Віншаванне з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

    Дарагія суайчыннікі!

    Віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

    У гісторыі любой нацыі існуюць вехі, якія вызначаюць яе лёс, яе будучыню. 3 ліпеня - гэта дзень нашай славы і гонару, памяці аб мінулым і гордасці за сучаснасць.

    Беларускі народ мужна абараняў сваю Радзіму ад захопнікаў. Праз войны і разруху, праз кроў і слёзы многіх пакаленняў мы ішлі да сваёй незалежнасці.

    За апошнія гады шмат што змянілася: і краіна, і людзі, якія жывуць у ёй. Нязменным засталося жаданне кожнага з нас жыць у свабоднай і мірнай дзяржаве.

    Беларусам не патрэбны ўзрушэнні, войны і рэвалюцыі, спекуляцыя на дэмакратыі і правах чалавека. У нас ёсць вывераныя часам ідэалы і каштоўнасці, і мы нікому не дазволім навязваць іншае.

    Сёння з поўным правам можна сцвярджаць: Беларусь XXI стагоддзя - стабільная дзяржава, якая цвёрда ідзе па шляху самастойнага развіцця.

    У нашай краіне пануюць мір і парадак. Беларускі народ адзіны, а аб'ядноўвае яго галоўнае - клопат аб умацаванні Айчыны і добрасумленная праца дзеля дасягнення гэтай мэты.

    Няхай у кожным доме, кожнай сям'і будзе шчасце, здароўе, дабрабыт і дастатак. Працвітання нашай роднай Беларусі!

    Аляксандр Лукашэнка