Уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп"

  • 20

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня ўручыў прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп".

"У чарадзе навагодніх і калядных свят, такіх любімых у нашай краіне, ёсць традыцыя, якая стала знакавай для духоўнага жыцця Беларусі. Кожны год у гэтыя студзеньскія дні мы сустракаемся з асаблівымі людзьмі - тымі, хто лечыць нашы душы, хто захоўвае нашу памяць, хто служыць міласэрнасці, дабру і прыгажосці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гісторыя дала нашым творчым людзям унікальны шанц - унесці свой уклад у станаўленне беларускай нацыі. Паколькі менавіта мы з вамі, цяперашнія пакаленні, ажыццявілі шматвяковую мару нашых продкаў - стварылі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву. І сёння наша агульная задача - зберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасля нас".

Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць здабыць не проста, але яшчэ больш складана адстаяць і абараніць. "Сіла духу, з'яднанасць і адзінства - менавіта тыя асновы, той фундамент, без якіх сёння не выжыць. Паколькі толькі моцны духам чалавек ведае, што рабіць і куды ісці, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Без моцнага стрыжня любому наканавана паражэнне. А нашаму народу сілы духу не займаць! Беларусы перажылі кровапралітныя войны, змаглі выстаяць у цяжкія пасляваенныя часы, аднавілі краіну з руін, а ў нашы дні на скрыжаванні дарог, культур і гістарычных лёсаў адстойваюць суверэнітэт роднай краіны".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага часу знаходзяцца тыя, хто спрабуе паказаць беларусаў людзьмі без роду і племені. "З'яўленне такіх галасоў зусім не выпадковае. Незалежная Беларусь, якая жыве сваім розумам і працай, не па душы многім. Прызванне сапраўднага творцы процістаяць любой няпраўдзе, любому фальшу і крывадушнасці. Тым больш калі размова ідзе аб Айчыне, аб роднай зямлі. Менавіта тут і ёсць поле духоўнай бітвы за Беларусь, за нашы каштоўнасці, ідэалы і традыцыі. І выйграць гэту бітву, выйграць яе ў душах людзей - вось сапраўднае, вялікае прызванне ўсіх тых, каго мы ўшаноўваем сёння, і тых, хто сабраўся ў гэтай зале", - упэўнены беларускі лідар.

Аснова нацыянальнага характару беларусаў у чалавечнасці, спачуванні, дабрыні, спагадлівасці да чужога гора, празе справядлівасці. "Можа, менавіта таму на нашай зямлі традыцыйна ўжываюцца розныя рэлігіі і народы. Мы ўсё часцей усведамляем Беларусь як агульны дом - сям'ю для ўсіх нас, - канстатаваў Прэзідэнт. - Тут няма падзелу на сваіх і чужых, у сям'і працуюць разам і дапамагаюць адзін аднаму. Сям'я шчыра радуецца ўдачам кожнага і сумесна клапоціцца пра кожнага свайго дамачадца, дзіця, старога".

Калі размова ідзе аб інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы і ў свеце, у Беларусі зыходзяць з таго, што краіны павінны быць адзінай сям'ёй. "І, самае галоўнае, у гэтай сям'і мы павінны быць раўнапраўныя. Толькі такія саюзы здольны выжыць, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Іншага не дадзена. Іншым і займацца не трэба - гэта пустая трата часу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь сёння добрая, спагадлівая, свабодалюбівая, незалежная, жыве ў гармоніі са сваімі суседзямі. "А якой ёй быць праз паўсотні гадоў, шмат у чым залежыць ад тых, хто сёння ў гэтай зале, ад усіх, хто называецца творцам. Бо сіла мастацтва ў тым, што яно можа гаварыць не толькі на мове розуму, але і на мове сэрца", - упэўнены Прэзідэнт.

Самых цёплых слоў заслугоўваюць сённяшнія лаўрэаты, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Гэта калектывы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Ганаровых узнагарод таксама ўдастоены педагогі і мастакі, пісьменнікі, журналісты, дзеячы культуры і людзі духоўнага звання. Асабліва адзначаны заслугі беларускіх атлетаў, трэнераў і спартыўных журналістаў. "Спорт - гэта ўвасобленая воля і гордасць нацыі. Мы верым, што спартыўныя перамогі Беларусі наперадзе!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Было падкрэслена, што лаўрэатамі прэмій сталі людзі, якія былі вылучаны іх працоўнымі калектывамі. "Мы зыходзілі перш за ўсё з вашых пажаданняў. Гэты вы, вашы працоўныя калектывы прапанавалі лепшых людзей, лепшыя калектывы для ўзнагароджання. Можа, мы некага забылі - так у жыцці бывае. Можа, недзе згубіліся лепшыя. Мы абавязкова ў будучым годзе вас убачым, - падкрэсліў беларускі лідар. - Хацелася, каб і вы аб сабе заявілі. Не саромейцеся, заявіце аб сваёй творчасці. Не саромейцеся сказаць аб тым, што вы ўласным розумам і сваімі рукамі стварылі".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што каштоўнасць мастацтва ўзрастае ў сто разоў, калі яно служыць светлай і высакароднай мэце, дабру і міласэрнасці, роднай зямлі. "Менавіта такія дасягненні тых, каго мы ўзнагароджваем і віншуем сёння. І ў гэтым іх асаблівая заслуга і сіла!" - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.