Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

20 мая 2019 года
Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў
глядзіце таксама: відэа
20 мая 2019 года
Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў дзевяці краін. Цырымонія адбылася 20 мая ў Палацы Незалежнасці.

Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Беніна, Бразіліі, Даніі, Іспаніі, Емена, Рэспублікі Карэя, Мальты, Славеніі, Уганды.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі даражаць адносінамі з кожнай з прадстаўленых дзяржаў.

Аб Даніі

Прэзідэнт канстатаваў, што Данія з'яўляецца перспектыўным партнёрам для Беларусі, з якім рэспубліка мае намер развіваць больш плённае супрацоўніцтва.

"Агульная для нашых краін задача - падтрымка міру і стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Нам важны дыялог з дацкім бокам па гэтых і іншых пытаннях двухбаковага парадку дня, а таксама развіццё кантактаў у галіне гандлю, інвестыцый і энергаэфектыўнасці", - сказаў беларускі лідар.

Аб Іспаніі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне ўмацаванню супрацоўніцтва з Іспаніяй. Гэта пацвярджае назначэнне ў лютым бягучага года першага пасла Беларусі ў Мадрыдзе.

"Упэўнены, аналагічныя крокі з іспанскага боку па адкрыцці паўнацэннага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску ўмацавалі б адносіны паміж нашымі краінамі", - заявіў Прэзідэнт.

Аб Мальце

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Беларусь здольна прыкметна рушыць наперад у сваім узаемадзеянні з Мальтай, якая, з'яўляючыся адносна невялікай па тэрыторыі і колькасці насельніцтва дзяржавай, адыгрывае вельмі важную ролю ў Еўрапейскім саюзе.

"Упэўнены, што нашы краіны маглі б знайсці нямала агульных інтарэсаў, узмацніць палітычныя і дзелавыя сувязі, рэалізаваць сумесныя праекты, у тым ліку з выхадам на рынкі іншых краін", - канстатаваў ён.

Аб Славеніі

За апошнія гады Беларусі і Славеніі ўдалося стварыць салідную базу для развіцця і пашырэння ўзаемнага супрацоўніцтва, сувязей. Гэта дзяржава не раз на справе даказвала, што з'яўляецца сябрам Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, выказаўшы ўдзячнасць за падтрымку імкнення нашай краіны да нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам.

"Стабільна інтэнсіўны і эфектыўны характар маюць кантакты беларускіх і славенскіх бізнесменаў. Нашы дзелавыя колы гатовы да новых сумесных праектаў у энергетыцы, фармацэўтыцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і іншых сферах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.


Аб Бразіліі

Прэзідэнт канстатаваў, што развіццё супрацоўніцтва з Бразіліяй застаецца адным з прыярытэтаў Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне. У фокусе двухбаковых адносін - умацаванне палітычнага дыялогу, нарошчванне тавараабароту, стварэнне сумесных вытворчасцей.

"Разлічваем, што работа пасла будзе садзейнічаць вываду беларуска-бразільскіх адносін на якасна новы ўзровень, які адпавядае патэнцыялу нашых дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Емене

"Емен традыцыйна ўваходзіў у лік асноўных партнёраў Беларусі ў арабскім свеце. На жаль, кантакты паміж нашымі краінамі былі замарожаны па прычыне рэзкага пагаршэння ваенна-палітычнай сітуацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што для хутчэйшага аднаўлення Емена і вяртання гэтай дзяржавы да мірнага рытму Беларусь гатова аказваць дапамогу, забяспечыўшы пастаўкі ўсяго, што вырабляецца ў нашай краіне.

Аб Рэспубліцы Карэя

Беларусь адкрыта для далейшага паглыблення ўзаемавыгадных сувязей з Рэспублікай Карэя, асабліва ў інавацыйных сферах. "Мы запрашаем карэйскіх інвестараў для рэалізацыі сваіх высокатэхналагічных рашэнняў у Беларусі і ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і турызму", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.


Аб Беніне

У рэгіёне Заходняй Афрыкі Беларусь разглядае Бенін у якасці перспектыўнага гандлёва-эканамічнага партнёра, адзначыў Прэзідэнт.

"Інтарэсам нашых краін адпавядае больш інтэнсіўнае развіццё супрацоўніцтва і забеспячэнне стабільнага росту эканомікі. Беларусь гатова прапанаваць вашай краіне шырокую гаму тэхнікі, спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання, а таксама адукацыйныя паслугі. Чакаем ад бенінскага боку сустрэчных ініцыятыў для сумеснай рэалізацыі", - сказаў ён.

Аб Угандзе

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў інтарэс Беларусі да развіцця ўзаемадзеяння з Угандай. Перспектыўным з'яўляецца наладжванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у першую чаргу ў частцы паставак беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая добра зарэкамендавала сябе на афрыканскім рынку, а таксама старэння сумесных зборачных вытворчасцей, лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Разлічваем на садзейнічанне новага пасла ў рэалізацыі праектаў у іншых сферах узаемнага інтарэсу, у прыватнасці па падрыхтоўцы ў Беларусі кваліфікаваных кадраў для Уганды, супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, абароны, культуры", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў паслоў з пачаткам дыпламатычнай місіі, падкрэсліўшы, што разлічвае на іх актыўны і прафесійны ўдзел у справе ўмацавання і дынамічнага развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю, напаўнення яго новай якасцю і зместам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь адкрыта для дружалюбных і дзелавых адносін з усімі дзяржавамі. "Наша краіна славіцца сваёй гасціннасцю. Мы адкрыты для дружалюбных і дзелавых узаемаадносін з усімі дзяржавамі. Упэўнены, вам будзе камфортна ажыццяўляць свае дыпламатычныя функцыі. Таму што асновы нашай знешняй палітыкі - міралюбнасць і шматвектарнасць, узважанасць, паслядоўнасць і прадказальнасць, - сказаў беларускі лідар. - І тыя, хто падзяляе гэтыя падыходы, хто прыходзіць да нас з мірам і добрымі намерамі, заўсёды знойдуць у Беларусі разуменне і падтрымку ў рэалізацыі ўсіх канструктыўных планаў і ідэй".

Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што на беларускай зямлі яны будуць адчуваць сябе ўпэўнена і ў бяспецы. "Мы па праву ганарымся тым, што ў нас няма расавай дыскрымінацыі, адсутнічаюць разлад і канфлікты на нацыянальнай, рэлігійнай глебе", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што пачатак місіі ў Беларусі замежных паслоў прыпаў на вясну, якая заўсёды дорыць станоўчыя эмоцыі і надзею на абнаўленне, перамены. "Але ў вясны ў Беларусі ёсць яшчэ адно важнае значэнне. Кожны год ў маі мы ўшаноўваем ветэранаў і святкуем чарговую гадавіну Вялікай Перамогі над фашызмам. Прадаўжэннем стане галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці - Дзень Незалежнасці. У гэтым годзе ў ліпені спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нацызму. На гэтым гістарычным фундаменце мы амаль тры дзесяцігоддзі будуем суверэнную беларускую дзяржаву", - заявіў Прэзідэнт.

"За адносна невялікі час наша краіна дабілася многага. Беларусь заняла дастойнае месца на міжнароднай арэне, набыла надзейных саюзнікаў, партнёраў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння надзвычай запатрабавана канструктыўная роля дыпламатыі і дыпламатаў, якія ўмеюць слухаць, чуць, весці перагаворы і знаходзіць кампрамісы, дапамагаюць пераадолець складанасці і рознагалоссі ў міжнародных адносінах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў сучасным свеце, які раздзіраецца супярэчнасцямі, несціхаючымі ваеннымі канфліктамі, гандлёвымі войнамі і санкцыямі, экстрэмізмам і нецярпімасцю, іншымі беспрэцэдэнтнымі выклікамі і пагрозамі, Беларусь мэтанакіравана і паслядоўна папулярызуе мірны і ўсёабдымны парадак дня.

"Мы шчыра нацэлены на абнаўленне дыялогу па ўмацаванні мер бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. На стварэнне дзейсных механізмаў партнёрства паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, фарміраванне спрыяльнага клімату для гандлёвага, эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама выказаў надзею на падтрымку прадстаўляемых пасламі дзяржаў па гэтых і іншых тэмах узаемнага інтарэсу.

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь