Бел
Галоўная   /  Падзеі

Уручэнне дзяржаўных узнагарод работнікам сістэмы аховы здароўя

7 жніўня 2020 года

Медыкі ў перыяд барацьбы з каранавірусам, забыўшы пра рэгаліі, ішлі да агульнай мэты не шкадуючы сіл. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня ў час сустрэчы з работнікамі сістэмы аховы здароўя і ўручэння ім дзяржаўных узнагарод.

Прэзідэнт лічыць, што гэта сапраўды гістарычны дзень, паколькі ўпершыню ўручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам адной прафесіі. "Я вельмі рады, што паступова вы, нашы ўрачы, усе, хто меў дачыненне да гэтай барацьбы, вяртаецеся да прывычнага жыцця. Можаце нарэшце абняць сваіх дзяцей, жонак, мужоў, бацькоў, якіх многія з вас не бачылі тыднямі, а часам месяцамі, таму што многія з вас жылі ў бальніцах і лабараторыях. Перакананы, разлука далася вам нялёгка. Але вы добраахвотна пайшлі на гэта дзеля адданасці прафесійнаму абавязку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што медыкі рызыкавалі сабой, і размова не толькі пра небяспеку заразіцца COVID-19, але і пра фізічныя і эмацыянальныя нагрузкі, пра бяссонныя ночы каля ложка самых складаных пацыентаў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што пандэмія ў свеце з'яўляецца не проста распаўсюджваннем нейкай хваробы, а палітычнай і эканамічнай вайной.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, на жаль, у свеце так і не з'явіліся гатовыя рэцэпты, як вылечыць захворванне. "Але разам мы справіліся, наперакор усім крытыкам і нядобразычліўцам, - сказаў Прэзідэнт. - Іх было шмат, застаецца шмат і будзе нямала, таму што, як я вас папярэджваў тры месяцы таму, пандэмія - гэта не проста хвароба. Гэта палітычная і, як ужо сёння бачым, эканамічная нават не процістаянне, а вайна".

"Усе дзяржавы спрабуюць выкарыстаць гэту хваробу, каб падняцца, узвысіцца і апусціць іншых, калі гэта ў іх атрымаецца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эканоміць на расходах на медыцынскія мэты нельга. "Я ўжо гаварыў: на барацьбу з каранавірусам дзяржава патраціла больш за паўмільярда рублёў. Мы небагатая краіна, але добра разумеем, што кожная новая тэхналогія, абсталяванне або лякарства - гэта сотні і тысячы выратаваных жыццяў. І эканоміць на гэтым нельга", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт перакананы, што прэміяльныя выплаты ўрачам, якія працуюць суткамі, таксама заслужанае заахвочванне. "А ў наступнай пяцігодцы Ураду даручана давесці сярэднюю заработную плату медыкам да 150% ад сярэдняй па краіне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць таго, што медыкаў, якія змагаліся з каранавірусам, у апошнія дні заслужана ўшаноўвалі па ўсёй краіне. Ён сказаў, што хацеў бы запрасіць усіх работнікаў аховы здароўя і выказаць ім удзячнасць, але паколькі гэта немагчыма, даручаў усёй вертыкалі ўлады сустрэцца і падзякаваць тым, хто змагаўся з каранавіруснай інфекцыяй.

У Палац Незалежнасці былі запрошаны ўрачы з розных рэгіёнаў Беларусі. "Я рады магчымасці асабіста падзякаваць вам і ў вашай асобе ўсім медыцынскім работнікам краіны за самаадданую і нават гераічную працу. Падкрэсліваю: я асабіста хачу вам падзякаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Сярод узнагароджаных - пульманолагі і інфекцыяністы, а таксама ўрачы іншых спецыяльнасцей, якія экстранна асвоілі новую для сябе спецыялізацыю, рэаніматолагі, урачы першаснага звяна і хуткай дапамогі, медыцынскія сёстры і малодшы персанал, памочнікі і фельчары, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы, урачы лабараторнай дыягностыкі, вучоныя, галоўныя ўрачы і кіраўнікі-арганізатары, работнікі Міністэрства аховы здароўя.

"Усе вы, забыўшы пра рэгаліі, ішлі да агульнай мэты не шкадуючы сябе, часам, спачатку нават не ўсведамляючы, што будзе заўтра", - заўважыў Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка падзякаваў студэнтам старшых курсаў медыцынскіх ВНУ: "Яны яшчэ нават не паспелі даць клятву беларускага ўрача, але ўжо выканалі ўсе пункты гэтай клятвы. Устаўшы плячо ў плячо з дыпламаванымі спецыялістамі, яны паказалі, што вырасла дастойная змена. Медыкі, для якіх важней за ўсё на свеце гуманізм і адданасць выбранай прафесіі".

Прэзідэнт пажадаў усім медыцынскім работнікам і іх блізкім перш за ўсё здароўя, а таксама шчасця і дабрабыту. "Жывіце доўга! Будзеце жыць вы - будзе жыць нацыя. Мы перажылі складаны перыяд, але дзякуючы гэтаму змаглі яшчэ раз убачыць і ацаніць, якія незвычайныя людзі жывуць сярод нас. Яшчэ раз удзячны вам за ўсё тое, што вы зрабілі. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Мы набылі вялікі вопыт гэтай барацьбы і павінны зрабіць усё, каб у будучым ні другой, ні трэцяй хвалі не было. А калі, не дай бог, нешта здарыцца, каб мы падрыхтаванымі змаглі стаць разам і абараніць наш народ", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ганаровае званне "Народны ўрач Беларусі" прысвоена загадчыку кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прафесару, доктару медыцынскіх навук Ігару Карпаву. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што цяпер, у час эпідэміі каранавіруса, менавіта Ігар Карпаў узначаліў работу па аказанні дапамогі пацыентам - ездзіў непасрэдна па рэгіёнах, займаючыся самымі цяжкімі выпадкамі, кансультаваў, дапамагаў. "Гэта яскравы, дастойны прыклад сапраўднага народнага ўрача Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу Ігар Карпаў падзякаваў за высокую ацэнку яго працы. "Асабліва для людзей нашага пакалення слова "народны", напэўна, з'яўляецца вышэйшай формай заахвочвання. Гэта выдатны тэрмін, з якім наша пакаленне пражыло ўсё працоўнае жыццё. Тое, што я стаю сёння тут, - прыемны для мяне збег акалічнасцей. А вось тое, што наша медыцына аказалася прафесіянальнай, мужнай і падрыхтаванай да цяжкіх момантаў, што аказвалася дапамога на ўсіх узроўнях і яна дайшла да ўсіх рэгіёнаў краіны, сведчыць аб тым, што ў нас сапраўды народная медыцына і што вы, паважаныя прысутныя, з'яўляецеся народнымі медыкамі", - сказаў урач.

На заканчэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гатовы гатовы здаць плазму крыві з антыцеламі да каранавіруса. "Я адкрыю сакрэт. Можа, нават для Уладзіміра Сцяпанавіча (Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. - Заўвага). Паколькі мне давялося гэту бяду, як ён кажа, перанесці ўжо. Ведаеш, я пра што падумаў. Ты ж мяне ў гэты залаты фонд цяпер запішаш, калі здаюць кроў, плазму робяць і потым лечаць людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Ты вазьмі гэту плазму, увядзі ўсім апазіцыянерам па кроплі. Самы просты шлях павярнуць іх у бок дзяржавы, у мой бок. Я гэта публічна гавару, каб усе апазіцыянеры па кроплі крыві атрымалі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Яны не адмовяцца. Ты ж ведаеш, калі ў рэанімацыю трапляеш, там ужо не глядзіш, якая кроў. Толькі б выжыць. Такі паўжарт-паўпраўда".


© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь