Мяне і сёння яшчэ папракаюць: не той шлях, няма сацыяльнай дыстанцыі… А паглядзіце на іх: дыстанцыраваліся яны на мітынгах і плошчах (праціўнікі дзеючай улады. - Заўвага), калі ім з-за мяжы далі каманду? Яны пляваць хацелі на маскі і дыстанцыю адзін ад аднаго! Яны ў чым мяне папракаюць? За тое, што я паўгода, калі ішла гэта страшная хвароба, хваляваўся, каб ні адзін чалавек не захварэў.

(бурныя авацыі)

Мы пабудавалі з вамі пры ўсіх складанасцях, пры ўсіх недахопах прыгажуню краіну! Каму вы яе вырашылі аддаць? Калі нехта хоча аддаць краіну, то нават калі буду мёртвым, я гэтага вам не дазволю!

(бурныя авацыі, словы ў падтрымку Прэзідэнта)

Дарагія сябры! Аб актуальным: я стаю, як перад Богам, - выбары адбыліся. Не можа быць больш за 80% фальсіфікацыі! Не можа быць!

(бурныя авацыі, воклічы адабрэння)

Нам прапануюць новыя выбары. Я толькі што сказаў: акунёмся ў гэта балота - не вылезем ніколі! Нас хочуць гэтым знішчыць, нас хочуць аслабіць. Хто будзе праводзіць гэтыя выбары? Хто пойдзе на гэтыя выбары? Бандыты і крымінальнікі!

Пойдзем на выбары, а працаваць хто будзе? Пойдзем на выбары - загінем, і гэтага хочуць там, за мяжой.

Гавораць, праявілі ці то жорсткасць, ці то лютасць на вуліцах. Дык хто, вы яе парадзілі, гэту жорсткасць? Я яе парадзіў, улада? Яна нам не патрэбна была! Трэба было спыніць іх! Калі б не спынілі, вас бы тут не было. Вы гарбаціліся б перад імі, а яны дзялілі і рвалі б краіну. Пойдзем на выбары - перавернем краіну!

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

Сёння чуваць пагрозы сем'ям ваенных, дзяржаўным служачым - усім, хто стаў побач з Лукашэнкам. Папярэджваю: гуляеце з агнём! І салдаты, і дзяржслужачыя, і рабочыя, і вяскоўцы, і ўрачы, і настаўнікі, наша інтэлігенцыя могуць абараніць сябе (і абароняць) і свае сем'і!

(авацыі)

Я прашу вас, іх цяпер: не чапайце настаўнікаў, ім трэба рыхтавацца да школы! Не чапайце ўрачоў, яны не павінны сёння з "чырвоных зон" (яшчэ COVID-19 нікуды не пайшоў) прыходзіць некуды і апраўдвацца! Не чапайце журналістаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і іх сем'і! Не дай бог нешта здарыцца - адкажаце спаўна!

(авацыі)

Супакойцеся, не падштурхоўвайце людзей да сілавога процістаяння! Не ганьбуйце краіну - мірную, працвітаючую і спакойную, якой усе ў свеце зайздросцілі! У нас з-за гэтага няма сяброў, прыхільнікаў. Усе хочуць, каб мы сталі на калені. Не станем!

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

Але я рэаліст. Паслухайце мяне: спакойнага жыцця яны нам не дадуць. Нават калі яны (праціўнікі дзеючай улады і краіны. - Заўвага) уціхамірацца цяпер, яны выпаўзуць, як пацукі са сваіх нор, праз некаторы час. Імі кіруюць ужо чужыя людзі - лялечнікі. Яны бачаць заходнія граніцы нашай Беларусі тут, пад Мінскам, як у 1939-м, а не пад Брэстам. Гэтаму не бываць! Мы ўсе станем Брэсцкай крэпасцю! Краіну не аддадзім! Беларусы, думайце сваёй галавой, пакуль не позна сёння! Бо заўтра за нас будуць думаць іншыя. Вось у чым каштоўнасць таго, што вы прыехалі падтрымаць не толькі мяне, але і абараніць краіну! Не шкадуйце гэтага часу, які вы патрацілі, каб прыехаць сюды - у цэнтр Мінска!

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

Дарагія сябры, каштоўнасць гэтага дзейства яшчэ і ў тым (што мяне натхняе), што гэтым вы паказалі, хто ў доме гаспадар! Мы чуем іх галасы, мы разумеем, што гэта меншасць. Але і яны павінны лічыцца з меркаваннем пераважнай большасці, з нашым меркаваннем!

(авацыі)

Яны (праціўнікі цяперашняй улады. - Заўвага) крычаць мне: "Ідзі!" Не пытанне! Слухайце, родныя мае, я тут стаю не таму, што моцна ўчапіўся за ўладу. Чвэрць стагоддзя, я аддаў усю сваю маладосць і самыя лепшыя гады служэнню вам і нашай Радзіме.

Не пытанне! Прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць. АМАП пойдзе, армію распусцім і сядзем зноў на плошчы... Чаго і каго тут будзем чакаць? Каго заўтра карміць будзем? Крымінальнікаў і бандытаў выпусціць... Не пытанне! Але забіваць і абдзіраць яны будуць нас і нашых дзяцей. Памятайце гэта! Яны рвуцца да ўлады.

Мы ўжо гэта праходзілі. Нехта не бачыў, а нехта забыў. Навошта паўтараць?! Я вам нагадваю! Нельга гэта паўтарыць! Спыніцеся, не знішчайце сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей уласнымі рукамі!

Мы - смачны кавалак для іх (праціўнікаў спакойнай і мірнай беларускай дзяржавы. - Заўвага), але кавалак невялікі. З'ядуць і не падавяцца. Думайце! Настаў час, вам вырашаць. Я хацеў бы спытаць у іх: што з вамі, беларусы? Вы ж хацелі стагоддзямі "людзьмі звацца"! І памятайце: загубіце - не Лукашэнку - першага Прэзідэнта, гэта будзе пачатак вашага канца! Вы заўсёды будзеце, як ва Украіне, іншых краінах, стаяць на каленях і маліцца невядома на каго.

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

І памятайце, я звяртаюся да іх (апанентаў улады. - Заўвага), а вы прасачыце, каб яны не распальвалі гэты агонь, таму што, як вучыць гісторыя, на папялішчы ніколі не пабудуеш будучыні. Будзеце беднымі, будзеце хадзіць з працягнутай рукой і прасіць кавалак хлеба, які мы сёння можам самі знайсці, вырасціць. Мы ўмеем гэта рабіць! Мы ні ад каго нічога не хочам. Мы хочам, каб не лезлі ў наш дом!

Мы з усімі пытаннямі разбяромся. Я вас папярэджваў: выбары будуць цікавымі, а пасля выбараў будзе яшчэ цікавей. Як у ваду глядзеў.

Беражыце, беражыце Беларусь! Таму што яна ўжо не нам належыць, а нашым дзецям і ўнукам. Мы хоць неяк пражылі свой шлях да сённяшняга дня. А ім што пакінем?! Час вельмі сур'ёзны. Таму я вас сюды паклікаў, каб вы абаранілі краіну, падтрымалі сёння людзей, якія ідуць у бой за вас, за вашу будучыню.

Майце на ўвазе, цяпер шмат усялякай дрэні павыпаўзала і ганьбяць: Лукашэнка такі, у яго недзе грошы, у яго недзе дамы... Не прайшло. Недзе захварэў, недзе памёр ужо... Але я жывы і буду жыць!

(бурныя авацыі)

І помніце, я ніколі вам не здраджваў, ніколі! І я вам ніколі не здраджу!

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

Яшчэ раз паўтараю: вялікі вам дзякуй, што вы паказалі, што вы гаспадары - з Брагіна, Ваўкавыска, Магілёва і Віцебска, вы гаспадары гэтай краіны і гэтай сталіцы. Яны (праціўнікі дзеючай улады. - Заўвага) доўга будуць памятаць, што мы сабраліся тут. Вялікі вам дзякуй! Я стаю перад вамі на каленях упершыню ў сваім жыцці! Вы гэта заслужылі!

(бурныя авацыі)

Дзякуй вам, вяскоўцы, дзякуй, што вы адарваліся ад спраў! Мы заўтра навярстаем, уборку закончым.

Дзякуй вам, рабочыя! Не аддавайце свае заводы нікому, не кідайце рабочыя месцы, бо потым на іх не вернецеся, нічога там не атрымаецца, вы ніколі не адновіце краіну.

Дзякуй вам, ветэраны! За вашу падтрымку, за тое, што вы заўсёды падтрымлівалі мяне!

Дзякуй вам, салдаты нашай арміі! За мір і спакой.

Дзякуй вам!

(бурныя авацыі, словы падтрымкі)

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь