Віншаванне калектыву Нацыянальнай бібліятэкі з 95-годдзем з дня яе заснавання

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнай бібліятэкі з 95-годдзем з дня яе заснавання.

    "Сёння ваша ўстанова па праву лічыцца галоўным асветніцкім цэнтрам нашай краіны. Вы захоўваеце і шануеце мудрасць нацыі, яе духоўнае багацце і культурную спадчыну", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

    На думку Аляксандра Лукашэнкі, у век імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій кніга па-ранейшаму з'яўляецца крыніцай ведаў, нязменным спадарожнікам чытача ў захапляльнай вандроўцы па краінах, кантынентах, гістарычных эпохах. Вельмі сімвалічна, што юбілей бібліятэкі адзначаецца разам з яшчэ адной знакавай датай - 500-годдзем беларускага кнігадрукавання.

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што калектыў і ў далейшым будзе прадаўжаць і распаўсюджваць лепшыя асветніцкія традыцыі, садзейнічаць выхаванню ў чытачоў духоўна-маральных якасцей і патрыятызму.