Уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп"

  • 30

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп". Цырымонія ўзнагароджання адбылася 9 студзеня ў Палацы Рэспублікі.

Штогод адзначаць заслугі людзей, жыццё і работа якіх служаць высокім мэтам, стала ў Беларусі добрай традыцыяй, якой няма аналагаў у свеце. Не дзіўна, што зарадзілася яна менавіта тут, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам з вамі дасталася вялікая духоўная спадчына, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яна - у прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх тварэннях народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкантаў, дойлідаў. Яна - у духоўным подзвігу народа, які збярог веру, захаваў любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі, культуры, нягледзячы на неймаверныя выпрабаванні грозных ваенных часоў і сацыяльныя ўзрушэнні".

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ў свеце таксама неспакойна. Ідзе нябачная барацьба ў тым ліку і за душу чалавека, з розных бакоў атакуюцца хрысціянскія асновы маралі, разбураюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі. "Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняюцца светапогляд і спосаб жыцця людзей. Усё больш з'яўляецца спакус, усё цяжэй берагчы сэрцы ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі дабротамі і знешняй мішурой людзі страчваюць сапраўдную прыгажосць - унутранае святло добрых пачуццяў і высакародных учынкаў, якімі так славіўся і славіцца наш народ, усё наша славянства", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тэлебачанне дзеля рэйтынгаў прывучае гледача да негатыўных навін, скандальных ток-шоу. Сацыяльныя сеткі пазбаўляюць жывых стасункаў, а камп'ютарныя гульні падмяняюць рэальнае жыццё віртуальнай рэчаіснасцю.

"Гэта толькі малая частка тых выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння грамадства. І такія рэаліі паволі, але метадычна разбураюць сістэму сталых традыцыйных маральных каштоўнасцей. Цяпер вельмі важна не ўпусціць час, не страціць нашу духоўную сутнасць. Першарадная роля ў гэтым, безумоўна, належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Іх уплыў на свядомасць чалавека вельмі вялікі. Менавіта гэтыя сферы фарміруюць тыя вобразы і ідэалы, на якія многія арыентуюцца і прымаюць як эталон. Таму дзеячы культуры і мастацтва, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, духавенства, педагогі і ўсе, каму не абыякава, якім будзе свет, павінны аб'яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходны духоўны імунітэт супраць амаральнасці, пошласці і дрэннага густу, каб культура і мастацтва заўсёды былі крыніцай энергіі і жыццеўстойлівасці для людзей. "Мы помнім і шануем багатую спадчыну былых пакаленняў. Нязгаснае святло іх высакародных пачуццяў і сёння паказвае нам шлях, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам. А сучаснікі павінны надаць ёй больш сілы і яркасці, каб нашы дзеці і ўнукі маглі падхапіць эстафету часоў і перадаць яе далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для гэтага мы павінны паказаць сваім прыкладам, наколькі важна шанаваць, паважаць і быць удзячнымі людзям, якія прадаўжаюць вялікую справу захавання і стварэння духоўнай спадчыны Беларусі. Нам ні ў якім разе нельга ў гэтым жыцці спыніцца і нічога ў гэты перыяд не пакінуць за сабой для тых, хто прыйдзе пасля нас".

Ён заўважыў, што свет хутка мяняецца. Напрыклад, нават пяць гадоў таму ніхто не мог падумаць, што глабальная павуціна так пераверне жыццё чалавецтва ў цэлым. "І як бы мы гэтай павуціне ні супраціўляліся, яна нас аблытала. Складанасць яе ў тым, што яна нясе для чалавецтва найвялікшае аблягчэнне: атрыманне ведаў, імгненнасць ведаў, перадачу інфармацыі. Вы паглядзіце, як мяняецца жыццё, у тым ліку і да лепшага. З іншага боку, яна нясе велізарныя праблемы, з якімі мы сёння сутыкнуліся, мы змагаемся з імі, яшчэ часам не навучыўшыся змагацца", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў эліту грамадства, творчых людзей навучыцца самім і навучыць дзяцей правільна карыстацца магчымасцямі, што з'явіліся, жыць ва ўмовах уплыву і ўздзеяння на розумы і душы людзей глабальнай павуціны.

"Трэба навучыць, пачынаючы са школьных гадоў, у сям'і сваіх дзяцей карыстацца шмат якімі крыніцамі, авалодаць многімі ідэямі, каб зрабіць правільныя высновы. Гэта важна для моладзі. Практыка, як нас вучылі з вамі, з'яўляецца крытэрыем ісціны, а практыкі, вопыту ў моладзі не хапае, - канстатаваў Прэзідэнт. - І вось тут мы павінны ім падказаць: стаўце ўсё пад сумненне, бярыце розныя крыніцы, знаёмцеся з рознымі пунктамі гледжання і, грунтуючыся на падказцы і вопыце старэйшых, на сваім вопыце, выбірайце той, які сёння адпавядае проста нармальнаму жыццю нашага грамадства".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што героі сённяшняй урачыстасці робяць свет лепшым і больш светлым. Сваёй актыўнай дзейнасцю яны ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці. "Адраджаюць старажытныя традыцыі беларускіх майстроў, абуджаюць цікавасць да гістарычных дасягненняў нашых продкаў. Адстойваюць сямейныя каштоўнасці, развіваюць дабрачыннасць, выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў людзей. Сваім талентам нашы людзі, якія будуць тут (гэта толькі некалькі чалавек), прывіваюць шчырую любоў да высокага мастацтва. Падымаючыся на спартыўны Алімп, праслаўляюць краіну на сусветным узроўні, абуджаюць у сэрцах пачуццё гонару за свой народ і сваю Радзіму", - канстатаваў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, не толькі нейкія камісіі і органы ўлады павінны ўносіць прапановы, каго ўдастоіць прэміі. "Калі вы адчуваеце, што стварылі дастойны прадукт, які застанецца на стагоддзі, будзе ўзнімаць духоўнасць нашага народа не толькі сёння, але і заўтра, калі ласка, вы прапануйце ў тым ліку і сябе, - заклікаў Кіраўнік дзяржавы. - Для мяне гэта вельмі важна. Усе свае гады, што я працую Прэзідэнтам, я заўсёды патрабую, каб было сумленна, справядліва, каб, узнагароджваючы іншых, не пакрыўдзіць тых, хто, магчыма, на прыступку вышэй. Не саромцеся, прапануйце сябе".

Асобна Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць усім удзельнікам навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". "Вы паглядзіце: пачынаючы з каталіцкага Нараджэння Хрыстовага і заканчваючы старым Новым годам, літаральна ўсе, ад прадпрымальнікаў да дзяржаўных служачых і ваенных, у дзяцей - і ўчора, і сёння, і заўтра. Гэта цудоўна, так павінна быць. Хацелася б, каб не толькі адзін перыяд у гэтым жыцці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я дзякую ўсім, тысячам і тысячам людзей, хто адгукнуўся на гэту акцыю і пабываў у дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе".

Прэзідэнт адзначыў, што ўсіх удзельнікаў акцыі не ўзнагародзіш і не выведзеш на сцэну - тых, хто паехаў у калядныя і навагоднія святы да дзяцей, вельмі шмат. "Вы не ўяўляеце, калі вы гэтага не бачылі, як свецяцца радасцю вочы дзіцяці, яно на ўсё жыццё запомніць, што да яго прыйшлі, яго павіншавалі. Яно разумее, што патрэбна гэтай дзяржаве", - падкрэсліў беларускі лідар.