Відэазварот да ўдзельнікаў і гасцей XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

  • 1
Паважаныя ўдзельнікі і госці фестывалю!

Дарагія сябры!

Шчыра вітаю вас на адкрыцці XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Амаль чвэрць стагоддзя гэта свята збірае артыстаў і паклоннікаў у нашай культурнай сталіцы.

Для яго мы выбралі цудоўны дэвіз: "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення". Ён аказаўся вельмі актуальным і ў нашы дні. Сёння Беларусь па праву стала пляцоўкай для мірных ініцыятыў, правадніком ідэй добрасуседства і супрацоўніцтва.

Гэта датычыцца не толькі знешняй палітыкі, але і духоўнай сферы. Паколькі мастацтва аб’ядноўвае людзей, не ведаючы межаў, з'яўляючыся эфектыўнай формай народнай дыпламатыі.

У свеце знойдзецца няшмат фестываляў, якія маглі б ганарыцца такім доўгім і шчаслівым лёсам, як наш – у горадзе над Дзвіной. Нават самыя маштабныя музычныя праекты не раз перажывалі перыяды заняпаду і забыцця. А "Славянскі базар" усе гэтыя гады развіваецца толькі па ўзрастаючай і набыў сапраўды планетарны размах.

Толькі ўдумайцеся: калі ў 1992 годзе ў "Славянскім базары" прымалі ўдзел усяго 8 краін, то цяперашні форум сабраў прадстаўнікоў больш як сарака дзяржаў з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Гэта рэкордная колькасць краін-удзельніц за ўсю яго гісторыю. Назва "Славянскі базар" стала зразумела без перакладу ў любым кутку Зямлі.

Не выпадкова гэтымі днямі ў Віцебску пройдзе сесія Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Яна надасць яму новы статус – лідара сусветнага фестывальнага руху!

Спалучаючы прастору і час, "Славянскі базар" садзейнічае захаванню культурнай самабытнасці розных народаў. Тут цэняць сапраўдныя таленты і кожны год адкрываюць новыя імёны. За апошнія два дзесяцігоддзі на эстрадным небасхіле з’явілася цэлая плеяда вядомых артыстаў, якія ўпершыню заявілі аб сабе на сцэне нашага Летняга амфітэатра.

Дзякуючы цудоўнаму песеннаму форуму наш старажытны Віцебск стаў месцам, дзе "запальваюцца зоркі", дзе маладыя таленты набываюць крылы для творчага палёту. У бягучы год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі, асабліва важна падтрымаць маладое пакаленне, даць яму магчымасць для самарэалізацыі!

Дарагія сябры!

Я ад усёй душы віншую вас з адкрыццём фестывалю. Жадаю канкурсантам удачы, усім артыстам – поўных залаў і нязменнай увагі публікі. А гледачам – радасных сустрэч з любімымі выканаўцамі і цудоўнага настрою.

Здароўя, шчасця вам, дарагія сябры.
У добры шлях, "Славянскі базар"!