Віншаванне члену нацыянальнай каманды па фрыстайле Ганне Гуськовай

    Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па фрыстайле Ганну Гуськову з заваяваннем залатога медаля на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

    "Абараняючы спартыўны гонар краіны, ты падарыла беларусам сапраўднае свята. Сёння ўсе з заміраннем сэрца сачылі за яркім, самаадданым выступленнем, якое прынесла нам першае, такое доўгачаканае золата Алімпіяды ў Пхёнчхане", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паказаўшы непераўзыдзены ўзровень майстэрства і пацвердзіўшы найвышэйшы клас беларускай школы фрыстайла, спартсменка стала аўтарам перамогі ўсёй краіны.

    Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Ганну Гуськову з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" і ўзнагароджаннем ордэнам Айчыны III ступені.

    Прэзідэнт выказаў удзячнасць трэнерскаму калектыву нацыянальнай каманды па фрыстайле і пажадаў новых перамог беларускім алімпійцам.