Віншаванне алімпійскай чэмпіёнцы Антаніне Кошаль з днём нараджэння

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў алімпійскую чэмпіёнку, старшыню Беларускага грамадскага аб'яднання "Ветэраны фізічнай культуры і спорту" Антаніну Кошаль з днём нараджэння.

    "Вы яркі прадстаўнік той зорнай плеяды атлетаў, якія напісалі гісторыю залатога века беларускай спартыўнай гімнастыкі. Вяршыняй паспяховай кар'еры сталі Алімпійскія гульні 1972 года, калі ў складзе каманды СССР вы падняліся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў работу Антаніны Кошаль у якасці трэнера, спартыўнага ўпраўленца, а з 2011 года - кіраўніка грамадскага аб'яднання "Ветэраны фізічнай культуры і спорту". "За гэты час многае зроблена для падтрымкі старэйшага пакалення атлетаў, прапаганды здаровага ладу жыцця, фізічнага і духоўнага выхавання моладзі. Такі дастойны прафесійны шлях - добры прыклад для юных гімнастаў, якія робяць першыя крокі да медальных вяршынь, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Упэўнены, усе сілы, веды і назапашаны жыццёвы вопыт будуць і ў далейшым запатрабаваны на карысць беларускага спорту".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Антаніне Кошаль моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. "Няхай нязменнымі спадарожнікамі ў жыцці застаюцца аптымізм, удача і маладосць душы!" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.