Устаноўлены тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2019 год

    У Беларусі ўстаноўлены тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2019 год. Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 снежня. 

    У выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг, павысяцца ў межах $5. 

    Тарыфы будуць павышацца ў два этапы. З 1 студзеня вырастуць (сумарна на $3,9) тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па капітальным рамонце, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры пакрыцця расходаў на электраэнергію. 

    З 1 чэрвеня, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, тарыф на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння будзе павышаны на $1,1. Тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі захоўваюцца на ўзроўні 2018 года. 

    Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе прадоўжана работа па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Такія субсідыі прадастаўляюцца грамадзянам і сем'ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% - у сельскай мясцовасці.