Уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 27

Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня ўручыў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльныя прэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяперашняе ўручэнне прэмій адкрывае мерапрыемствы аб'яўленага ў Беларусі Года культуры.

"Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Галоўная задача - актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы".

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з'яўляюцца гордасцю краіны. Яскравым пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне ў краіне юбілеяў выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.

Прэзідэнт запэўніў, што на высокім узроўні будзе праведзены і маючы адбыцца 25-ы юбілейны фестываль "Славянскі базар у Віцебску", які стаў той сусветнай пляцоўкай, дзе выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў час Года культуры ўвага будзе ўдзяляцца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнага жыцця грамадзян.

"Культура з'яўляецца фундаментам, на якім фарміруецца і развіваецца любая нацыя, вызначаецца яе жыццяздольнасць і творчы патэнцыял, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Культура знаходзіцца ў аснове ідэалогіі дзяржаў, указваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства. Гэта шматгранная з'ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: нельга забываць аб тым, што культура - гэта і мера чалавечнасці. Без яе не могуць быць паўнацэннымі ні асоба, ні грамадства.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сёння людзі маюць патрэбу ў гуманнасці, міласэрнасці, узаемаразуменні і дабраце. "Без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы жывём у няпросты, вельмі трывожны час. "Я вельмі часта аб гэтым кажу, і паверце, нездарма. Вельмі глыбокі духоўны крызіс ахапіў многія краіны, - канстатаваў Прэзідэнт. - І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцей. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што высокія тэхналогіі, нябачаная ў гісторыі скорасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэйшымі адзін да аднаго. Якраз наадварот - у нядобрых руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці.

"На жаль, ужо відаць горкія плады такой палітыкі. Адхіляюцца інстытут сям'і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, усёдазволенасць і карысталюбства асуджаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмова ад маральных самаабмежаванняў прывяла да невырашальных супярэчнасцей, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў", - падкрэсліў кіраўнік краіны.

На думку Прэзідэнта, бяздумнае стаўленне да навакольнага асяроддзя паставіла чалавецтва на мяжу экалагічнай катастрофы.

"Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, - адзначыў беларускі лідар. - Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Яшчэ апостал Павел гаварыў: "Усё мне дазволена, але не ўсё карысна".

"Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцей з'яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Таму не выпадкова на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Беларусь названа сімвалам міру. "Беларускі народ умее атрымліваць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве. Застаецца адданым высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям".

Прэзідэнт лічыць важным, каб дзеячы культуры і мастацтва разумелі гэта і сваёй творчасцю процістаялі бескультур'ю і іншым негатыўным з'явам, якія часта засмучаюць наша жыццё.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, узнагароды за выдатны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за дабрачыннасць і актыўную дзейнасць па ахове мацярынства і дзяцінства сведчаць аб тым, якую важную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі адыгрывае духоўнасць, маральныя і эстэтычныя прынцыпы.

У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі "За духоўнае адраджэнне" сталі калектывы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця" і Нацыянальнага мастацкага музея, дзеячы Рускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў, аўтары кнігі-рэквіема "Жыць і помніць". Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва атрымалі журналісты, вучоныя, мастакі, калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў дзіцячы ансамбль "Аношкаўскія музыкі", творчасць якога дае магчымасць далучыцца да народнай творчасці.

"Мы ўшаноўваем таксама лаўрэатаў прэміі "Беларускі спартыўны Алімп". Ваша мэтанакіраванасць, воля да перамогі і працавітасць становяцца добрым прыкладам для выхавання чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўсенароднае прызнанне, якое набылі лаўрэаты, стане для іх стымулам да новых дасягненняў на карысць Радзімы.