Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Уручэнне дзяржаўных узнагарод работнікам сістэмы адукацыі

29 жніўня 2017 года
Настаўніку французскай мовы гімназіі № 1 г. Салігорска Таццяне Мялешка аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым работнікам сістэмы адукацыі.

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, арганізацыю аздараўлення дзяцей, падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў і высокакваліфікаваных спецыялістаў высокіх узнагарод і ганаровых званняў удастоены 37 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння запрошаны лепшыя работнікі сістэмы адукацыі, якія фарміруюць маральную і духоўную аснову маладога пакалення беларусаў. Многія былі ўдзельнікамі Рэспубліканскага педагагічнага савета. "Прывіваючы з дзяцінства любоў да сапраўдных каштоўнасцей, перадаючы свае веды, вы садзейнічаеце станаўленню адукаванай, культурнай і працавітай беларускай нацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Уручэнне дзяржаўных узнагарод напярэдадні Дня ведаў - не толькі прызнанне вашых асабістых заслуг, але і знак глыбокай павагі да высакароднай прафесіі настаўніка".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць добрага выхавання дзяцей з першых гадоў жыцця. Менавіта таму вялікае значэнне набывае якасць работы дашкольных устаноў. "Яна ў першую чаргу залежыць ад выхавальнікаў, ад іх душэўнай цеплыні і ўмення падабраць ключык да кожнага маленькага. Такія людзі заслугоўваюць усялякай падтрымкі і заахвочвання", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджана выхавальніца ясляў-сада № 78 Гродна Таццяна Літвінчык. Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена выхавальніцы санаторных ясляў-сада № 72 Віцебска Святлане Крэпскай. Лепшыя кіраўнікі і настаўнікі сталічных, абласных і раённых школ і гімназій за працоўныя поспехі, высокі прафесіяналізм і адданасць прызванню педагога ўдастоены дзяржузнагарод. Сярод іх узнагароджаныя медалём "За працоўныя заслугі" настаўнік матэматыкі Ельскай раённай гімназіі Валянціна Трошка, настаўнік геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна Ірына Пічугіна, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 11 Слуцка Уладзімір Жук. "Упэўнены, што яны стануць для вас добрым стымулам у далейшай, яшчэ больш паспяховай рабоце", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да педагогаў.

Важную ролю адыгрывае прафесійна-тэхнічная адукацыя, у развіцці якой Беларусь дасягнула немалых поспехаў. Запатрабаванасць яе ў краіне і ў замежных партнёраў з'яўляецца своеасаблівым знакам якасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ўзнагародамі адзначаны лепшыя прадстаўнікі ліцэяў і каледжаў з Віцебска, Івацэвіч, Крычава, Мінска, Магілёва і Пінска. Сярод іх дырэктар Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Дымовіч, настаўнік матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ала Рошаль, старшы майстар Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Генадзь Раманоўскі. Ім сёння ўручаны медаль "За працоўныя заслугі".

"За падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для галін эканомікі адказвае перш за ўсё вышэйшая школа. Многія ВНУ паспяхова ўкараняюць інавацыйныя метады навучання і становяцца сапраўднымі цэнтрамі развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу як у рэгіёнах, так і ў сталіцы нашай Беларусі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі знаходзяцца на аднолькавай ступені развіцця і падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.

Ганаровае званне "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" прысвоена рэктару Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыю Лазоўскаму і рэктару Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Пятру Пойту, прафесару кафедры электрычных станцый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Фёдару Раманюку і іншым прадстаўнікам вышэйшых навучальных устаноў. Першаму намесніку начальніка Акадэміі МУС Аляксею Башану і начальніку кафедры філасофіі і ідэалагічнай работы Акадэміі МУС Сяргею Масленчанку прысвоена ганаровае званне "Заслужаны супрацоўнік органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь". Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіміру Шымаву.

"Педагогі не толькі прыўносяць у жыццё нашых дзяцей мноства новых і важных ведаў. Яны дбайна клапоцяцца аб падрастаючым пакаленні краіны, выхоўваючы ў іх павагу, дружбу і патрыятызм", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён павіншаваў педагогаў з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і дасягненняў у нялёгкай, але пачэснай працы.

Па існуючай традыцыі яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па адным з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту - Палацы Незалежнасці. Педагогі наведалі найбольш знакавыя месцы, дзе прымаюцца важныя для краіны рашэнні, праводзяцца міжнародныя сустрэчы і саміты.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь