Віншаванне калектыву Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Віцебскай ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з 95-годдзем з дня заснавання ўстановы адукацыі.

    "ВНУ прайшла вялікі і слаўны шлях ад інстытута да буйнейшага ў Беларусі акадэмічнага комплексу па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у галіне ветэрынарыі і заатэхнікі, дала пуцёўку ў жыццё больш як 35 тысячам высакакласных спецыялістаў", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прафесарска-выкладчыцкі склад акадэміі ўнёс важкі ўклад у развіццё айчыннай навукі. "У ВНУ сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, якія паспяхова працуюць над вырашэннем актуальных праблем аграпрамысловай вытворчасці. Іх інавацыйныя распрацоўкі адпавядаюць сусветным стандартам, садзейнічаюць эфектыўнаму развіццю жывёлагадоўчай галіны і забеспячэнню экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Перакананы, выкарыстанне найноўшых методык, велізарны педагагічны вопыт і творчы стваральны патэнцыял дадуць магчымасць вашаму калектыву і ў далейшым дабівацца высокіх вынікаў".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім студэнтам, выкладчыкам, супрацоўнікам акадэміі здароўя, шчасця і паспяховай рэалізацыі намечаных планаў.