Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Уручэнне дзяржаўных узнагарод спартсменам і трэнерам па цяжкай атлетыцы

23 красавіка 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды спартсменам і трэнерам па цяжкай атлетыцы. Урачыстая цырымонія адбылася 23 красавіка ў Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў нацыянальную каманду з паспяховым выступленнем на чэмпіянаце Еўропы 2019 года, які праходзіў у Батумі. Заваявана 19 медалёў, з іх восем у дваябор'і, другое месца ў агульнакамандным заліку. "Проста малайцы!" - пахваліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што з-за вялікай занятасці і няхваткі часу рэдка сочыць за спаборніцтвамі па цяжкай атлетыцы. Тым не менш нядаўні чэмпіянат Еўропы ў Батумі дзякуючы выступленню беларускіх спартсменаў паглядзеў практычна поўнасцю. "Таму што вы - малайцы, вы выйгравалі, вы змагаліся. Самае галоўнае, што змагаліся і ў вас амаль не было няўдач. Трэнеры - малайцы. Яны дакладна планавалі падыходы кожнага спартсмена, ведалі, на што здольны спартсмен. Не скажу, што на 100% вынік паказалі, але блізка да гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую каштоўнасць паспяховага выступлення цяжкаатлетаў на фоне няўдач спартсменаў у іншых відах спорту. "Шчыра кажучы, вельмі мала радасці прыносіць апошнім часам спорт беларусам, - заўважыў ён. - Але цяжкая атлетыка ўваходзіць у каралі тых відаў спорту, якія прыносяць славу. Гэта вялікі від спорту".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў цяжкай атлетыцы выніку можна дабіцца толькі цаной велізарных намаганняў. "Ваш від спорту - гэта страшэнна цяжкі від спорту, самы цяжкі від спорту, такі нудны, дзе трэба пастаянна змагацца. Добра змагацца ў гульнявых відах спорту, гэта цікава, дынамічна. Але калі ты пастаянна змагаешся з сабой і штангай... І так кожны дзень. Гэта вельмі цяжкі від спорту", - выказаў меркаванне Прэзідэнт. Ён расказаў, што сам у мінулым спрабаваў займацца цяжкай атлетыкай, але пакінуў гэту спартыўную дысцыпліну. "Шчыра кажучы, гэта не мой від спорту", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш Прэзідэнт, безумоўна, сочыць за выступленнямі спартсменаў і ў якасці балельшчыка, і з пункту гледжання кіраўніка, ацэньваючы вынік работы спартыўнай галіны. "Мне на чэмпіянаце Еўропы ўсё спадабалася, малайцы. Але планку ўзнялі высока. Трэнеры перакрэслілі ўсе свае няўдачы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вельмі патрабавальна ставіцца да трэнераў і тых службовых асоб, якія курыруюць тыя ці іншыя спартыўныя дысцыпліны. "Кожнаму віду спорту патрэбна ўвага. Не ўтойваю, патрэбны пэўны адміністрацыйны рэсурс. Трэба стварыць умовы. На жаль, ні ў адной краіне, не толькі ў нас, без гэтага рэсурсу не абысціся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб сваіх асабістых уражаннях ад прагляду чэмпіянату Еўропы, Прэзідэнт звярнуў увагу на атмасферу ў час цырымоніі ўзнагароджання і моцныя патрыятычныя пачуцці, з якімі беларускія спартсмены паднімаліся на п'едэстал. "Спартсмены, калі бяруць сцяг, адчуваецца, што гэта ўжо беларусы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Трэнеры ўзялі ўсё лепшае, што было ў нашай вялікай краіне (Савецкім Саюзе. - Заўвага), і выхавалі сваіх. Ужо адчуваецца, што гэта выходзіць беларус, народжаны ў суверэннай незалежнай Беларусі".

Нацыянальная каманда цяжкаатлетаў, сапраўды, складаецца выключна з грамадзян Беларусі, у ёй няма легіянераў - замежных спартсменаў, якія выступаюць за іншую дзяржаву. Больш таго, адсутнічае неабходнасць запрашаць кагосьці з-за мяжы, паколькі ў цяжкай атлетыцы наладжана эфектыўная сістэма пошуку, адбору і падрыхтоўкі спартсменаў. Здольных падлеткаў трэнеры адбіраюць па ўсіх рэгіёнах краіны і выхоўваюць з іх спартсменаў высокага класа. Вельмі важна, што пры гэтым захоўваецца пераемнасць: больш вопытныя цяжкаатлеты перадаюць веды маладому пакаленню.

За прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, значныя спартыўныя дасягненні Прэзідэнт узнагародзіў медалём "За працоўныя заслугі" старшага трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі" Валерыя Сізянка. Дыплом аб прысваенні звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка ўручыў цяжкаатлетцы Дар'і Навумавай. Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена членам нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы за паспяховае выступленне на чэмпіянаце Еўропы - галоўным трэнерам Валянціну Кароткіну і Віктару Шаршукову, а таксама спартсменам-інструктарам Генадзю Лапцеву і Яўгену Ціханцову.

Пасля ўручэння ўзнагарод і аб'яўлення падзяк Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў са спартсменамі і трэнерамі, абмеркаваўшы з імі бягучыя пытанні ў цяжкай атлетыцы, развіццё гэтага віду спорту ў краіне і планы на будучыя старты. Асобная ўвага была звернута на ўдзел беларускіх атлетаў у Алімпійскіх гульнях 2020 года, якія пройдуць у Токіа. "Галоўнае, каб больш спартсменаў паехалі на Алімпіяду. Хацелася б пачуць, як тут ідуць справы", - сказаў Прэзідэнт.

Закраналася таксама тэма аб'ектыўнасці судзейскіх ацэнак на міжнародных спаборніцтвах. Адзначалася, што нават у такіх відах спорту, як цяжкая атлетыка, дзе вынік спартсмена здаецца відавочным, прысутнічае суб'ектывізм суддзяў і прадузятае стаўленне. Таму Прэзідэнт нацэліў перш за ўсё трэнерскі склад на адстойванне інтарэсаў кожнага спартсмена, барацьбу за справядлівы падыход да ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў.

Размова Кіраўніка дзяржавы з трэнерамі і спартсменамі прадоўжылася ў фармаце чаяпіцця. Улічваючы спецыфіку спартыўнага рэжыму і харчавання цяжкаатлетаў, ім былі прапанаваны не толькі кандытарскія вырабы, але і традыцыйныя беларускія стравы, напрыклад, сала і хлеб, прыгатаваныя па фірменных рэцэптах. "Вельмі смачна і пікантна, - падзяліўся ўражаннямі з журналістамі пасля прыёму ў кіраўніка дзяржавы трэнер каманды Валерый Сізянок. - Для нашага віду спорту яно вельмі карысна. Гэта рэкамендацыя цяжкаатлета - ужываць гэты прадукт". Паводле яго слоў, сустрэча прайшла ў дружалюбнай і цёплай абстаноўцы, Прэзідэнт удзяліў увагу кожнаму спартсмену, абмяркоўваліся і праблемныя пытанні ў цяжкай атлетыцы, і поспехі беларускіх атлетаў.

Перад сустрэчай з Кіраўніком дзяржавы для членаў нацыянальнай каманды была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь