Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер. Цырымонія адбылася 28 снежня ў Палацы Незалежнасці.

"Сёння мы прадаўжаем узнагароджанне дастойных людзей Беларусі, якія дасягнулі значных поспехаў у мінулым пяцігоддзі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша дзяржава высока цэніць шматгадовую карпатлівую працу і высокія дасягненні ў любой галіне і сферы дзейнасці".

Прэзідэнт адзначыў, што ў ліку ўзнагароджаных прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, але ўсіх іх аб'ядноўвае адданасць любімай справе, адказнасць і выключная працавітасць. Усяго ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены 54 чалавекі. У іх ліку прадстаўнікі сілавых структур, работнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, адукацыі, аховы здароўя, культурнай сферы. Узнагарод удастоены таксама работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю і Міністэрства па падатках і зборах.

Асаблівую ўрачыстасць цырымоніі надало ўзнагароджанне Валерыя Барашкова, які стаў першым лаўрэатам ганаровага звання "Народны настаўнік Беларусі". Упэўнены, увядзенне новага ганаровага звання дапаможа павысіць прэстыж высакароднай прафесіі педагога і зацвердзіць яе высокі статус у грамадстве", - адзначыў Прэзідэнт.

Гаворачы аб заслугах работнікаў вытворчага сектара, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тут на першы план выходзяць майстэрства, вопыт і валоданне самымі сучаснымі тэхналогіямі. Сярод узнагароджаных - кіраўнік Аршанскага станкабудаўнічага завода "Чырвоны барацьбіт", прызнанага адным з лідараў у вытворчасці тэхналагічнага абсталявання не толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы.

"Кваліфікаваная медыцынская дапамога для грамадзян з любога кутка краіны, ахова мацярынства і дзяцінства, павелічэнне працягласці жыцця людзей - гэта прыярытэты сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы", - заявіў беларускі лідар, адзначаючы заслугі прадстаўнікоў сферы аховы здароўя.

Вялікая група вядомых спартсменаў і трэнераў удастоена ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму.

"Асаблівы гонар нашым першым алімпійскім чэмпіёнам, якія заваявалі золата на Алімпіядзе ў Італіі 1960 года ў веславанні на байдарках і каноэ. Няхай ваша працавітасць, стойкасць і мэтанакіраванасць стануць прыкладам для сённяшніх маладых спартсменаў", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка. Ордэнам Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўзнагароджаны першыя беларускія чэмпіёны Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Італіі па веславанні на байдарках і каноэ Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў краіне глыбокай павагай карыстаюцца людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё справе міласэрнасці і дапамогі бліжняму. За значны ўклад у рэалізацыю духоўна-асветных і сацыяльных праектаў, а таксама захаванне і ўзвядзенне праваслаўных храмаў на беларускай зямлі ўзнагароджана Настасся Асіціс, прэзідэнт расійскага Дабрачыннага фонду святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены.

"За бягучы год гэта, напэўна, самае масавае і прадстаўнічае ўзнагароджанне. Але галоўнае, можа, нават не гэта ваша сённяшняя ўзнагарода. Галоўнае, каб гэта быў першы або чарговы крок да атрымання новых узнагарод", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама шчыра павіншаваў усіх удзельнікаў мерапрыемства з надыходзячым Новым годам і светлым святам Ражджаства Хрыстовага.

Яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па Палацы Незалежнасці.