Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

17 лістапада 2019 года
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
глядзіце таксама: відэа
17 лістапада 2019 года
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў 17 лістапада на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

"Вы - байцы бачнага фронту", - такімі словамі прывітаў Кіраўнік дзяржавы членаў выбарчай камісіі.

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку № 506 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 Цэнтральнага раёна Мінска, які размяшчаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Пасля галасавання на выбарчым участку Прэзідэнт больш за гадзіну адказваў на пытанні журналістаў. Шматлікія пытанні прадстаўнікоў дзяржаўных, недзяржаўных і замежных СМІ датычыліся як выбарнай тэматыкі, так і знешняй палітыкі - адносін з Расіяй, заходнімі краінамі, вынікаў года ў сельскай гаспадарцы і шмат іншага.

Кіраўнік дзяржавы максімальна падрабязна адказаў на ўсе з іх і прадоўжыў размову, нават калі здалося, што падыход да СМІ ўжо завершаны. У пэўны момант ён пачаў сам мадэрыраваць дыялог, прапануючы задаваць новыя пытанні. Пры гэтым працэс галасавання грамадзян не перапыняўся.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі падтрымаюць людзей, якія будуць канструктыўна працаваць у парламенце. "Для мяне гэта вельмі сур'ёзнае практычнае пытанне. Я не ўтойваў, што будзем падтрымліваць пэўных людзей, якія будуць канструктыўна працаваць у гэтым парламенце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У любой краіне нехта клапоціцца і падтрымлівае таго ці іншага дэпутата або групу дэпутатаў. Мы аб гэтым гаворым адкрыта, не гуляючы ў нейкую дутую дэмакратыю".

"Я як Кіраўнік дзяржавы, адказны па Канстытуцыі за функцыянаванне галін улады, клапачуся аб тым, каб усе яны былі ў парадку. Каб краіне было лепш пасля гэтых выбараў. У гэтым напрамку я працую", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, перад парламентам і яго новым складам стаіць вельмі шмат праблем і задач. "Але я скажу пра галоўную задачу. Мы пабудавалі першую ў Беларусі суверэнную незалежную дзяржаву. І вы, і ўсе мы. Нехта будаваў, але няшмат было людзей, якія цягнулі назад, і цяпер цягнуць, перашкаджаючы развіццю гэтай дзяржавы. Дык вось, клопат усіх галін улады ў Беларусі - захаваць дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасць. Для парламента важна - гэта трэба ўвасобіць у законы. А гэта правілы жыцця ў грамадстве. Вось гэта галоўнае. Усё астатняе кожны будзе па-свойму вырашаць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Кожны ў краіне займаецца сваёй справай. Дэпутаты павінны займацца заканатворчасцю, кадыфікацыяй законаў, каб яны былі больш простымі, даступнымі, прымаць новыя законы. Таму што жыццё ідзе, мяняецца, і трэба не адстаць ад яго", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Раскрываючы некаторыя падрабязнасці свайго выбару, ён сказаў: "Вам і пытацца няма чаго. Калі вы пагледзіце на спіс, вы адразу зразумееце, за каго я галасаваў. Калі чалавека я некалі назначыў, а ён за гэты час нічога дрэннага не зрабіў (толькі добрае), то я за яго маю права прагаласаваць".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўлада падтрымлівае некаторых кандыдатаў у дэпутаты, аднак не навязвае грамадзянам выбар. "Што ў мяне на стале ўжо "ляжаць" 110 дэпутатаў, якіх выберуць, - гэта смех. У нас у мінулым парламенце было некалькі адкрытых, яўных апазіцыянераў і некалькі людзей, якія думалі інакш, чым я. Яны не былі ў апазіцыі, але думалі па-іншаму. Вы што, хочаце сказаць, што яны былі ў спісах 110?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што дзяржава, працоўныя калектывы падтрымліваюць некаторых кандыдатаў у дэпутаты, аднак не збіраюцца навязваць выбар грамадзянам. Да таго ж, звярнуў ён увагу, парламент у Беларусі не з'яўляецца Вярхоўным Саветам. "Якая розніца Прэзідэнту, будзе там тры-чатыры ашалелыя апазіцыянеры або не? Яны ж не будуць вызначаць палітыку парламента і, тым больш, краіны", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яму не хацелася б, каб у парламенце быў шум і адбываліся гадасці.

