Выступленне на адкрыцці XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў

  • 16

Дарагія сябры, накіроўваючыся да вас на гэты вялікі сход, я падумаў, што яшчэ, напэўна, ніколі не толькі ў гэтай зале, але і ў горадзе-героі Мінску не было столькі герояў. Дазвольце мне ад імя беларускага народа вітаць на гэтым кангрэсе вас - людзей гераічных, якія здзейснілі подзвігі ў жыцці, вучоных, якія забяспечвалі гэтыя палёты і займаліся развіццём касмічнай навукі. Мне вельмі хацелася б, каб з горада-героя Мінска, шматпакутнага горада-героя, які бачыў усё ў сваім жыцці і якому амаль тысячу гадоў, вы паехалі ў добрым настроі і каб гэты кангрэс, наш горад Мінск надалі дадатковы імпульс у вашых асабістых здзяйсненнях, у тых арганізацыях, у якіх вы працуеце. Мы зробім усё для таго, каб вы не пашкадавалі, што прыехалі ў Беларусь.

Паважаныя ўдзельнікі, замежныя госці!

Я яшчэ раз вітаю вас на беларускай зямлі, тых, для каго пакарэнне космасу стала справай жыцця. Стагоддзямі чалавек імкнуўся да зорак, а пераадолеў зямное прыцяжэнне 57 гадоў таму. Па мерках развіцця цывілізацый - зусім нядаўна. Але поспехі, якіх дабіліся спецыялісты гэтай галіны, уражваюць. Сёння ў свеце налічваецца амаль 90 касмічных дзяржаў, сярод якіх і наша Беларусь. 565 чалавек прынялі ўдзел у палётах. Больш за тысячу спадарожнікаў верцяцца вакол нашай планеты.

Мы ганарымся, што ў гісторыю касмічнай эры ўпісаны імёны і беларускіх вучоных і касманаўтаў. Ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на Міжнароднай касмічнай станцыі Алег Навіцкі - гэта нашы землякі, нашы беларусы, адданыя сваёй савецкай радзіме - Беларусі, і другой сваёй радзіме - Расіі, дзе яны часта бываюць і жывуць. Беларускія карані ў Алега Арцем'ева, які цяпер знаходзіцца на арбітальнай станцыі.

Касмічная галіна нашай краіны ўпэўнена развіваецца. Мы паспяхова выпускаем аптычныя сістэмы высокага распазнавання для спадарожнікаў, касмічныя люстэркі, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Сумесна з расіянамі нашы спецыялісты распрацоўваюць перспектыўныя тэхналогіі, прымаюць удзел у праекце стварэння новага касмічнага апарата. Плануюць супрацоўніцтва ў рамках міжнароднай праграмы "Сірыус". Беларусь з'яўляецца паўнапраўным і актыўным удзельнікам Камітэта ААН па выкарыстанні незямной прасторы ў мірных мэтах.

Вы ведаеце, я гэта ўсё пералічыў, і гэта ўсё адбывалася не проста на маіх вачах (мне даводзілася прымаць рашэнні па развіцці касмічнай галіны ў Беларусі). Скажу адкрыта: калі б не было іх - нашых касманаўтаў, наўрад ці мы ў Беларусі ўзяліся б за гэту тэму. Але нам ужо было сорамна пасля распаду Савецкага Саюза не прадоўжыць касмічную тэму ў Беларусі, наколькі гэта магчыма. І сёння мы не шкадуем. Шмат было супраціўлення, размоў. Але, тым не менш, мною былі прыняты рашэнні перш за ўсё таму, што гэта самыя новыя тэхналогіі, найноўшыя тэхналогіі, якія пацягнулі за сабой цэлы сектар эканомікі. Гэта садзейнічае пад'ёму Беларусі на больш высокі ўзровень, таму, каб Беларусь стала ў шэраг высокаразвітых цывілізаваных дзяржаў. Атамная энергетыка, касманаўтыка - гэта новыя напрамкі развіцця Беларусі ўжо ў перыяд яе незалежнасці і суверэнітэту.

І мы не памыліліся, таму што, як я ўжо сказаў, увесь свет аб'ядноўвае свае намаганні ў асваенні космасу. І гэта з'яўляецца рухаючай сілай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сумесная праца вучоных, інжынераў, тэхнікаў, безумоўна, садзейнічае развіццю і іншых галін, росту нацыянальных эканомік.

Яркі прыклад эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы асваення космасу - гэта Міжнародная касмічная станцыя. Запуск першага модуля адбыўся 20 гадоў таму. Ужо тады ў распрацоўцы і зборцы станцыі ўдзельнічалі 15 краін, цяпер яе магчымасці выкарыстоўваюць у сваіх мэтах 100 дзяржаў. На яе борце паспяхова, плённа працуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Гэта арбітальная лабараторыя - узор таго, як у сучасным свеце можна і трэба выбудоўваць партнёрскія і дзелавыя адносіны паміж дзяржавамі і народамі, якія насяляюць планету. Калі хочаце, гэта яркі прыклад з космасу нам, зямлянам, як трэба жыць у гэтым цесным свеце, які хутка развіваецца. Жыць у міры і згодзе. На карысць усіх народаў. На жаль, мы не заўсёды, а то і часта гэтым прыкладам не карыстаемся. У нас на Зямлі нярэдка адбываецца ўсё наадварот.

Такім жа мэтам, высакародным мэтам, служыць Міжнародны альянс аператараў штучных спадарожнікаў Зямлі "ПанГеа". На сувязі з ім знаходзіцца і беларускі апарат "Белінтэрсат-1".

Важна ўсе дасягненні і набытыя ў касмічнай галіне веды накіроўваць на карысць людзей. На вырашэнне праблем экалогіі, папярэджанне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. На забеспячэнне харчовай бяспекі і рацыянальнага землекарыстання. На захаванне прыродных рэсурсаў і біялагічнай разнастайнасці. На вывучэнне незямной прасторы выключна ў мірных мэтах.

Трэба вырашыць шмат задач далейшага асваення космасу. На парадку дня - новыя палёты чалавека на Месяц, пілатаванне караблёў на Марс, пошук і даследаванне іншых прыдатных для жыцця планет.

Дарагія сябры!

Каму як не вам, удзельнікам касмічных экспедыцый, ведаць, што толькі з лініі арбіты можна ўбачыць, якая маленькая наша планета ў маштабах Сусвету. Толькі зірнуўшы ў ілюмінатар, можна ўсвядоміць, што яна - наш агульны дом, клопат аб якім - на плячах усёй сучаснай цывілізацыі, кожнага чалавека.

Там, на вышыні соцень кіламетраў, асабліва зразумела, што мы ўсе - дзеці Зямлі, адна сям'я. І мы ўсе ў адказе за будучыню гэтага лапіка Сусвету. Упэўнены, што менавіта разам, у цесным супрацоўніцтве, мы наблізімся да новых значных вех асваення Сусвету. Толькі ў інтарэсах усяго свету, давяраючы адзін аднаму, мы павінны будаваць нашу касмічную будучыню.

Беларусь гатова да дыялогу, актыўнага ўдзелу ў мірных праграмах і праектах. Мы рады таму, што XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у нашай сталіцы - горадзе-героі Мінску. І я хачу перш за ўсё шчыра ад усёй душы падзякаваць усім тым, хто прыняў гэта рашэнне прыехаць да нас у Мінск. Мы да гэтага вельмі рыхтаваліся, і я асабіста чакаў гэтай сустрэчы з нашымі героямі, тымі, хто прысвяціў сваё жыццё касманаўтыцы.

Хачу пажадаць усім плённай працы, цікавых сустрэч і добрых уражанняў аб нашай краіне, аб нашым талерантным і гасцінным народзе. Далёка хадзіць не трэба, каб спазнаць душу нашага народа. Вам дастаткова паразмаўляць з трыма нашымі касманаўтамі, якія сядзяць у прэзідыуме. І вы зразумееце ўсю палітру і глыбіню душы беларускага народа. Гэта яны - узор, калі хочаце - увасабленне нашага народа.

Я хачу пажадаць усім вам, нашай планеце міру, дабра і абавязкова працвітання. У імя будучыні, касмічнай будучыні! Дзякую вам!