Віншаванне з Днём моладзі

    Дарагія юнакі і дзяўчаты!

    Ад усяго сэрца віншую з Днём моладзі.

    Гэта свята самай ініцыятыўнай, таленавітай і мэтанакіраванай часткі грамадства, яркімі здзяйсненнямі якой ганарыцца і захапляецца ўся Беларусь.

    Значныя адукацыйныя і навуковыя праекты, паспяховыя стартапы, спартыўныя медалі, перамогі на творчых конкурсах пастаянна пацвярджаюць, што вы знаходзіцеся на правільным шляху. А ў краіне робіцца ўсё магчымае, каб увасабляліся ў жыццё вашы самыя смелыя мары.

    Вам пашчаслівілася нарадзіцца і вырасці ў суверэннай дзяржаве, пабудаванай на трывалым фундаменце шматвяковай гісторыі беларускага народа.

    Яго гераізм у час Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца асаблівай старонкай гэтага летапісу. Праз некалькі дзён мы адзначым знакавую дату - 75-годдзе вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. У гады ліхалецця вашы равеснікі змагаліся за Радзіму з неверагоднай мужнасцю, самаадданасцю і патрыятызмам. Іх уклад у агульную перамогу над фашызмам сапраўды велізарны.

    Вы дастойныя нашчадкі і прадаўжальнікі слаўных традыцый гераічнага пакалення. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават пад мірным небам.

    Перакананы, сваімі новымі дасягненнямі вы яшчэ не раз здзівіце сучаснікаў і назаўсёды ўвойдзеце ў гісторыю роднай краіны.

    Жадаю вам невычэрпнай энергіі, упэўненасці ў сваіх сілах і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.

    Аляксандр Лукашэнка