Бел
Галоўная   /  Падзеі

Віншаванне з Днём будаўніка

12 жніўня 2017 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў будаўнічага комплексу з прафесійным святам - Днём будаўніка.

"Важнасць вашай дзейнасці цяжка пераацаніць. Намаганнямі архітэктараў, праекціроўшчыкаў, рабочых узводзяцца жылыя дамы, аб'екты прамысловасці і сельскай гаспадаркі, транспартнай і камунальнай інфраструктуры, школы, бальніцы, палацы культуры і спартыўныя арэны - усё тое, без чаго немагчыма ўявіць сучаснае жыццё", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што айчынныя будаўнікі па праву могуць ганарыцца сваімі дасягненнямі. "Выкарыстоўваючы багаты вопыт і ўкараняючы перадавыя тэхналогіі, яны паспяхова вырашаюць задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Іх высокі прафесіяналізм шырока запатрабаваны не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што шматлікія будаўнічыя калектывы Беларусі і ў далейшым будуць верныя сваім слаўным традыцыям.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь