Віншаванне калектыву Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з 85-годдзем з дня заснавання навучальнай установы.

    "Акадэмія па праву з'яўляецца вядучай установай адукацыі ў сферы культуры. За шматгадовы перыяд дзейнасці ў яе сценах склаліся ўнікальныя выканальніцкія, педагагічныя і навуковыя школы, сфарміраваліся асаблівыя традыцыі работы з таленавітай моладдзю. Сярод выпускнікоў акадэміі - выдатныя выканаўцы, кампазітары і музыказнаўцы", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўстанова дынамічна развіваецца, рэалізуе мноства цікавых творчых праектаў. Студэнты акадэміі паспяхова ўдзельнічаюць у прэстыжных фестывалях і конкурсах, дастойна прадстаўляюць краіну за яе межамі, прымнажаюць гонар і славу Айчыны.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самаадданая праца калектыву акадэміі музыкі на карысць нацыянальнага мастацтва будзе заўсёды запатрабавана грамадствам.