Бел
Галоўная   /  Падзеі

Уручэнне дзяржаўных узнагарод спартсменам і трэнерам па веславанні на байдарках і каноэ

26 лістапада 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды спартсменам і трэнерам па веславанні на байдарках і каноэ. Урачыстая цырымонія адбылася 26 лістапада ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства адзначыў, што стала добрай традыцыяй сустракацца ў Палацы Незалежнасці, каб выказваць словы ўдзячнасці тым, хто праслаўляе Беларусь, здзіўляе ўвесь свет.

У іх ліку - каманда па веславанні на байдарках і каноэ. Аляксандр Лукашэнка назваў яе самай стабільнай і паспяховай нацыянальнай зборнай дзесяцігоддзя, а гэты від спорту - сапраўды беларускім. "Яго традыцыі непарыўна звязаны са шматвяковай культурай і бытам роднай Беларусі - краю тысячы рэк і азёр", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што балельшчыкі прывыклі да перамог беларускіх весляроў на самых буйных міжнародных спаборніцтвах. "З кожнага турніру, уключаючы Алімпійскія гульні, беларусы вяртаюцца з медалямі, - канстатаваў ён. - У чэрвені ў час II Еўрапейскіх гульняў я з вялікім задавальненнем гэта назіраў. Я ўважліва сачыў за гарачымі жнівеньскімі баталіямі на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сегедзе, дзе вы даказалі, што беларусам сёння няма роўных у свеце. Заваяваўшы 14 медалёў, шэсць з якіх залатыя, вы выйгралі камандны залік і абышлі іншых лідараў сусветнага веславання - Германію, Венгрыю, Кітай, Расію, Новую Зеландыю і іншыя. А на (маючай адбыцца летам у Токіа. - Заўвага БЕЛТА) Алімпіядзе больш і не трэба. Я асабіста ад вас большага і не патрабую. Паўтарыце гэта".

Кіраўнік дзяржавы цёпла падзякаваў спартсменам за яркія, незабыўныя эмоцыі, якія яны падарылі ўсім аматарам спорту, асабліва адзначыўшы экіпаж байдаркі-двойкі - Марыну Літвінчук і Вольгу Худзенка. "У Венгрыі наш залаты дуэт двойчы ўзнімаўся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару. Я павінен падзякаваць пры гэтым і камандзе, таму што гэта такі від спорту, пры якім нават другія-трэція месцы, проста выступленні дзяўчат, юнакоў у гэтым відзе ствараюць аснову для перамог такіх вялікіх спартсменак", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што веславанне - вельмі цяжкі від спорту, асабліва для жанчын. "Больш цяжкага віду спорту няма, - сказаў ён. - Мужыкі - гэта мужыкі, яны павінны веславаць. А дзяўчатам - асаблівая ўдзячнасць. Дзякуй вам!"

Прэзідэнт нагадаў, што камандай па веславанні на байдарках і каноэ заваяваны пяць медалёў на чэмпіянатах свету ў алімпійскіх дысцыплінах. "Усе гэтыя дасягненні - сведчанне таго, што ў Беларусі створана моцная нацыянальная школа веславання. Нашы юныя таленты перамагаюць не толькі на юніёрскіх стартах, але і паспяхова пераходзяць на найвышэйшы ўзровень", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але са шкадаваннем дадаў, што для Беларусі такія вынікі можна назваць хутчэй выключэннем, чым правілам. "Як толькі я пачынаю з начальнікаў патрабаваць за вынік... Былі дзеці добрыя, юнакі, моладзь цудоўная, выйграюць і ў біятлоне, і ў бегавых лыжах - зімовы від спорту. Як толькі даходзім да дарослых, іх няма. Дзе яны? Растварыліся па дарозе. Таму гавару, што вы хутчэй выключэнне, калі моладзь падцягваецца да дарослых і перамагае", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Выклікае павагу, што вы, настаўнікі, заўсёды перажываеце за свой від спорту, за кожнага выхаванца, упарта працуеце, не шкадуючы ні сіл, ні часу, ні здароўя. Добра, што сёння мы не забылі і аб першых трэнерах, якія вучылі чэмпіёнаў азам, заклалі асновы тэхнікі, далі пуцёўку ў вялікі спорт. Так трэба рабіць заўсёды. Без першых трэнераў гэты россып узнагарод і гэта ўрачыстая сустрэча былі б сёння немагчымы", - сказаў беларускі лідар. Ён падзякаваў спартсменам і трэнерам за вялікую працу, волю да перамогі і найвышэйшыя вынікі.


