Віншаванне калектыву Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з 85-годдзем з дня заснавання ўстановы.

    "Ваша ВНУ па праву з'яўляецца вядучай установай вышэйшай адукацыі ў сферы эканомікі. За гэтыя гады пуцёўку ў жыццё атрымалі больш як 165 тыс. высокакваліфікаваных спецыялістаў. Сярод іх - вядомыя дзеячы розных галін, лаўрэаты прэстыжных дзяржаўных прэмій і ўзнагарод, акадэмікі, кіраўнікі эфектыўных прадпрыемстваў", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўніверсітэт, беражліва захоўваючы лепшыя традыцыі айчыннай адукацыі і навукі, актыўна развіваючы міжнароднае супрацоўніцтва, трымае высокую планку ўзроўню ведаў і сістэмы падрыхтоўкі кадраў.

    "Шчыра дзякую калектыву за высокі прафесіяналізм і пастаяннае імкненне да ўдасканалення. Няхай вынік вашай працы выклікае пачуццё гонару і адлюстроўваецца ў поспехах і дасягненнях выпускнікоў", - пажадаў Прэзідэнт.