Уручэнне дыпломаў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

  • 19
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначае дынамічнае развіццё айчыннай навукі і павышэнне яе ролі ў вырашэнні актуальных задач, што стаяць перад краінай. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 23 студзеня ў час уручэння дыпломаў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук.

"Уручэнне дыпломаў нававыбраным акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук напярэдадні прафесійнага свята - Дня беларускай навукі - добрая нагода для нашай сустрэчы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Шчыра рады бачыць у гэтай зале людзей, якія прымаюць самы актыўны ўдзел у рэалізацыі маштабных праектаў, якія сведчаць аб дынамічным развіцці айчыннай навукі".

Прэзідэнт назваў асабліва важным той факт, што ўвага вучоных засяроджана на перспектыўных напрамках, якія вызначаюцца навуковай навізной, маюць высокі ўзровень эканамічнай эфектыўнасці, экспартны патэнцыял і запатрабаваны народнай гаспадаркай і сацыяльнай сферай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў важкі ўклад вучоных у стварэнне оптыка-электроннага абсталявання грамадзянскага і сацыяльнага прымянення і развіццё касмічнага прыборабудавання. Важнымі напрамкамі з'яўляюцца развіццё машынабудавання, металаапрацоўкі, стварэнне новых матэрыялаў.

Дасягненні вучоных шырока выкарыстоўваюцца ў айчынным аграпрамысловым комплексе пры ўкараненні перадавых тэхналогій вырошчвання і аховы раслін, у стварэнні перспектыўных сартоў збожжавых культур, сродкаў механізацыі і перапрацоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з непасрэдным удзелам беларускіх вучоных развіваецца новая для краіны біятэхналагічная галіна. На базе Акадэміі навук арганізаваны вытворчасці біятэхналагічнай і фармацэўтычнай прадукцыі.

"Беларусь па праву ганарыцца высокім узроўнем развіцця медыцыны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Дасягненні нашых вядучых вучоных-медыкаў на слыху, яны шырока асвятляюцца ў СМІ і прыцягваюць увагу грамадскасці. Значныя поспехі ў кардыяхірургіі, лазернай медыцыне, дзіцячай нефралогіі, траўматалогіі і артапедыі, эндакрыналогіі, лячэнні анказахворванняў".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўсе часы галоўным рухавіком навуковай думкі былі практычныя патрэбы людзей. Менавіта ў іх чэрпае натхненне сапраўдны вучоны. І, вядома, няма большай радасці для даследчыка, чым бачыць, як вынікі яго працы знаходзяць прымяненне і служаць агульнай карысці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ Фрэдэрык Кюры гаварыў, што вучоныя, будучы членамі вялікай сям'і працоўных, павінны быць заклапочаны тым, як выкарыстоўваюцца іх адкрыцці. Нельга забываць, што ў сучасным грамадстве менавіта навука адыгрывае вырашальную ролю ў фарміраванні светапогляду чалавека. Асаблівае значэнне маюць гуманітарныя навукі. Бо навуковыя дасягненні не толькі забяспечваюць уздым эканомікі і тэхнічны прагрэс, але і падтрымліваюць культурны, адукацыйны і інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Гэта аснова самастойнага развіцця дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што цяпер аўтарытэт вучонага і прэстыж прафесіі ў грамадстве няўхільна павышаюцца. Вельмі важна, што ўдалося пераламаць тэндэнцыю адтоку з гэтай сферы маладых кадраў і моладзь зноў ідзе працаваць у лабараторыі, звязвае свой лёс з навукай.

На думку Прэзідэнта, у Год моладзі трэба ўзняць на новы ўзровень работу па падтрымцы таленавітых студэнтаў, аспірантаў, маладых навуковых работнікаў. Трэба больш актыўна дзяліцца з імі набытымі ведамі, прыцягваць да навуковых даследаванняў. Укладзеная ў выхаванне падрастаючага пакалення праца акупіцца мнагакратна, бо гэта залог пераемнасці створаных навуковых школ.

"Прыемна, што многія з вас не скакалі з месца на месца, а ўсё сваё жыццё прысвяцілі выбранай прафесіі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай гэта стане добрым прыкладам для вашых маладых калег. Кожны вучоны павінен ганарыцца сваімі вучнямі і выхоўваць навуковую змену. Смялей падтрымлівайце перспектыўных даследчыкаў, заахвочвайце іх ініцыятыву і давярайце ім адказныя задачы".

Прэзідэнт падкрэсліў, што інтэграцыя навукі і адукацыі - патрабаванне часу. На яго думку, адначасова з правядзеннем даследаванняў неабходна рыхтаваць людзей, якія могуць быць носьбітамі новых ведаў, і эфектыўна выкарыстоўваць навуковыя дасягненні.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння ўсе важныя рашэнні прымаюцца з улікам навуковага аналізу праблем.

Даследаванні і прапановы Нацыянальнай акадэміі навук выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на перыяд да 2030 года, паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы чакаем ад вучоных новых канструктыўных прапаноў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ад вас у многім залежыць развіццё не толькі беларускай навукі, але і эканомікі, культуры, сацыяльнай сферы. Лічу, што найбольш актуальныя пытанні мы з вамі абмяркуем, у тым ліку і сёння".

Віншуючы вучоных з прысваеннем высокіх званняў і з прафесійным святам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Няхай прызнанне вашых заслуг заўсёды будзе для вас стымулам да дасягнення новых вяршынь. Няхай паспяхова ўкараняюцца вашы распрацоўкі, умацоўваюцца навуковыя школы, а вучні заўсёды радуюць".

Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук паразмаўляў з імі. Прэзідэнт пацікавіўся ў кіраўніцтва НАН, ці сапраўды дыпломы атрымалі самыя дастойныя, у сувязі з чым Кіраўніка дзяржавы запэўнілі: гэта сапраўды навуковая эліта з самымі выдатнымі вынікамі.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Вельмі спадзяюся, што мы тут урачыста вітаем самых дастойных. Я заўсёды аб гэтым папярэджваў і кіраўніцтва НАН, і адпаведных куратараў навукі. Як мне дакладваюць, ваша рашэнне выпакутавана, яно пазбаўлена ўсялякага чыноўніцкага ўплыву. Я бязмежна паважаю працу вучоных, таму нікому не будзе дазволена з тыльных дзвярэй, з-за вугла зайсці ў гэты вялікі храм навукі, тут павінны быць дастойныя людзі, якія сваім розумам і працай заслужылі гэту вяршыню".

У час сустрэчы з вучонымі размова ішла аб пытаннях медыцыны і аховы здароўя. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава ўклала вялікія сродкі, каб мадэрнізаваць установы аховы здароўя па ўсёй краіне, стварыць сучасныя бальніцы не толькі ў абласцях, але і раённых цэнтрах, а таксама самыя

сучасныя навукова-практычныя цэнтры. Напрыклад, цяпер у краіне ствараецца анкацэнтр, падобнага да якога  няма на постсавецкай прасторы. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў ахове здароўя зроблена вельмі шмат, выбудавана неабходная сістэма, якая дае магчымасць аказваць медыцынскую дапамогу на самым высокім узроўні. Пры гэтым Прэзідэнт запатрабаваў высокай якасці аказання медыцынскіх паслуг у штодзённым жыцці, калі не патрабуюцца вельмі складаныя ўмяшанні і аперацыі.

"Гэта не толькі эканоміка, гэта вялікая палітыка, якая ўплывае ў цэлым на імідж дзяржавы і эканомікі. Любы чалавек зможа прынесці славу дзяржаве, у тым ліку медыкі", - заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць беражлівага стаўлення да вучоных, да іх дасягненняў. Аляксандр

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што неабходна ўкараняць у вытворчасць дасягненні вучоных.

Сустрэча з вучонымі прайшла ў вельмі цёплай абстаноўцы, адбыўся дыялог, у ходзе якога вучоныя выказалі сваё меркаванне і паставілі перад Прэзідэнтам шэраг пытанняў, якія цікавяць іх. Кіраўнік дзяржавы выказаў гатоўнасць размаўляць з вучонымі і ў далейшым, калі будзе неабходнасць сумесна абмяркоўваць актуальныя праблемы.