Віншаванне Прэзідэнту Ісламскай Рэспублікі Іран Хасану Раўхані

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Ісламскай Рэспублікі Іран Хасану Раўхані з нагоды 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі.

    "З задавальненнем хачу адзначыць высокі ўзровень дыялогу, які мы змаглі дасягнуць за мінулую чвэрць стагоддзя. Нягледзячы на знешнія перашкоды, у цяжкі час Мінск і Тэгеран дапамагалі адзін аднаму, супрацоўнічалі ў розных галінах у адпаведнасці з прынцыпамі ўзаемнай падтрымкі і павагі", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што дзякуючы цвёрдай палітычнай волі беларуска-іранскія адносіны прайшлі ўжо доўгі і багаты на станоўчыя вынікі шлях. "Упэўнены, з улікам значнага патэнцыялу і зацікаўленасці абодвух бакоў мы і ў далейшым будзем паспяхова развіваць узаемавыгадныя сувязі паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Хасан Раўхані ў віншавальным пасланні Аляксандру Лукашэнку адзначыў, што Іран і Беларусь прадэманстравалі сваю рашучасць развіваць супрацоўніцтва на карысць дзвюх краін і народаў. "На падставе гэтага больш як за два апошнія дзесяцігоддзі цеснае супрацоўніцтва нашых дзяржаў прывяло да плённых вынікаў па многіх двухбаковых і міжнародных пытаннях", - звярнуў увагу ён.

    "Каштоўныя дасягненні адносін за апошнія 25 гадоў і пераадоленне перашкод на шляху адкрылі перад намі ясную перспектыву. Таму я ўпэўнены, што добрыя адносіны Ірана і Беларусі будуць і далей развівацца на карысць узаемных інтарэсаў двух народаў", - гаворыцца ў віншавальным пасланні, якое паступіла ў адрас Прэзідэнта Беларусі.