Аднак хутка нацыянальнай камандзе давядзецца прайсці галоўны экзамен - у ліпені стартуе Алімпіяда ў Токіа. "Вы не горш за мяне разумееце, што ў Японіі вас чакае вельмі жорсткая, бескампрамісная барацьба ў складаных кліматычных умовах. І ўсе перамогі ў Венгрыі, калі яны будуць пацверджаны, апынуцца ў вас не ў актыве, а ў пасіве. Калі вы ўжо ўзялі такую планку, канкрэтызую, вам давядзецца скакаць, пад планку ніяк нельга. У вас тытулаваныя сапернікі, якія таксама нацэлены на поспех і вельмі напружана рыхтуюцца да Алімпіяды, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Перакананы, што вы зможаце ўсё пераадолець і абавязкова хаця б на імгненне (больш не трэба) апярэдзіце канкурэнтаў. Вялікая армія нас, балельшчыкаў, вельмі верыць і спадзяецца, што вы будзеце на вышыні, вы пераможаце. Не на вышыні - на вадзе будзеце. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту ў жыцці і ўдачы ў будучых выступленнях!"

Пасля афіцыйнай цырымоніі Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў са спартсменамі і трэнерамі ў неафіцыйнай абстаноўцы. Аляксандру Лукашэнку расказалі аб падрыхтоўцы да будучых спаборніцтваў, у тым ліку да летняй Алімпіяды ў Токіа, падыходах у зборнай да арганізацыі трэніровачнага працэсу.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч падкрэсліў, што спартсмены павінны выступаць на спаборніцтвах дзеля перамогі, а не для таго, каб набрацца вопыту або проста паспаборнічаць. Паводле яго слоў, менавіта такіх прынцыпаў прытрымліваюцца ў яго зборнай. "На Алімпіяду павінны паляцець спартсмены, якія прайшлі такую ўнутраную канкурэнцыю. І яны едуць туды не веславаць, яны туды едуць змагацца з усімі. Гэта воіны. Ехаць трэба перамагаць, заваёўваць медалі", - заявіў ён.

"Адвесці б цябе да нашых начальнікаў, да іншых кіраўнікоў федэрацый, сабраць спартсменаў, асабліва тых, хто пасля гульні ў рэстаранчык любіць зайсці", - адказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што спартсмены павінны спаборнічаць перш за ўсё дзеля перамогі, а не дзеля грошай. "Як можна наогул спаборнічаць за грошы? Я не разумею. Спаборнічаць трэба за перамогу. А пасля перамогі прыходзь і патрабуй, што ты лічыш патрэбным: і грошы, і кватэры, і зямельныя ўчасткі, і іншае. Калі няма выніку, што можна сказаць людзям?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што першапачаткова спартсмены любой зборнай роўныя. "У тых жа расіян, канадцаў, амерыканцаў, чэхаў, шведаў, фінаў дзве нагі, дзве рукі, адна галава, - растлумачыў ён на прыкладзе хакеістаў. - Калі ў вас рукі і галава яшчэ па маладосці не такія, уключайце ногі: не давайце прымаць шайбу, не давайце прымаць мяч. Змагайцеся, калі вы не ўмееце прыгожа абыгрываць, за кошт фізічнай падрыхтоўкі".

"Трэба любіць спорт, быць адданым, тады ў цябе ўсё атрымаецца - і грошы будуць, і кватэра, і пашана, і павага", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў такіх беларускіх спартсменаў, як Дар'я Домрачава, Іван Ціхан. "Як можна не захапляцца такімі людзьмі? Гэта сапраўдныя спартсмены. І я іх ведаю пайменна. І яны заўсёды ў краіне будуць падтрыманы, пакуль я Прэзідэнт, і нават калі мяне не будзе, я ўпэўнены, нехта іншы будзе іх падтрымліваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што спачатку сумняваўся, ці варта ўзнагароджваць весляроў да правядзення Алімпіяды. "Думаў, саб'ю вас с толку, з вялікага шляху. І папярэдзіў: ніякіх вялікіх узнагарод пакуль не даём, каб было жаданне іх атрымаць, - расказаў ён. - Я не задобрываю вас і не хачу, каб вы думалі аб тым, што Прэзідэнт вам тут наабяцаў і дасць нешта".

Ён таксама звярнуў увагу, каб заслужаныя, тытулаваныя спартсмены, завяршыўшы кар'еру ў вялікім спорце, заставаліся працаваць у якасці трэнераў і рыхтавалі сабе замену. Так, звяртаючыся да Марыны Літвінчук, Прэзідэнт сказаў: "Мы цябе не адпусцім, пакуль ты ў лодку не пасадзіш яшчэ дваіх або траіх такіх, як сама. Гэта таксама важнае пытанне для спартсмена - пайшоў, а замены няма. Веліч спартсмена, з майго пункту гледжання, яшчэ ў тым, калі ён за руку прывядзе каго-небудзь замест сябе. Кацюша Карстэн пайшла, хоць ты Машэнскага (Аляксандр Машэнскі - старшыня Беларускай федэрацыі веславання. - Заўвага) у лодку цяпер саджай, парык надзявай, і няхай вяслуе замест Карстэн".

У сваю чаргу Марына Літвінчук запэўніла, што спартсмены не будуць раздаваць пустыя абяцанні, а сур'ёзна сканцэнтруюцца на падрыхтоўцы да Алімпіяды, будуць працаваць, не шкадуючы сіл, здароўя, энергіі. "Мы не маем права падвесці, - падкрэсліла яна. - Я цудоўна разумею, што ўсе высокія ўзнагароды, якія вы цяпер нам уручылі - гэта аванс перад галоўнымі спаборніцтвамі".


У час размовы з членамі каманды Аляксандр Лукашэнка закрануў і іншыя віды спорту. Ён пахваліў гульню футбольнай каманды "Дынама-Брэст", якая нядаўна стала чэмпіёнам Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што канкурэнцыя ў сферы футбола павінна дапамагчы адрадзіць у Беларусі гэты від спорту. "Я парадаваўся, што яны сталі чэмпіёнамі. Не таму, што БАТЭ мне не родная каманда. Для мяне БАТЭ таксама родная, як і ўсе іншыя. Але я рады за Брэст, што з'явілася валявая, канкурэнтная каманда, кіраўнікі, трэнеры. І не за дзяржаўны кошт. Прыйшлі - і перамаглі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў футболе падцягваюцца і іншыя беларускія каманды. Ён разлічвае, што ў такой канкурэнцыі пачне адраджацца нацыянальны футбол.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым звярнуў увагу, што спорт сёння не спаборніцтва і нават не бітва: "Гэта вайна. Таму што спорт стаў палітыкай. Як толькі ўбачылі недзе, калі гэта не амерыканец, можа, яшчэ не кітаец, дык пачынаюць націскаць".

Ён прывёў у прыклад беларускага спартсмена па скачках у вышыню Дзмітрыя Набокава, якога нядаўна адхілілі ад спаборніцтваў з-за падазрэнняў ва ўжыванні допінгу. На думку Прэзідэнта, спартсмена прыцягнулі "за нейкую дробязь". "Бачаць, што ён можа некаму перашкодзіць на Алімпіядзе. Да гэтага трэба быць гатовымі. Гэта вайна без правіл. На вайне мала правіл, але тут наогул ніякіх правіл. Там у палон не бяруць, груба кажучы, а расстрэльваюць адразу, нават не паспееш фінішнай стужкі дасягнуць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

За шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё веславання на байдарках і каноэ, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на чэмпіянатах свету і Еўропы, II Еўрапейскіх гульнях 2019 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём "За працоўныя заслугі" трэнера-выкладчыка філіяла Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Міхаіла Аземшу, старшых трэнераў нацыянальнай каманды Беларусі Мікалая Банько і Генадзя Галіцкага. Гэтыя медалі Прэзідэнт уручыў спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды Марыне Літвінчук і Вользе Худзенка.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Уладзіміру Шантаровічу, які ўдастоены гэтай узнагароды за выдатныя спартыўныя дасягненні, выключныя заслугі ў развіцці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" атрымаў ад Прэзідэнта спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Арцём Козыр.

Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена 8 спартсменам за высокі прафесіяналізм, дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ. Падзякі ўдастоены таксама 15 прадстаўнікоў трэнерскага складу за шматгадовую плённую працу ў сферы фізкультуры і спорту, выдатныя дасягненні ў падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у забеспячэнне высокакваліфікаванага медыцынскага і фармакалагічнага абслугоўвання спартсменаў нацыянальнай каманды.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь