Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Уручэнне дзяржаўных узнагарод

27 чэрвеня 2018 года
Уручэнне дзяржаўных узнагарод
глядзіце таксама: відэа
27 чэрвеня 2018 года
Уручэнне дзяржаўных узнагарод
Уручэнне дзяржаўных узнагарод
глядзіце таксама: фота
27 чэрвеня 2018 года
Уручэнне дзяржаўных узнагарод
23 фота

Суверэнітэт Беларусі - гэта людзі, якія штодзённа шчыра і сумленна выконваюць сваю работу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня ў час уручэння дзяржаўных узнагарод.

"Уручэнне ўзнагарод напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята асабліва сімвалічна і знамянальна. Паколькі, гаворачы аб незалежнасці краіны, мы маем на ўвазе народ. Наш суверэнітэт - гэта людзі, якія штодзённа шчыра і сумленна выконваюць сваю работу: захоўваюць мір і парадак на роднай зямлі, застаючыся ўзорам мужнасці і вернасці службоваму абавязку; умацоўваючы эканамічную стабільнасць, працуюць на вытворчасцях, будоўлях, у навуковых лабараторыях, на фермах і палях; забяспечваюць сацыяльную падтрымку насельніцтва, працуючы ў сферах аховы здароўя, адукацыі, у грамадскіх арганізацыях; фарміруюць імідж краіны сваімі спартыўнымі перамогамі і дасягненнямі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, слава заўсёды знаходзіць таго, хто ў сваёй працы шчыра імкнецца прынесці карысць Айчыне, для каго ўзнагародай у першую чаргу з'яўляецца вынік яго дзейнасці. "Менавіта такія людзі, захопленыя справай, сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты Радзімы, сабраліся ў гэтай зале. Вы і ёсць самая надзейная апора нашай дзяржавы. З'яўляючыся ўзорнымі спецыялістамі, робіце значна больш, чым расказваюць пра вас узнагародныя лісты. З'яўляецеся самым красамоўным прыкладам майстэрства і асабістага поспеху для ўсіх, хто знаходзіцца побач з вамі. А значыць, мяняеце жыццё да лепшага", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падзякаваў удзельнікам цырымоніі за прафесіяналізм і актыўную грамадзянскую пазіцыю, пажадаў здароўя, шчасця і дабрабыту.

Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, смеласць і рашучасць, праяўленыя ў барацьбе са злачыннасцю, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне, значны асабісты ўклад у распрацоўку і мадэрнізацыю ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, развіццё энергетычнай сістэмы, лёгкай прамысловасці, сферы аховы здароўя, гандлю, навукі, культуры і спорту.

У ліку ўзнагароджаных ордэнам "За службу Радзіме" III ступені намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Печань і першы намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.

Ордэнам "За асабістую мужнасць" адзначаны заслугі першага намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама - начальніка крымінальнай міліцыі Аляксандра Васільева. У тым ліку дзякуючы яго прафесіяналізму, стрыманасці, выключнай адвазе і мужнасці ўдалося выратаваць жыцці заложнікаў і затрымаць узброенага злачынца, які напаў на аддзяленне банка ў Магілёве 20 лістапада мінулага года.


Вялікая група работнікаў удастоена ордэна Пашаны. У іх ліку старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па вольнай барацьбе трохразовы алімпійскі чэмпіён, шматразовы чэмпіён свету Аляксандр Мядзведзь.

Аналагічнай узнагародай адзначаны заслугі дырэктара ААТ "Квасевічы" Віктара Алексеюка, трактарыста-машыніста КСУП "Аўсянка імя І.І. Мельніка" Мікалая Дземянкова, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'яна Мацкевіча, дырэктара ААТ "КБ Радар" - кіруючая кампанія холдынга "Сістэмы радыёлакацыі" Ігара Садоўскага, дырэктара ААТ "140 рамонтны завод" Аляксандра Чуракова, старшыні суда Магілёўскага раёна Вольгі Клякоўкінай і многіх іншых.

"Не так часта, але бываюць такія сур'ёзныя мерапрыемствы, калі не толькі гэта зала, пабудаваная рукамі нашых тварцоў, але і Палац Незалежнасці напаўняецца асаблівым зместам. Тут ствараецца асаблівая аўра. Для мяне асабіста гэта не на адзін дзень. Гэта ўзнімае настрой, дае нейкія дадатковыя сілы для таго, каб працаваць так, як працуеце вы. Працаваць заўсёды прыемна і настрой заўсёды добры, калі ёсць здароўе. Калі няма здароўя, напэўна, цяжка думаць пра работу. Таму я жадаю вам перш за ўсё моцнага здароўя. Вы - тая каштоўнасць нашай нацыі і той святы фонд, які застанецца новым пакаленням, якія прыйдуць пасля нас. На вас будуць глядзець, на вас будуць раўняцца. Жывіце доўга і наперад да новых перамог!" - пажадаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя ўручэння дзяржузнагарод яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па Палацы Незалежнасці.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь