Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў

18 лютага 2018 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў
глядзіце таксама: фота
18 лютага 2018 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў
9 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 лютага прагаласаваў на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у галасаванні на ўчастку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі № 39 Цэнтральнага раёна Мінска, які размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Пасля галасавання Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з журналістамі і адказаў на іх пытанні. У Кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці, пацікавіліся, за каго ён аддаў свой голас. "У нас тайнае галасаванне, не гавораць, за каго. Але павінен вам намёк зрабіць: за дзеючага чалавека, які працуе і прыносіць карысць нашай дзяржаве. Гэта галоўны матыў для мяне як Прэзідэнта, і іншага матыву, напэўна, быць не можа, - заявіў Прэзідэнт. - Таму за актыўнага, дзеючага, працуючага чалавека".

Аляксандр Лукашэнка па просьбе журналістаў таксама пракаменціраваў судзейства адносна беларускага фрыстайліста Антона Кушніра на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. "Яны проста, адкрыта вам скажу як чалавек, які крыху ў гэтым разбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фрыстайл - гэта такі від спорту, дзе любая памарка дорага абыходзіцца, асабліва на Алімпіядзе. Таму неабходна моцная псіхалагічная ўстойлівасць спартсмена. У гэтых адносінах Антон Кушнір заўсёды вызначаецца высокай стабільнасцю ў сваіх выступленнях, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Жалезабетонны мужык, ён не робіць ніякіх памылак. Яны зразумелі, што гэта не проста фіналіст, гэта зноў чэмпіён Алімпійскіх гульняў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў складзе судзейскай калегіі былі ў тым ліку прадстаўнікі Расіі, Кітая і Швейцарыі. "Усе яны працягнулі ў фінал сваіх спартсменаў, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Яны яго паспрабавалі выкінуць у першай спробе кваліфікацыі, а ў другой ім проста нічога не заставалася, як зрабіць яго сёмым, таму што шэсць праходзілі".

"Калі б разумныя былі, то хаця б у фінал пусцілі. Але яны разумелі: пусці яго ў фінал - усім будзе "труба". І зноў беларусы два золата, як і на мінулай Алімпіядзе, могуць заваяваць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў любым відзе спорту лідараў сезона імкнуцца не выкідваць са спаборніцтваў яшчэ на этапе кваліфікацыі, таму што выступленні такіх спартсменаў уяўляюць інтарэс для гледачоў, балельшчыкаў. "Тут і з гэтым не палічыліся, хоць імя яму тут не патрэбна было. Ён выдатна выканаў два скачкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Аб суддзях: я магу зразумець швейцарцаў, не вельмі разумею нашых сяброў кітайцаў, і адмаўляюся наогул разумець нашых старэйшых братоў - расіян. Ну, прайшоў Бураў (расійскі фрыстайліст), трэба другога расіяніна зацягнуць. Цаной беларуса!? Навошта? Вось маральная пазіцыя суддзяў. Таму гэта непарадак, я інакш растлумачыць не магу", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.



"Наша федэрацыя спрабавала пасля гэтага падаць пратэст, перагаварыць па-добраму са сваімі калегамі ў Пхёнчхане - міжнароднай федэрацыяй. Адказ быў зразумела які. Мне давялося ўначы падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць пасольства ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму ў адрас Баха (Прэзідэнт МАК Томас Бах). Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё абнародуем. Мы хаваць гэта не будзем", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што яму ўжо тэлефанавалі з офіса кіраўніка МАК і паведамілі, што далі каманду разабрацца і прыняць меры. "Абурылася ўжо ўся грамадскасць спартыўная, ідуць сігналы, што гэта не нармальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што адпаведныя прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва МАК былі падпісаны ім не толькі як Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, але і Кіраўніком дзяржавы. "Я не думаю, што там будуць прыняты нам на карысць рашэнні. Калі гэтых рашэнняў не будзе, што далей... Значыць, думаю, што гэту размову разам з іншымі размовамі і пытаннямі, якія ўзніклі ў міжнародным спорце, трэба перанесці на пляцоўку Міжнароднага алімпійскага камітэта. За гэтыя 20 гадоў, што я працую Прэзідэнтам НАК, я ні разу не быў на гэтых сесіях, але думаю, што мне трэба там у бліжэйшы час пабываць, каб гэта соннае палітызаванае царства крыху разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах і пачынаюць дзяліць медалі: хто мацнейшы палітычна, той і атрымлівае медаль. Так быць не павінна!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Яшчэ адно пытанне ад прадстаўнікоў СМІ датычылася прапаноў некаторых палітыкаў перанесці з Мінска перагаворы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не гоніцца за лаўрамі міратворца, ёй важней дабіцца хутчэйшага вырашэння канфлікту.

"Мы зацікаўлены ў тым, каб гэты канфлікт або вайна (не ведаю, хто як гэта называе), каб гэта ўсё хутчэй скончылася, спынілася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што наступствы гэтых падзей адбіваюцца і на Беларусі. "Мы зазналі гора, што ні дай бог", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусь за час канфлікту, толькі паводле афіцыйных даных, прыбыло каля 160 тыс. украінцаў. "Я прадаставіў усім роўныя ўмовы з беларусамі, гэта значыць бясплатную медыцынскую ахову здароўя, бясплатную адукацыю, дзіцячыя сады і іншае, камунальныя паслугі і ўсё, як у Беларусі. Вы думаеце, нам танна гэта абышлося? Не. Але людзі трапілі ў бяду", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час еўрапейскія краіны, канстатаваў ён, не ідуць на такія крокі і нават уводзяць квоты на прыём бежанцаў.

Акрамя таго, няспынныя ўзброеныя дзеянні ва Украіне таксама ўплываюць на бяспеку беларускай граніцы. Так, пачасціліся выпадкі канфіскацыі зброі і выбуховых рэчываў. "Калі нехта думае, што гэта жарты або прымаўкі, вы памыляецеся", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ва ўрэгуляванні сітуацыі ў суседняй краіне. "Б'юцца нашы браты. Вайна ідзе, брат супраць брата пайшоў. Ці ж гэта нармальна? Я на гэта спакойна глядзець не магу. Таму гэта трэба заканчваць, ніякаму грамадству гэта не трэба", - перакананы беларускі лідар.



З іншага боку, Прэзідэнт заўважыў, асобным дзяржавам выгадна нестабільнасць ва Украіне. "Яны будуць пастаянна раздуваць гэты канфлікт, каб было горача ў Расіі і Беларусі. Нам трэба разумна зрабіць і спыніць гэты канфлікт. Вось, што галоўнае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца пераносу перагавораў з Мінска, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што так сталі абмяркоўваць у СМІ, што дайшло да скандалу. "Я ведаю, што нікуды гэта пляцоўка не дзенецца. Няўжо еўрапейскія праблемы нехта паедзе ў Азію вырашаць?" - спытаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што такога ж меркавання прытрымліваюцца і ў Германіі. "Мы ж не вядзём перагаворы, а забяспечваем, як мяне папрасілі Пуцін, Парашэнка, Меркель з Аландам. Мы доўга думалі, трэба нам гэта ці не трэба", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, беларускі бок згадзіўся на гэту місію, паколькі сам зацікаўлены ў найхутчэйшым вырашэнні канфлікту.

"Калі знайшлі лепшую пляцоўку - ды гасподзь з імі! Мы сваю ролю ўжо, шчыра кажучы, адыгралі. Якія б ні былі мінскія пагадненні, вайну спынілі", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён прызнаў, што людзі ў зоне канфлікту гінуць да гэтага часу. Але пасля таго, як стартавалі перагаворы ў беларускай сталіцы, ужо не ў такіх маштабах, як было адразу.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, калі будуць дасягнуты дамоўленасці аб пераносе перагавораў у іншыя сталіцы, беларускі бок не будзе гэтаму працівіцца. "Мы асабліва не перажываем за тое, што пайшлі гэтыя размовы. Гэта для мяне не навіна. Нехта хоча Нобелеўскую прэмію міру атрымаць, нехта яшчэ чагосьці хоча. Але хацець не шкодна, трэба разумныя прапановы ўносіць, каб увесь свет не смяяўся", - дадаў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пытанне аб пераносе перагавораў па Украіне не абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Казахстана, як аб гэтым многія пішуць. "Я не тое, што не веру, я ведаю, што гэта пытанне Трамп не ўзнімаў. У некага рукі свярбяць абмеркаваць гэта пытанне і здацца міратворцам. Таму ніякіх там абмеркаванняў не было, сустрэча была кароткая, не да гэтага было. Вы ведаеце яе вынікі: нібыта крэдыты на $7,5 млрд падпісаны, ведаеце, па якіх напрамках - вуглевадароды і іншыя рэсурсы. Гэта было галоўнае, - сказаў Прэзідэнт. - Таму трэба супакоіцца і закрыць гэту тэму".

Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, пацвердзіў гатоўнасць Беларусі накіраваць міратворцаў ва Украіну. Аднак Кіраўнік дзяржавы дакладна выказаў сваю пазіцыю: калі Беларусі даручаць адыграць нейкую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, яна выканае ўсё неабходнае, не займаючы чыю-небудзь пазіцыю.

"Я нават гаварыў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чый-небудзь буду. Я буду дакладна выконваць тое, аб чым вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж - я стану, дамовіцеся вывесці 10 тыс. узброеных сіл Беларусі - мы паставім іх на граніцы, дзе вы скажаце, - адзначыў Прэзідэнт. - Але я не змагу зрабіць тое, аб чым вы не дамовіцеся".

Такая, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, пазіцыя Беларусі - сумленная і адкрытая. "У адваротным выпадку з нашай міратворчасці толку не будзе, калі мы зоймем чыю-небудзь пазіцыю", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

 

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь