Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 9

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер. Цырымонія адбылася 2 снежня ў Палацы Незалежнасці.

"Зусім нядаўна на Усебеларускім народным сходзе мы падводзілі вынікі мінулай пяцігодкі. Гэта быў няпросты этап у развіцці нашага грамадства. У нас былі цяжкасці, былі і поспехі. У цэлым за гэты перыяд Беларусь зрабіла пэўны крок наперад у сваім развіцці. І тут велізарная заслуга людзей, якія карпатліва працавалі дзень пры дні, прымнажаючы здабытак нашай краіны. Сённяшняя цырымонія - першае з шэрага мерапрыемстваў па ўшаноўванні лепшых працаўнікоў па выніках пяцігоддзя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ордэнаў і ганаровых званняў удастоены 36 чалавек за шматгадовую плённую работу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, сельскай і лясной гаспадарцы, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальных адносін, навуковай дзейнасці, сферы аховы здароўя, мастацтва, культуры і спорту.

Цёплыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў тым, хто звязаў свой прафесійны лёс з вытворчай сферай. Гэта работнікі прадпрыемстваў, якія па праву лічацца беларускімі брэндамі. "Іх прадукцыя запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. На прадпрыемствах актыўна ўкараняюцца перспектыўныя распрацоўкі, новыя тэхнічныя рашэнні, што дае магчымасць павысіць якасць прадукцыі, знізіць яе сабекошт, энерга- і рэсурсаёмістасць, - адзначыў Прэзідэнт. - На жаль, далёка не на ўсіх прадпрыемствах. Мы нядаўна разглядалі гэтыя праблемы на прыкладзе машынабудаўнічай галіны".

"Вашы дасягненні ў цяперашні няпросты час сведчаць аб тым, што сапраўдным залогам поспеху з'яўляюцца ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Узнагароды ўручаны работнікам аграпрамысловага комплексу, якія, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дастойна забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і важка папаўняюць валютныя рэсурсы. Сярод лепшых гаспадарак - СВК "Агракамбінат Сноў", які ў мінулым годзе быў прызнаны лідарам у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў заслугі ААТ "Лазавічы" Клецкага раёна і СВК "Рассвет" Кіраўскага раёна. "У вашай асобе мы аддаём даніну павагі айчынным аграрыям, якія самааддана працуюць, асвойваюць перадавыя тэхналогіі і дабіваюцца выдатных вынікаў у рабоце. Прыемна бачыць, як з кожным годам у нашай краіне павышаецца культура земляробства, укараняюцца эфектыўныя метады гаспадарання, паляпшаецца жыццё вяскоўцаў", - сказаў Прэзідэнт.


На цырымоніі таксама прысутнічала вялікая група прадстаўнікоў сілавых структур, сярод якіх ваеннаслужачыя і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. "Менавіта на вас ускладзена выключна важная місія забеспячэння бяспечных умоў жыцця грамадзян, законнасці і правапарадку ў грамадстве, надзейнай абараназдольнасці краіны. Прыміце словы ўдзячнасці за тое, што ахоўваеце самае дарагое для чалавека, грамадства, краіны - мір і спакой у нашых дамах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку ўзнагароджаных сёння - урачы, прадстаўнікі калектываў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Мінскага абласнога радзільнага дома. "Вы ўносіце прыкметны ўклад у барацьбу з небяспечнымі захворваннямі, ахову мацярынства і дзяцінства, паляпшэнне здароўя насельніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Даніну павагі Аляксандр Лукашэнка аддаў і тым, хто праслаўляе Беларусь спартыўнымі дасягненнямі. "Няхай іх апошнім часам стала не так шмат, але яны ёсць", - адзначыў ён. Ганаровых званняў удастоены спартсмены, якія заваявалі медалі на міжнародных спаборніцтвах, група трэнераў, якія выхоўваюць новых чэмпіёнаў і шырока прапагандуюць сярод насельніцтва спорт і здаровы лад жыцця.

Культурную сферу на мерапрыемстве прадстаўлялі артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт падзякаваў ім за тое, што яны нясуць грамадству ідэалы сапраўднай прыгажосці, гармоніі і высокага мастацтва.

"Сёння вы набылі сапраўды ўсенароднае прызнанне за заслугі перад Радзімай. Няхай успаміны аб гэтым дні стануць для вас стымулам да новых дасягненняў", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.