"Мы будзем выбіраць парламент такі, які будзе працаваць у вашых інтарэсах, калі вы хочаце захаваць галоўнае - суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Калі вы хочаце, каб гэты кавалак зямлі заставаўся заўсёды наш, для вашых дзяцей", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што перажывае за тое, як успрымуць выбары за мяжой, але не празмерна. "Я наконт гэтага перажываць не прывык", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне праводзяць выбары перш за ўсё для свайго народа і па існуючых законах. "Я перажываю за тое, каб нашы выбары былі праведзены згодна з нашымі законамі, Канстытуцыяй. Мы выбары праводзім для сваёй краіны, для свайго народа, каб было лепш у нас. І праводзім так, як мы гэта разумеем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі грамадству не падабаецца, як гэта Прэзідэнт арганізоўвае, яны перавыберуць яго праз паўгода. Будзьце ўпэўнены. І я пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца не буду, калі вы адмовіце мне ў даверы. І ўлады ў цэлым, калі вы адмовіце ў даверы. Таму мы праводзім выбары для сябе. Так, перажываем, каб нас нармальна ўспрынялі ў свеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ні адна краіна не звяртае асаблівай увагі на рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, а ў Беларусі, наадварот, вельмі сур'ёзна ставяцца да іх рэкамендацый.

Што датычыцца тых ці іншых змяненняў у заканадаўства па выбарах, то гэта робіцца паступова. Напрыклад, гучаць прапановы ўвесці прапарцыянальную сістэму на выбарах у парламент. "Я ўпэўнены, што мажарытарная сістэма сябе не зжыла. Многія, памацаўшы прапарцыянальную, ужо вярнуліся да змешанай, а заўтра - да мажарытарнай. І калі паставіць перад народам гэта пытанне, ён падтрымае гэты пункт гледжання. Трэба пакінуць выбары так, як яны ёсць, калі гэта выбары. Гэта ж дэмакратычна - увесь народ выбірае, а не па спісах", - адзначыў беларускі лідар.


Прэзідэнт таксама супраць стварэння фэйкавых партый, у тым ліку праўладных. Ён лічыць, што партыі павінны фарміравацца самастойна, не на грошы розных заходніх фондаў. "Тут няхай фарміруюць партыі. Няхай заслугоўваюць давер свайго народа. З гэтага мы будзем зыходзіць. І, думаю, гэта дэмакратычна. Я катэгарычна супраць усялякай штучнасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, як ён прарэагуе, калі на Захадзе чарговы раз не прызнаюць парламенцкія выбары, Прэзідэнт сказаў: "Гэта іх права. Я буду вельмі расчараваны ў іх ангажыраванасці".

"Сумленна скажу: да гэтых выбараў (у ходзе папярэдніх электаральных кампаній. - Заўвага) я ведаў, якое будзе іх рашэнне. Цяпер не ведаю. Яны яго выпрацоўваюць, глядзяць на гэтыя выбары. Гэта прагрэс ужо, што яны не прыехалі з загадзя падтрыхтаванай загатоўкай, што выбары дрэнныя, мы іх не прызнаём. Цяпер іншая сітуацыя. Яны зразумелі, што Беларусь - гэта цэнтр Еўропы, і нікуды не дзенешся. І што трэба, каб яна была мірнай, не стварала нікому праблем і гэтак далей", - заявіў беларускі лідар. "Справа абсалютна не ў міратворчасці. Гэта была падстава проста, каб выйсці з гэтай дурасці. Ім трэба было выйсці, патрэбна была падстава. Дзякуй, мы гатовы супрацоўнічаць", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што замежныя інвестары маюць патрэбу ва ўмовах, іх не хвалюе склад парламента. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што з пачатку 2019-га інвестыцыі ў беларускую эканоміку склалі $7 млрд, да канца года гэта лічба павялічыцца. І гэта, як кажуць некаторыя, пры "нелегітымным" парламенце, заўважыў ён.

"Пляваць гэтаму інвестару, што тут будзе з парламентам у Беларусі. Ім патрэбны нармальны інвестыцыйны клімат. Назавіце хоць адзін выпадак, калі мы не абаранілі замежныя інвестыцыі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што ў час візіту ў Вену гарантаваў абарону аўстрыйскага бізнесу. "Цікавы нам праект - мы яго падтрымаем. Гэта важна для інвестара, а не тое, як тут Лукашэнка з вамі сфарміруе беларускі парламент", - падкрэсліў ён.

Журналісты пацікавіліся меркаваннем Кіраўніка дзяржавы адносна інцыдэнтаў, часам нават пагроз і зняваг у адрас людзей, якія працуюць на выбарчых участках. "Я ведаю, што гэтым рабіць. Калі ўжо абсалютна шчыра, ну не хочам мы ствараць пэўнай напружанасці вакол нават гэтых скандалаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт назваў байцамі бачнага фронту членаў выбарчых камісій, паколькі ім часам, як паказвае практыка, даводзіцца працаваць у няпростых умовах, сутыкацца з правакацыямі: "Яны сёння на перадавой. Ну, што ж, гэта трэба вытрымаць. Я ж не скарджуся, калі на мяне ўсе шышкі там валяцца - маўляў, і катоў я ў дзяцінстве забіваў, і наглядчыкам быў, і страляў у некага... Чаго я толькі не рабіў. Абсалютная хлусня! Ніколі ў жыцці ў мяне такога не было, можна праверыць. Тым не менш, цэбар гразі вылілі. Я цярплю, не даю ім падставы, каб яны перайшлі да другога этапу - яны думалі, што я з шалёным запалам на гэта буду рэагаваць. Глупства, людзі гэта зразумеюць".

Вяртаючыся да тэмы інцыдэнтаў на ўчастках, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы ўсе гэтыя выпадкі задакументавалі і з гэтымі людзьмі разбяромся ў адпаведнасці з законам. Цяпер не хачу ствараць праблем, паколькі потым некаторыя могуць сказаць, маўляў, гэты дыктатар нахіліў грамадства, людзей, нешта не даваў рабіць і іншае... Трэба пацярпець. З імі мы разбяромся. Вось правядзём выбары - і разбяромся".

Ён расказаў, што аддаў распараджэнне, перш за ўсё міліцыі, спыняць жорстка такія рэчы, асабліва калі пачынаюць трэціраваць сям'ю, расклейваць лістоўкі і пагражаць жыццю старшынь і членаў камісій.

"Абарону яны ад мяне атрымаюць жалезную. Вось тут я ні на каго глядзець не буду, яны павінны гэта разумець. Калі некаму не зразумела, вы мяне ведаеце не першы год ужо, я вельмі хутка магу прыцягнуць да адказнасці такіх людзей, як толькі яны пяройдуць чырвоную рысу. Таму проста трэба крыху пацярпець, а я ведаю, як іх абараніць. Мы гэта робім", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што такія выпадкі будуць жорстка спыняцца. "Жорстка - гэта значыць, калі які-небудзь, выбачайце, дурань пачынае кідацца на выбаршчыкаў, каб яму ўставілі мазгі так, каб яму больш гэтага не хацелася. Вы ведаеце, як гэта ўмеюць міліцыянеры рабіць. Я тут сам вінаваты, што стрымліваў іх: давайце па-чалавечы, спакойна. Але некаторыя гэтага не разумеюць, ужо шэсць такіх выпадкаў на ўчарашні вечар было. Дробязь - шэсць, але я не хачу, каб нават адзін чалавек з камісіі пацярпеў. У чым яны вінаватыя? Яны сядзяць, працуюць, а вы пачынаеце іх трэціраваць", - дадаў Прэзідэнт.

"Адкруцім галаву, павыкручваем рукі тым, хто будзе сябе такім чынам паводзіць", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Але помніце адну рэч - гэта рэпетыцыя галоўных выбараў. Яны мацаюць - на плошчах, недзе на выбарчых участках, яны націскаюць на нашых людзей. А яны (члены выбарчых камісій. - Заўвага) - настаўнікі, урачы, інжынеры, у іх шмат праблем. Яны іх пачынаюць на зуб спрабаваць. Паспрабавалі. Бачаць, што не атрымаецца", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: "Мы сваю краіну нікому не аддадзім, гэта наша краіна, і мы будзем абараняць яе і нашых людзей, як належыць паводле закону".

Рэзюмуючы, Прэзідэнт закрануў тэму нядаўняга візіту ў Аўстрыю і праведзеных там перагавораў: "Я сказаў ім: глядзіце, каб вам не давялося вучыцца нашай дэмакратыі, каб выратаваць Еўрсаюз і кожную краіну ў ім".


Прэзідэнт таксама адказаў на пытанне аб тым, ці мае ён намер балаціравацца на маючых адбыцца выбарах Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трымаецца за гэту пасаду, але лічыць для сябе абавязковым прапанаваць сваю кандыдатуру, а людзі ўжо зробяць выбар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не раз адказваў на пытанні наконт свайго намеру балаціравацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах. "Калі людзі мяне не падтрымаюць на якіх-небудзь выбарах, я на іх не пакрыўджуся. Я папрацаваў ужо вялікую колькасць гадоў, - сказаў ён. - Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не".

Калі грамадзяне цэняць стабільнасць, спакойнае, упэўненае развіццё дзяржавы, яе суверэнітэт - гэта значыць тую палітыку, якая праводзіцца цяперашнім Прэзідэнтам, то яны самі павінны ініцыяваць яго вылучэнне. "Так, мы не багатыя. Не таму, што Лукашэнка дрэнны. Таму што мы дрэнна часам працуем і ў нас няма таго, што ёсць у Расіі і іншых краінах (маюцца на ўвазе запасы прыродных энергарэсурсаў. - Заўвага). Мы сваё багацце з мазаля, як у нас у народзе кажуць, самі, сваімі рукамі ствараем. Разумеючы гэта, вы павінны мяне прасіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адхіліць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду. Паверце, гэта не зусім мяккае крэсла", - запэўніў ён.

"Не думайце, што ў нас прэзідэнцкая ўлада - гэта цараванне, як некаторыя на вуліцах крычаць: "хопіць", пацараваў. Яны, відаць, так і разумеюць гэту пасаду", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца тэрмінаў правядзення выбараў Прэзідэнта, то, паводле закона, яны павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года. І пераносіць гэтыя тэрміны не плануецца. "Летам гэтыя выбары пройдуць. Тут нікуды не дзенешся. Зімой? Неразумна будзе, калі мы пасля гэтых выбараў (парламенцкіх. - Заўвага) адразу назначым чарговыя выбары. І апазіцыя нас пачне дзяўбці, паколькі звычайна пасля выбараў ідзе спад, гэта заўсёды так. І апазіцыя будзе не гатова да гэтых выбараў. Скажа, што Лукашэнка вывеў нас са строю і праводзіць гэтыя выбары для сябе. Таму трэба спад гэты пераадолець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, да вясны спад актыўнасці выбаршчыкаў пройдзе, у краіне людзі будуць задзейнічаны ў падрыхтоўцы да святкавання такіх значных дат, як 75-годдзе Перамогі 9 мая 2020 года, Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Акрамя таго, неабходна арганізаваць і правесці пасяўную кампанію, каб забяспечыць харчовую бяспеку. "Вось гэта мы зробім па-гаспадарску, а потым у перыяд да ўборкі (я так думаю, калі шчыра, яшчэ не займаўся гэтым пытаннем, думаў пра гэтыя выбары) у якім-небудзь прамежку абазначым (дату прэзідэнцкіх выбараў. - Заўвага)", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Журналісты таксама пацікавіліся, ці мае намер Аляксандр Лукашэнка прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах пасля 2020 года, напрыклад, у 2025-м. "Госпадзі, я, можа, да 2025 года не дажыву, не дай бог, - з гумарам адказаў Прэзідэнт. - Хочацца яшчэ пажыць, дзеці малыя, паглядзець, як у іх будзе".

Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб магчымых змяненнях у Канстытуцыю краіны. "Я заяўляў аб тым, што нам трэба ісці да гэтага. Неразумна было б з майго боку заявіць, што мы да прэзідэнцкіх выбараў зменім Канстытуцыю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Элементы новай Канстытуцыі з пункту гледжання Канстытуцыйнага Суда мне прадстаўлены".

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер на падставе многіх прапаноў юрыстаў Канстытуцыйнага Суда можна пераходзіць да наступнага этапу: будзе сфарміравана больш шырокая група спецыялістаў, якія паспрабуюць напісаць праект Канстытуцыі і прадставіць яго кіраўніку дзяржавы. "Я ўжо, калі палічу патрэбным, прадстаўлю яе ўсяму грамадству. І трэці этап - гэта будзе, хутчэй за ўсё, абмеркаванне грамадствам гэтай Канстытуцыі", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тэрмінаў для ўнясення змяненняў у цяперашнюю Канстытуцыю няма. "Ніякія тэрміны я ставіць не маю намеру і не збіраюся. Будзе гатовы варыянт - пойдзем далей да другога, трэцяга, чацвёртага этапу. Менавіта так павінна разгортвацца работа. Спешка тут недапушчальна, гэта сур'ёзнае пытанне: як будзе жыць і развівацца краіна ў будучым", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што, калі ўносіліся прапановы, суддзі Канстытуцыйнага Суда асабіста падпісвалі свае ідэі. "Персанальная адказнасць за лёс краіны, за тое, як яны будуць жыць у гэтай краіне, як дзеці іх будуць жыць. Мяне здзівіла і ўзрадавала, што людзі не збіраюцца ламаць цяперашнюю Канстытуцыю. Адказнасць павінна быць за гэты дакумент", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра знешнюю палітыку краіны, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь нікому не пагражала і не будзе. "Натаўцы і Захад ацэньваюць як самую ў СНД мабільную, дысцыплінаваную, баяздольную армію (беларускую. - Заўвага), - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Расія перасягае нас па аб'ёме і па ядзернай зброі. А самымі баяздольнымі, я чытаю іх меркаванні, яны ацэньваюць нас".

"Але мы ніколі нікому не пагражалі і ніколі не будзем пагражаць. З нашай тэрыторыі пагроз ніколі не будзе. Толькі ў адказ і адэкватныя, сіметрычныя, але калі далёка зойдуць, і асіметрычныя адказы на іх дзеянні", - заявіў Прэзідэнт.

Прэзідэнту былі зададзены шматлікія пытанні, якія датычыліся адносін Беларусі з іншымі краінамі, у тым ліку з Расіяй і заходнімі дзяржавамі.

"З Расіяй мне лягчэй весці перагаворы, таму што мы адзін народ, мы гаворым на адной мове, мы думаем аднолькава, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - З расіянамі мне заўсёды было камфортней, мы з імі сябры. Вядома ж, мы розныя краіны, у нас ужо, напэўна, ёсць і нейкія свае мэты і задачы. Расія - вялікая краіна, у нас іх, можа, менш, але таксама хапае".


Наконт беларуска-расійскіх адносін Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Паколькі ў нас шмат пытанняў, якія трэба было вырашыць даўно, але мы не вырашылі, ствараецца ўражанне, што ў нас напружанасць з Расіяй шалёная. Але гэта напружанасць характэрна толькі братэрскім, дружалюбным краінам".

"Што датычыцца ЗША, яны ад мяне ніколі нічога не патрабуюць", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён нагадаў, што раней быў такі распаўсюджаны тэзіс - або Захад, або Усход, вызначайцеся, беларусы, вы з намі або з імі. "Цяпер я сустракаўся з амерыканскімі палітыкамі высокапастаўленымі, я ведаю іх пазіцыю. Яны заўсёды пачынаюць з гэтага: мы не ставім перад вамі, спадар Прэзідэнт, пытанне, з кім вы, з намі або з Расіяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што за час пацяплення адносін яны ніколі перад Беларуссю ніякіх такіх пытанняў не ўзнімалі.

"Таму калі ў Расіі нехта заклапочаны, што амерыканцы ўжо нас пацягнулі на Захад, гэта глупства поўнае. З Лукашэнкам Беларусь ніхто на Захад не пацягне. Я ведаю сваю ролю, сваё месца, ведаю, як мяне там ацэньваюць, нас у цэлым. Мы краіна суверэнная і незалежная. І я менавіта так буду ставіць гэтыя пытанні і весці дыялог", - запэўніў Прэзідэнт.

"Напрыклад, на форуме ў Вене я адказаў на галоўнае пытанне - вашы інвестыцыі будуць абаронены поўнасцю. А інтарэс велізарны, не толькі аўстрыйцаў, немцаў, з усёй Еўропы прыехалі акулы бізнесу, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Будуць абаронены інтарэсы. У нас не было факта, каб мы падставілі некага і нехта страціў інвестыцыі. Мы будзем рабіць усё, як мы з вамі дамовімся. Прынцып адзін - калі вы, аўстрыйцы, прыходзіце да нас - працуйце, як у Аўстрыі, цаніце наш народ, нашу краіну, паважайце. Процілеглае мы не прымаем".

Журналісты адзначылі, што, калі Беларусь развівае адносіны з Еўрасаюзам, яе крытыкуюць у Расіі, а калі рэспубліка паглыбляе ўзаемадзеянне з усходнім партнёрам, то тады ўжо рэзаніруе на Захадзе.

"У нас з блокам НАТА дагавора аб цесным партнёрстве, як у Расіі, няма. У нас няма, на жаль, і пагаднення з Еўрасаюзам, якое мае Расійская Федэрацыя. Яны і ў СГА ўступілі, і нас падцягваюць да гэтага", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што, улічваючы ўсё гэта, не разумее прэтэнзіі расійскага боку да Беларусі, якая выбудоўвае адносіны з заходнімі партнёрамі. "Я асабліва не напружваюся ў гэтым плане, проста тлумачу, што мы нікуды не ідзём - ні на Усход, ні на Захад. Вось наша зямля - мы жалезна будзем тут і ні метра нікому не аддадзім, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ні Захаду, ні Расіі не трэба напружвацца: мы будзем заўсёды на сваім месцы ў рамках тых меж, якія існуюць. Але на каленях больш ні перад кім поўзаць не будзем".

Кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам, што не будзе падпісваць ні адзін з дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, калі ён будзе супярэчыць беларускай Канстытуцыі. "Ні адзін дакумент мною не будзе зацверджаны і падпісаны, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам жыцця нашага грамадства. А самыя галоўныя прынцыпы - гэта суверэнітэт, незалежнасць нашай дзяржавы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Таму не трэба ніякай канспіралогіі, тут вядзецца ўсё адкрыта. Прэм'ер-міністр ужо сказаў, гэта выпрацаваная пазіцыя: калі не будуць вырашаны нашы прынцыповыя пытанні (па пастаўках вуглевадародаў, адкрыцці як належыць рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар'ераў і іншае), ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаны".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь - не нахлебніца і не хоча ёю быць. Ён прывёў у прыклад ЗША, якія пачалі гандлёвую вайну з Кітаем "з-за дэфіцыту ў гандлёвым балансе на сотні мільярдаў долараў". "А вы ведаеце, які дэфіцыт у гандлі ў нас з Расіяй? Пад дзевяць мільярдаў долараў штогод. Дзе мне ўзяць гэтыя дзевяць мільярдаў, каб заплаціць Расіі за тыя тавары, якія мы купляем? Гэтыя грошы трэба зарабіць на расійскім рынку. А нам выбудавалі бар'еры і не пускаюць туды па асобных відах тавараў. Гэта правільна? Не. Вядома, мы з Расіяй ваяваць не будзем, як Амерыка з Кітаем. Але гэта няправільна", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі краіны ўступаюць у аб'яднанні, яны разлічваюць паступова палепшыць сваю эканоміку. "Што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы ў эканоміцы пастаянна нешта страчваем і страчваем. Каму патрэбны такі саюз? - спытаў ён. - Вось наша пазіцыя. Аб гэтым ведае Прэзідэнт Расіі. Мы з ім сябры, я яму адкрыта магу гэта сказаць. Ён мне можа сказаць".

Калі б гандаль з Расіяй быў больш ці менш роўны, Беларусь магла б падцягнуць іншыя рынкі і стаць багацейшай, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Што гэта за саюз, калі мы кожны год страчваем і ўмовы пагаршаюцца. Гэта ненармальна. Таму, калі гаварыць пра эканоміку, мы ні на што не прэтэндуем і нічога не просім. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, проста людзей. Вось гэта будзе саюз. І тады вы ніколі камень не кінеце ў бок Расіі, ды і мы заўсёды будзем вітаць такі саюз. Таму не перажывайце: я не меншы патрыёт, чым вы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тратах на ўтрыманне сумесных з Расіяй аб'ектаў. "Мы некалі лічылі. Я не стану называць лічбы, каб потым мяне там, у Расіі (калі не вы, дык нехта іншы)... Яны заўсёды выбіраюць якое-небудзь слова і пачынаюць бамбіць так, як ім хочацца, хоць я нават не меў на ўвазе гэтага", - сказаў Прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў каментарыі ў расійскіх СМІ вакол нядаўняга рашэння Беларусі перагледзець дагавор аб ахове дзяржграніцы. "Сказалі, што Лукашэнка хоча больш грошай на граніцу. Не трэба больш. Пакуль няхай палову аддадуць таго, што мы трацім", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што мэтай змяненняў павінна стаць узмацненне аховы граніцы.

Успомніў Прэзідэнт і аб папроках у СМІ вакол куплі Беларуссю расійскіх самалётаў Су-30СМ - нібыта іх хацелі купіць ледзь ці не бясплатна. "Я нічога бясплатна не хачу. Я хачу, каб гэта была прымальная цана. А калі вы нашым ваенным, якія будуць абараняць і Расію, паставіце ўзбраенне бясплатна, у арэнду і гэтак далей, думаю, у Расіі людзі гэта зразумеюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Асобна Прэзідэнт закрануў абаронную тэматыку і затраты Беларусі на ўтрыманне агульнай з Расіяй сістэмы проціпаветранай абароны. "Ад Чорнага мора да Балтыкі мы бачым усё. І ў Расіі на гэтым напрамку нічога няма. Каб аднавіць гэта, напрыклад, калі яны захочуць, пад Смаленскам, уявіце, колькі трэба грошай, каб кожны дзень бачыць, чуць нават не ў Беларусі, а ў краінах НАТА. Уявіце, якія гэта затраты!" - сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў свой час згадзіўся, каб беларуская сістэма ППА працавала і ў інтарэсах Расіі, была сумеснай. "Я на гэта пайшоў. Мы ў іх грошай не прасілі. Але калі яны пачалі лічыць грошы і нам выстаўляць рахункі на прыродны газ, іншую сыравіну, падатковы манеўр правялі і кажуць, што мы нахлебнікі... Добра. Давайце будзем лічыць, плаціць адзін аднаму, калі яны хочуць. Я лічу, гэта не наш шлях. Мы родныя, блізкія - беларусы і расіяне. Нам няма чаго дзяліць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Навошта мы гэта робім? Не мы ў гэтым ініцыятары".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што пяць-сем гадоў таму Беларусь прадставіла лічбы сваіх затрат на сумесныя праекты. "І ведаеце, ніхто нікому не вінен. А цяпер сітуацыя яшчэ больш абвастрылася. Вы ж бачыце, што адбываецца: НАТА і іншыя войскі, абарона, ракеты сярэдняй і малой далёкасці і гэтак далей. Я нядаўна ўладам Расіі гэта ўсё выклаў у вузкім коле і сказаў: добра, мы пачакаем, можа, і мы калі-небудзь вам спатрэбімся, - адзначыў Прэзідэнт. - Справа не ў лічбах. Я не бухгалтар і не збіраюся гэта лічыць, але калі трэба - палічым. Гэта каштуе нятанна".

Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне прадстаўніка польскага СМІ, заявіў, што Беларусь заўсёды гатова да цесных адносін з Польшчай. "Для Польшчы мы заўсёды адкрытыя, гэта адна з самых блізкіх нам краін. Калі ў нас нешта не атрымалася (а не атрымалася многае), то гэта не да мяне пытанні - гэта да вашых палітыкаў, - адказаў Аляксандр Лукашэнка польскім журналістам. - Калі вы гатовы і хочаце з намі мець вельмі цесныя, дружалюбныя адносіны, мы гатовы да гэтага. Гатовы былі заўсёды".

На думку Прэзідэнта, калі паміж краінамі пачалі завязвацца такія адносіны, Польшча пачала падыгрываць Еўрапейскаму саюзу і ЗША. "Вы ведаеце, пад чыю дудку часам скача Польшча. Але гэта моцная дзяржава, якая ўжо мае сваю пазіцыю ў Еўрасаюзе. Мы гэта цэнім. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць - калі ласка, давайце. Толькі ніколі не хлусіце палякам, што мы тут з Расіяй ствараем нейкі альянс, каб выставіць танкі супраць вас. Ніколі гэтага не будзе ні ў адносінах да вас, ні ў адносінах да Украіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі і Польшчы ёсць аснова для развіцця супрацоўніцтва, таму краіны павінны рухацца насустрач адна адной.

Адказваючы на пытанне, чаму ён не паехаў у Варшаву на гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны, Прэзідэнт звярнуў увагу: у гэтым няма ніякай канспіралогіі. "Вы ж не папракаеце Трампа, што ён не паехаў? Абяцаў прыехаць і не прыехаў. Я лічу, што збірацца кіраўнікам дзяржаў наконт гэтага, рабіць нейкі выгляд, нажываць на гэтым палітычныя ачкі, нельга: святое. Я недалюбліваю такія мерапрыемствы", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць, што польскі бок дарэмна не запрасіў кіраўніцтва Расіі на гэта мерапрыемства. Гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, было вельмі грубай памылкай. "Расія, Беларусь, Украіна і іншыя рэспублікі адыгралі каласальную ролю ў вызваленні Польшчы ад нацызму. І раптам не запрасіць... Вы зрабілі няправільна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Падчас размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер наведаць Латвію ў першым-другім квартале 2020 года. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да візіту, і ён вельмі чакае магчымасці наведаць Латвію. Але паездка павінна быць добра прапрацавана, прынесці карысць, таму неабходны час для падрыхтоўкі.

"Я бачу імкненне латвійскіх улад і грамадства да таго, каб прыняць з візітам Прэзідэнта Беларусі як прадстаўніка беларускага народа. Я гэта бачу і вельмі цаню, мы цяпер інтэнсіўна працуем над гэтым пытаннем. Думаю, што на працягу першага квартала - пачатку другога мы будзем гатовы да гэтага. Я з вялікім задавальненнем чакаю гэтага візіту, прыеду да сваіх блізкіх суседзяў. Гэта наш дружалюбны, брацкі народ, з якім мы жылі ў адной дзяржаве і заўсёды ладзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што яго патрабаванні пры планаванні ўсіх замежных паездак адзіныя - дасканалая прапрацоўка і эфектыўнасць. Так было і з візітам у Аўстрыю, хоць у прэсе і паведамленнях некаторых блогераў прыводзіліся розныя домыслы аб тым, чаму менавіта ў гэту еўрапейскую краіну накіраваўся Аляксандр Лукашэнка. "Прычына адна - мы гатовы былі весці перагаворы ў Аўстрыі, і Аўстрыя была гатова да гэтых перагавораў. Гатоўнасць гэта была самая высокая. Таму я паехаў у Аўстрыю. Толькі гэта. Ніякіх турыстычных паездак", - канстатаваў ён.

"Гэтак жа я зыходжу з таго, што мне трэба паехаць у Латвію вырашаць там нейкія пытанні. Пытанняў, каб пашырыць адносіны з нашай суседняй краінай, - вельмі шмат", - удакладніў беларускі лідар.

Адказваючы на адно з пытанняў журналістаў на выбарчым участку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў глабальнасць сучаснага свету і працэсаў, што адбываюцца ў ім. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што цяпер практычна не існуе сцен і бар'ераў для перамяшчэння і стасункаў людзей. Няправільна перашкаджаць, калі хто-небудзь жадае паехаць на работу за мяжу, у некаторых сферах, як навука, без міжнародных кантактаў наогул немагчыма развівацца, канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу навіны аб тым, што ў Польшчы актыўна прымаюць на работу ўрачоў з-за мяжы. "Нядаўна самі польскія ўрачы абурыліся, што іншаземцаў шмат прыязджае. Палічылі. Аказваецца, там слёзы - каля 200 беларускіх урачоў з сярэдняга персаналу туды паехалі. А колькі вярнуліся...", - заўважыў Прэзідэнт.

"Свет такі цяпер. Свет глабальны. Усе перамяшчаюцца туды-сюды. Сілай не ўтрымаеш", - падкрэсліў беларускі лідар.


У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што станоўча ацэньвае вынікі года ў сельскай гаспадарцы. "Год быў добры. Не ідэальны - добры, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ён лепшы, чым мінулы год. Вы ведаеце, што мне давялося прымаць вельмі жорсткія рашэнні. Напрыклад, нікуды не варты такі падзеж жывёлы. Гэта недапушчальна".

Ён расказаў аб дасягненнях года і некаторых недахопах у рабоце ў вёсцы, а цяпер закладваецца аснова новага ўраджаю. "Мы вельмі шмат зрабілі за гэты год і па будаўніцтве базы сельскай гаспадаркі - ферм, машынных двароў, збожжатакоў, недзе дарог, сацкультбыту", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама паведаміў, што краіна экспартуе сельгаспрадукцыі на $5 млрд і попыт на яе расце. "Калі Расія там упарціцца: будзем - не будзем купляць, - калі ласка. Мы больш паставілі на кітайскі рынак. У Эміратах я быў - яны зацікавіліся і інвесціруюць у нашу сельскую гаспадарку. Патрэбнасць у прадуктах харчавання будзе заўсёды, і яна расце. Таму гэта бяспройгрышны варыянт", - упэўнены беларускі лідар.

Ён адзначыў, што разам з тым у вёсцы трэба вырашаць яшчэ шмат праблем і ў бліжэйшы час адпаведныя пытанні будуць разглядацца па Віцебскай вобласці. "Калі я пачынаю думаць аб вырашэнні пытанняў сельскай гаспадаркі заўтра, цяжкавата становіцца. Гэта да таго, што Прэзідэнт Беларусі не цар, які сядзіць і спачывае на лаўрах. Даводзіцца займацца вельмі многім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у час размовы з журналістамі адказаў і на шэраг іншых пытанняў, адно з якіх датычылася моўнага пытання ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне моўнае пытанне вырашана раз і назаўсёды. Разам з тым ён не выключыў, што роля беларускай мовы з часам абавязкова будзе ўзрастаць. "Яна павялічваецца ўжо. Але пытанне мовы ў нас вырашана раз і назаўсёды", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адпаведную заяву ён зрабіў і ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў красавіку бягучага года. "Не ўзнімайце гэта пытанне наогул, яно закрыта ў Беларусі. У нас дзве дзяржаўныя мовы - руская і беларуская. Не ўкраінская, не расійская, а руская. Вы разумееце - руская, у якую мы душу ўклалі. Людзі гінулі, разам з рускімі ваявалі. Гэта наш агульны здабытак, - сказаў тады Прэзідэнт. - Калі хто-небудзь хоча страціць розум, ён страціць рускую мову! Калі ён хоча страціць сваё сэрца, ён страціць беларускую мову! Што вы хочаце страціць - розум або сэрца?"

Прэзідэнт таксама выказаўся аб ролі Кастуся Каліноўскага ў гісторыі. "Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі, там было вельмі шмат нюансаў. Я сваіх палітыкаў і вучоных перасцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не ўдарыліся ў якую-небудзь палітыку, - прызнаўся беларускі лідар. - Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават як гісторык баіцца глыбока паглынацца ў гэту праблему, і прывёў у прыклад сітуацыю з Курапатамі, якую, на яго думку, таксама спрабуюць палітызаваць, маўляў, "вось там Сталін усіх расстрэльваў". "Прыйдуць заўтра камуністы да ўлады - яны будуць гаварыць, што там расстрэльвалі іншыя, у тым ліку і фашысты. Калі вы мяне вымусілі акунуцца ў гэту праблему, я дастаў усе архівы, якія ў нас ёсць, і ўбачыў, што не ўсё там адназначна: хапала і тых, і іншых. І хопіць уцягваць грамадства ў гэту дыскусію: людзі ўжо наеліся. Таму я вырашыў гэтыя могілкі, дзе пахаваны людзі, бязвінна забітыя (няважна, кім), абгарадзіць, прывесці ў парадак, каб не выгульвалі там сабак і каб тыя, хто туды хоча прыйсці памянуць людзей, маглі памянуць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што іх кранаць нельга. "Гэта мая пазіцыя. Пахавалі чалавека - няхай ён там спакойна ляжыць", - лічыць Прэзідэнт.

"Я хачу, каб гэтыя праблемы не раз'ядноўвалі, а аб'ядноўвалі народ", - рэзюмаваў беларускі лідар.

"Дзякуй! Поспехаў вам, дабра і сур'ёзнага стаўлення да праблем, якімі вы займаецеся. Цяпер надышоў такі час, што ад вашага слова залежыць вельмі многае. Не толькі ад майго, але і ад вашага", - сказаў на развітанне Аляксандр Лукашэнка.

Пасля адказаў на пытанні журналістаў Кіраўнік дзяржавы пагаварыў з палітыкам Таццянай Караткевіч, якая прысутнічала на выбарчым участку. Ён таксама падарыў каробку цукерак адной пажылой выбаршчыцы, якая дабралася да ўчастка пры дапамозе інвалідных хадункоў.

Напаследак Прэзідэнт яшчэ раз звярнуўся да членаў участковай выбарчай камісіі і папрасіў ў іх прабачэння за магчыма дастаўленыя нязручнасці.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь