Уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 25
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Беларускі спартыўны Алімп".

Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі падкрэсліў, што ўручэнне прэмій "За духоўнае адраджэнне" не выпадкова прымеркавана да Ражджаства Хрыстовага. "Прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцей, маральных, эстэтычных традыцый з'яўляецца адным з галоўных фактараў у развіцці беларускай нацыі, захаванні яе адзінства", - сказаў Прэзідэнт.

"Да чаго можа прывесці пагарджанне імі, паказваюць падзеі ў нашых суседзяў. Хваля міжнацыянальных, міжканфесійных канфліктаў, тэрарыстычных пагроз ахапіла сёння ўвесь свет", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтых умовах асаблівую каштоўнасць набываюць адзінства і з'яднанасць народа. "Як сказана ў Евангеллі: "Усякае царства, падзеленае само ў сабе, апусцее, а дом, падзелены сам у сабе, падзе". Гісторыя вучыць, што толькі мір і згода служаць надзейным фундаментам дабрабыту любой краіны. Менавіта на гэтым фундаменце мы будзем будаваць і будуем нашу дзяржаву", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Беларускі народ заўсёды імкнуўся да стваральнага жыцця, заснаванага на працавітасці, справядлівасці, узаемадапамозе. Таму спакон веку  пашанай у нас карыстаюцца людзі, якія працуюць у імя падтрымання гэтых асноватворных маральных прынцыпаў. Мы ўзнагароджваем тых, хто прысвяціў жыццё справам міласэрнасці і дапамогі блізкім". Прэміяй "За духоўнае адраджэнне" адзначаны калектывы Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы і вучэбна-вытворчых майстэрняў прыхода храма абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з галоўных мэт беларускай дзяржавы - стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на карысць Айчыны. "І ў гэты ўрачысты дзень мы аддаём даніну павагі людзям, якія дзень пры дні працуюць на дасягненне гэтай мэты. Высокіх узнагарод удастоены Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня", Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Бягучы год - гэта год 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. "У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання памяці аб ёй. Мы аберагаем гістарычную праўду і стараемся атрымліваць з яе бясцэнныя ўрокі. Дзякуючы працы, таленту работнікаў культуры ў мінулым годзе ўведзены ў строй сучасны будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і створана новая экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой". Заслугі гэтых калектываў мы сёння таксама адзначаем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь адкрыта для асваення сусветнага вопыту. "Але, спасцігаючы культуру іншых народаў, важна не згубіцца ў ёй, не страціць свой твар. Мы ўзнагароджваем тых, хто стварае сучасныя творы ў розных жанрах, абапіраючыся на нашу мастацкую спадчыну, светапогляд і традыцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час цырымоніі ўшаноўвалі і тых, хто выхоўвае будучых чэмпіёнаў. "Мы хочам, каб здаровы лад жыцця, любоў да спорту, актыўнага адпачынку ў людзей розных узростаў таксама сталі добрай традыцыяй. І, вядома, наша краіна павінна прырастаць яркімі трыумфамі беларускіх прафесійных спартсменаў, якія звязалі сваё жыццё са спортам вышэйшых дасягненняў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь даўно і трывала заняла месца сярод спартыўных дзяржаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мінулы год быў адзначаны яркімі і памятнымі для беларусаў спартыўнымі падзеямі. "Упершыню за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі мы прымалі сусветны чэмпіянат. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе і на Алімпійскіх гульнях у Сочы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручэнне прэмій "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп" пацвярджае старажытную ісціну: добрыя справы заўсёды ўзнагароджваюцца. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў узнагароджаным за тое, што яны паказваюць прыклад служэння грамадству і шчырай любові да роднай зямлі.