Віншаванне беларускім біятланісткам з перамогай на Алімпіядзе ў Пхёнчхане
Прэзідэнт
Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка
павіншаваў членаў нацыянальнай каманды краіны па біятлоне Надзею Скардзіна,
Ірыну Крыўко, Дзінару Алімбекаву і Дар'ю Домрачаву з заваяваннем золата ў
эстафетнай гонцы на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.
"Дзякуй за цудоўны
падарунак усёй краіне напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, - падзякаваў Аляксандр
Лукашэнка. - Вы ажыццявілі нашы запаветныя мары, заваяваўшы першае для Беларусі
алімпійскае золата ў самай прэстыжнай дысцыпліне біятлоннай праграмы".
"Дзяўчаты, вы здзейснілі
сапраўдны подзвіг! Кожная з вас змагла паказаць максімум у няпростых умовах,
праявіўшы самаадданасць, вытрымку і найвышэйшае майстэрства, - адзначыў
Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў
спартсменак з узнагароджаннем ордэнамі "За асабістую мужнасць", а
таксама прысваеннем Надзеі Скардзіна, Ірыне Крыўко, Дзінары Алімбекавай
ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь".
Акрамя таго, Аляксандр
Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці трэнерскаму штабу і пажадаў усім моцнага
здароўя, новых поспехаў.