Васіль Жарко назначаны намеснікам Прэм'ер-міністра Беларусі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 снежня назначыў Васіля Жарко намеснікам Прэм'ер-міністра Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сярод шэрага кандыдатур выбраў на гэту пасаду менавіта Васіля Жарко па многіх прычынах. "Сапраўды, ёсць у вашай галіне сур'ёзныя поспехі. Але і вялікая колькасць недахопаў, якімі Вам давядзецца займацца і на пасадзе віцэ-прэм'ера. Яшчэ я выбраў таму, што Вы ў нас міністр ужо з велізарным вопытам. Напэўна, ніхто не затрымліваўся столькі на міністэрскай пасадзе. Гэта сведчыць аб тым, што Вы мелі вялікія задачы, якія трэба было вырашаць, і іх вырашалі. Калі б Вы іх не вырашалі, Вы б міністрам не былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сацыяльная сфера, якую будзе курыраваць Васіль Жарко, у тым ліку ўваходзіць у зону адказнасці і Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. "Таму што там і адукацыя, і ахова здароўя, і спорт. А гэта - ідэалогія, пытаннямі якой займаецца Адміністрацыя Прэзідэнта. Будзеце несці адказнасць і разам у гэтым напрамку працаваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў некаторыя задачы, над вырашэннем якіх давядзецца працаваць новаму віцэ-прэм'еру. "У адукацыі мы падышлі да таго, што нам трэба ўдасканальваць, наводзіць парадак у школе. Нам трэба глядзець па ВНУ, пачынаючы ад уступных экзаменаў. Мы даволі шмат і доўга прапрацавалі з цэнтралізаваным тэсціраваннем і гэтак далей. Ёсць пэўныя нараканні. Мы іх павінны ўлічыць", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, наперадзе сур'ёзная работа і ў сферы спорту, дзе пры адносна вялікіх затратах адсутнічаюць чаканыя вынікі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб даручэнні па дасягненні ў 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты ў краіне $500. "А гэта ваша Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, - адзначыў ён. - Зарплата ў людзей у сувязі з гэтымі эканамічнымі перапетыямі невысокая. Яе трэба паднімаць, чаго б нам ні каштавала".

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Васіль Жарко зможа з'яднаць і арганізаваць людзей на вырашэнне гэтых і іншых задач у развіцці сацыяльнай сферы. "І мая Вам парада: ні ў якім разе Вы не павінны быць добрым дзядзькам для кагосьці", - дадаў Прэзідэнт.