Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 22

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям Беларусі. Урачыстая цырымонія адбылася 30 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці.

"Перад нашай краінай стаяць вельмі адказныя задачы, якія мы нядаўна абмяркоўвалі на Усебеларускім народным сходзе. Ад жыццёвай пазіцыі кожнага з вас, напружанай працы залежыць тое, вырашым мы гэтыя задачы ці не, - сказаў Прэзідэнт. - У жыцці дзяржавы няма другарадных сфер. Умацаванне абараназдольнасці і бяспекі, развіццё галін эканомікі, адукацыі, навукі, культуры, спорту, вырашэнне пытанняў сацыяльнай абароны - усё гэта разам фарміруе дабрабыт нашай дзяржавы".

"Прыемна глядзець на людзей, якія выдатна зарэкамендавалі сябе ў сваёй прафесіі, якія хочуць, каб наша дзяржава мацнела, развівалася хуткімі тэмпамі. Упэўнены, што кожны чалавек, які сядзіць у гэтай зале, - паспяховая асоба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі.

Узнагароды ўручаны сарака прадстаўнікам розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, развіццё навуковай і педагагічнай дзейнасці, сферы аховы здароўя, культуры і спорту.

Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік і насмеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Лашын.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Аляксандр Гура ўдастоены ордэна "За службу Радзіме" II ступені. Шэрагу прадстаўнікоў сілавых структур таксама ўручаны ордэны "За службу Радзіме" III ступені.

Кіраўнікі розных узроўняў адзначаны ордэнам Пашаны. Сярод іх віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Русецкі, міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Віктар Таранцей, загадчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Прадстаўнікам розных прафесій, кіраўнікам арганізацый і ведамстваў уручаны таксама медалі "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", "За працоўныя заслугі", медалі Францыска Скарыны, прысвоены ганаровыя званні заслужанага артыста, работніка адукацыі, заслужанага юрыста, металурга, работніка фізічнай культуры і спорту, заслужанага трэнера і майстра спорту.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч узнагароджана ордэнам Пашаны