Бел
Галоўная   /  Падзеі

Віншаванне з нагоды 550-годдзя аднойдзення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра

20 мая 2020 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальнае пасланне суайчыннікам з нагоды 550-годдзя аднойдзення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзя заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нерукатворны вобраз Прасвятой Багародзіцы на гранітным камені з'яўляецца адной з галоўных праваслаўных святынь Беларусі, шануемых ва ўсім хрысціянскім свеце.

"Усведамляючы важнае значэнне духоўнага складніка ў фарміраванні традыцый беларускага народа і захаванні яго культурнай спадчыны, дзяржава аказвае ўсямерную падтрымку ў аднаўленні Жыровіцкага манастыра. Нястомныя малітвы яго насельнікаў абуджаюць у людзях дабро і любоў, надзею і міласэрнасць, аб'ядноўваюць у час любых выпрабаванняў", - гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што манастыр і далей будзе заставацца вядучым цэнтрам праваслаўнай асветы, падтрымліваць нацыянальныя традыцыі талерантнасці і верацярпімасці, садзейнічаць умацаванню этнаканфесійнай згоды і стабільнасці ў грамадстве.

"Жадаю моцнага здароўя, невычэрпнай веры, поспехаў ва ўсіх пачынаннях у імя высокіх ідэалаў хрысціянства і працвітання беларускага народа", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь