Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмяняліся віншавальнымі пасланнямі з нагоды 25-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна і ўвесь дружалюбны народ Кітая з 25-й гадавінай устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

    "За чвэрць стагоддзя пройдзены значны шлях у станаўленні і развіцці беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння, заснаванага на прынцыпах роўнасці і паважання інтарэсаў адзін аднаго, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ганарымся, што ў Беларусі і Кітая склаліся сапраўды саюзніцкія адносіны. Дасягнуты беспрэцэдэнтна высокі ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што дыялог паміж Беларуссю і КНР будзе і ў далейшым паглыбляцца і ахопліваць усё новыя сферы.

    "Вялікія перспектывы мы бачым ва ўзмацненні інвестыцыйнага складніка, актывізацыі прамых сувязей паміж рэгіёнамі. Беларусь будзе і далей прыкладаць усе намаганні па эфектыўнай рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", будаўніцтве Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" як апорнай кропкі і "жамчужыны" Эканамічнага пояса Шаўковага шляху", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прэзідэнт упэўнены, што юбілейны год азнаменуецца плённым развіццём двухбаковых адносін, інтэнсіўным культурным абменам, новымі кантактамі, ідэямі і напрамкамі ўзаемадзеяння.

    Старшыня КНР Сі Цзіньпін таксама ад імя кітайскага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ з 25-годдзем устанаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін.

    У віншаванні гаворыцца, што дружба паміж кітайскім і беларускім народамі мае доўгую гісторыю. Цяпер кітайска-беларускія адносіны характарызуюцца ўстойлівым развіццём, узровень двухбаковага супрацоўніцтва бесперапынна павышаецца.

    "Палітычны ўзаемадавер з'яўляецца трывалым, мы аказваем адзін аднаму цвёрдую падтрымку па важных пытаннях, якія датычацца інтарэсаў нашых краін, - адзначыў Старшыня КНР. - На фоне сумеснага будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху" прагматычнае супрацоўніцтва ў розных галінах з'яўляецца плённым. Абодва бакі падтрымліваюць цесныя кантакты і ўзаемадзеянне па міжнародных пытаннях".

    Сі Цзіньпін лічыць, што кітайска-беларускія адносіны служаць узорам міждзяржаўных адносін і адыгрываюць важную ролю ў садзейнічанні рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасці і міру.