Віншаванне калектыву Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта з 65-годдзем ВНУ.

    У віншаванні адзначаецца, што за гэтыя гады ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё больш як 35 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў, якія паспяхова працуюць ва ўсіх кутках краіны, многія яго выпускнікі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

    "Сёння калектыў універсітэта можа па праву ганарыцца дасягненнямі ў адукацыйнай і навуковай дзейнасці. Высокай ацэнкі заслугоўваюць вашы перспектыўныя распрацоўкі ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, стварэння новых відаў мінеральных угнаенняў і кармавых дабавак", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што калектыў ВНУ і ў далейшым будзе прымнажаць лепшыя традыцыі айчыннай вышэйшай адукацыі і рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці.