Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 14
Жанчыны дабіваюцца працоўных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а ў многіх з іх упэўнена трымаюць лідзіруючыя пазіцыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, уручаючы 6 сакавіка дзяржаўныя ўзнагароды.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сённяшняя сустрэча асаблівая, яна прымеркавана да цудоўнага вясенняга свята - Дня жанчын. "Гэта свята сімвалізуе глыбокую павагу да маці, жонак, сясцёр, калег, шанаванне працаўніц, захапленне любімымі, - сказаў Прэзідэнт. - У гэты дзень мы дзякуем вам за вялікі ўклад у развіццё сфер жыцця сучаснага беларускага грамадства. За тую ролю, якую вы адыгрываеце ў дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, прамысловасці, культуры і, вядома ж, сям'і. Таму пярэдадзень свята 8 Сакавіка - цудоўная нагода для таго, каб адзначыць заслугі нашых выдатных жанчын".

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўніцы розных прафесій. Сярод іх Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў медыцынскіх работнікаў, паколькі, на яго думку, дасягненні беларускай медыцыны былі б немагчымы без прафесіяналізму, клапатлівых рук і добрых сэрцаў медыкаў - прадстаўніц прыгожай палавіны.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў значнасць поспехаў жанчын у гандлі і грамадскім харчаванні, сувязі, банкаўскай справе, лёгкай і харчовай прамысловасці.

"Жанчыны не толькі захавальніцы дамашняга ачага, але і абаронцы дзяржавы, спакою і парадку ў нашым грамадстве. Сёння ўсё больш нашых суайчынніц знаходзяць сваё прызванне ў арміі, міліцыі, мытні, структурах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Большасць дзяржаўных служачых у нас таксама складаюць прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць неацэнным уклад жанчын у захаванне і прымнажэнне нацыянальнай культурнай спадчыны. Ён акцэнтаваў увагу на важнай ролі жанчын у развіцці і ўдасканаленні адукацыі і навуковай сферы, фізкультуры і спорту. "Бліскучыя поспехі нашых жанчын на ніве мастацтва і спорту праслаўляюць краіну", - перакананы беларускі лідар.

Удзячнасці Прэзідэнта па праву заслужылі работніцы сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паколькі немагчыма пераацаніць ролю жанчын у справах міласэрнасці і дапамогі блізкаму.

"Дзякуй вам за тое, што сваёй працай, талентам і дабрынёй вы робіце наш свет лепшым, - падзякаваў Аляксандр Лукашэнка. - У творчасці і грамадскай дзейнасці, на вытворчасці і дзяржаўнай службе, вы - крыніца новых ідэй, стваральнай сілы і ўмення знаходзіць аптымальныя рашэнні ў самых складаных сітуацыях. Але якімі б ні былі вашы прафесійныя поспехі, вы ніколі не забываеце аб самым галоўным - сям'і, здароўі і дабрабыце сваіх блізкіх. Менавіта на вас трымаецца дом і, як прынята лічыць, вы - захавальніцы яго цеплыні і ўтульнасці".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "шчыра рады бачыць у гэтай зале нашых суайчынніц, удастоеных ордэнаў Маці". "Мацярынства і клопат аб дзецях - гэта найвышэйшая, дадзеная Богам, місія жанчыны", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў, каб дзяржаўныя ўзнагароды сталі для жанчын добрым падарункам да свята і паслужылі выказваннем глыбокай удзячнасці і любові ўсім жанчынам Беларусі.