Віншаванне з 75-годдзем утварэння Гродзенскай вобласці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Гродзенскай вобласці з 75-годдзем яе ўтварэння.

    "Навейшая гісторыя рэгіёна вядзе адлік з 20 верасня 1944 года, калі ў найскладанейшы час пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў была створана вобласць з цэнтрам у старажытным горадзе Гродна. Ваша плённая праца і шчырая любоў да малой радзімы ўзнялі яе з пасляваенных руін, зрабілі цудоўным і працвітаючым краем, якім сёння ганарыцца ўся краіна", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Гродзенская вобласць славіцца сваімі традыцыямі, заснаванымі на працавітасці, гасціннасці і сардэчнасці. "Спрадвеку гэта зямля энергічных і моцным духам людзей, ініцыятыўных, дзейных і таленавітых", - адзначыў ён.

    "Нязменна высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы вывелі вобласць у лік лідараў па вытворчасці прадуктаў харчавання і з'яўляюцца прыкладам для аграрыяў нашай рэспублікі. Неацэнны ваш уклад у захаванне нацыянальнай духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё прамысловага і турыстычнага патэнцыялу краіны", - канстатаваў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што энергія, настойлівасць і мэтанакіраванасць і ў далейшым будуць для жыхароў рэгіёна вернымі спадарожнікамі ў рэалізацыі маштабных планаў і задач на карысць роднай Беларусі.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў жыхарам Гродзенскай вобласці поспехаў ва ўсіх пачынаннях, моцнага здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.