Бел
Галоўная   /  Падзеі

Уручэнне даверчых грамат

12 верасня 2019 года
Уручэнне даверчых грамат
глядзіце таксама: відэа
12 верасня 2019 года
Уручэнне даверчых грамат
Уручэнне даверчых грамат
глядзіце таксама: фота
12 верасня 2019 года
Уручэнне даверчых грамат
14 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 12 верасня даверчыя граматы паслоў 12 краін і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.

Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі паслы Балгарыі, Вялікабрытаніі, Гватэмалы, Германіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Расіі, Танзаніі, Харватыі, Швейцарыі, Эфіопіі і Еўрапейскага саюза.

"Шчыра спадзяюся, што, як і многія вашы папярэднікі, вы прымеце сэрцам Беларусь. Адкрыеце для сябе новую культуру, магчыма, знойдзеце ў ёй нешта блізкае і сугучнае з традыцыямі свайго народа. Убачыце, якія цудоўныя людзі тут жывуць - душэўныя, адкрытыя, талерантныя", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь праводзіць адкрытую, міралюбівую і шматвектарную знешнюю палітыку, гатова да цеснага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі незалежна ад іх палітычнага ўплыву, геаграфічнай аддаленасці і эканамічнага патэнцыялу.

Паводле яго слоў, ад кожнага з дыпламатаў у значнай ступені будзе залежаць не толькі характар адносін паміж дзяржавамі, але і ўзровень узаемнага даверу і разумення. "Нацэленасць на адчувальныя вынікі ў двухбаковым супрацоўніцтве атрымае шчыры водгук і падтрымку ў нашай краіне. Упэўнены, што ў вашых сілах знайсці для гэтага новыя шляхі і магчымасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб Расіі

Звярнуўшыся да пасла Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мезенцава, Прэзідэнт падкрэсліў: "Ваша краіна - гэта асноўны стратэгічны партнёр і саюзнік Беларусі, а адносіны нашых брацкіх народаў змацаваны вузамі дружбы, добрасуседства і вельмі цеснымі, часам крывавымі старонкамі, нашай агульнай гісторыяй. Мы пралівалі гэту кроў за тое, каб у Еўропе і свеце было спакойна. І не мы пачыналі гэтыя войны. Але мы заўсёды (гасподзь дапамагаў гэтаму) выходзілі пераможцамі. Мы гэта помнім. Мы заўсёды там былі разам, таму перамагалі. Таму развіццё і паглыбленне шматпланавых двухбаковых сувязей з Расіяй - безумоўны прыярытэт беларускай знешняй палітыкі".



Асаблівая ўвага ў двухбаковых адносінах удзяляецца цяпер пытанням саюзнага будаўніцтва. "Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што напярэдадні знакавай даты - 20-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні нашага саюза - павінны быць прыняты канкрэтныя рашэнні па далейшай стратэгіі развіцця нашай інтэграцыі. Мы гэта зробім", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Казахстане

У Еўразійскім рэгіёне Казахстан з'яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. "Беларуска-казахстанскія адносіны знаходзяцца на ўздыме і суправаджаюцца актыўным палітычным дыялогам усіх галін улады, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Мы нацэлены на далейшае пашырэнне і дыверсіфікацыю гандлёва-эканамічных сувязей. Для гэтага неабходна падтрымліваць высокі ўзровень узаемадзеяння, у тым ліку ў Еўразійскім эканамічным саюзе".

Аб Кыргызстане

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Кыргызстан традыцыйна з'яўляецца для краіны важным саюзнікам і партнёрам. "За больш як 25-гадовы перыяд з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін у Беларусі і Кыргызстана не засталося неахопленных сфер. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай, гуманітарнай галінах", - сказаў ён.

Прыярытэтнай задачай у двухбаковых адносінах бачыцца нарошчванне тавараабароту з выкарыстаннем патэнцыялу ЕАЭС. "Аб магчымасцях для гэтага сведчыць рост узаемнага гандлю за апошнія два гады больш як у 2,5 раза", - дадаў Прэзідэнт.

Аб Еўрапейскім саюзе

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў апошнія гады Беларусі ўдалося істотна рушыць наперад у дыялогу з Еўрапейскім саюзам, які з'яўляецца для краіны адным з найбольш значных гандлёвых партнёраў, важнай крыніцай інавацый, неабходных для мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.

"Мы нацэлены на выбудоўванне добрасуседскіх і прагматычных адносін з Саюзам (Еўрасаюзам. - Заўвага), якія не прадугледжваюць выбару паміж Усходам і Захадам. Але, праўда, Еўрасаюз ад нас гэтага і не патрабуе, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, што гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў бы прагрэс у спалучэнні еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў".

Аб Латвіі

Звяртаючыся да пасла Латвіі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што развіццё ўсебаковага ўзаемадзеяння з суседнімі краінамі Балтыйскага рэгіёна з'яўляецца нязменным прыярытэтам для Беларусі. З Латвіяй нас звязваюць не толькі геаграфічная блізкасць і агульныя эканамічныя інтарэсы, але і шматвяковае перапляценне традыцый, культур, гісторыі. "Для нашай дзяржавы прынцыпова важна далейшае пашырэнне і паглыбленне ўзаемавыгадных адносін з Латвійскай Рэспублікай на аснове прынцыпаў добрасуседства і ўзаемапавагі. Аб гэтым мы нядаўна гаварылі з міністрам замежных спраў гэтай краіны", - дадаў беларускі лідар.

Аб Германіі

"Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні разнапланавага супрацоўніцтва з Федэратыўнай Рэспублікай Германія, якая з'яўляецца для нас адным з ключавых палітычных і эканамічных партнёраў у Еўропе, ды і ва ўсім свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нягледзячы на няпростую гісторыю беларуска-германскіх адносін, сёння дзве краіны аб'ядноўваюць агульныя інтарэсы - у першую чаргу забеспячэнне бяспекі, стабільнасці і працвітання ў Еўропе.

"Разлічваем на інтэнсіфікацыю двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай галінах, дзе ёсць істотны патэнцыял", - сказаў Прэзідэнт.

Аб Вялікабрытаніі

Кіраўнік дзяржавы абазначыў гатоўнасць Беларусі да далейшага канструктыўнага развіцця адносін з Вялікабрытаніяй па ўсіх ключавых напрамках.



"Дыялог са Злучаным Каралеўствам мае асаблівае значэнне з улікам рашэння брытанскага народа аб выхадзе з Еўрасаюза і новай ролі краіны на міжнароднай арэне, - адзначыў ён. - Мы зацікаўлены ў далейшым пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй і напаўненні міжурадавага гандлёвага дыялогу сур'ёзным эканамічным зместам, канкрэтнымі маштабнымі праектамі".

"Мы са многімі службовымі асобамі (нядаўна - з паслом, які, на жаль, паехаў ад нас, але вельмі добра рэкамендаваў новага пасла), заўсёды знаходзілі агульную мову, вельмі падрабязна абмяркоўвалі праблемы. У нас вялікія перспектывы з вашай краінай. Я ўпэўнены, што мы многія з іх зможам рэалізаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Балгарыі

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што супрацоўніцтва з Балгарыяй мае даўнюю гісторыю: "Гэта наогул блізкая, родная нам краіна. Не ведаю ўжо, як нас успрымаюць сёння ў Балгарыі, але вы блізкімі былі для нас людзьмі і застаяцеся".

Аднак сённяшні ўзровень супрацоўніцтва не ў поўнай меры адпавядае рэальнаму патэнцыялу адносін. "Не сакрэт, што Балгарыя - адзін з папулярных турыстычных напрамкаў для беларусаў. Пры гэтым мы бачым добрыя перспектывы развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Харватыі

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў інтарэс Беларусі да пашырэння палітычных, эканамічных і культурных кантактаў з Харватыяй.

"Нашым краінам неабходна прыкласці намаганні, каб беларуска-харвацкае супрацоўніцтва ў бліжэйшай перспектыве атрымала больш канкрэтнае напаўненне, асабліва ў галіне гандлю і інвестыцый. Для гэтага ёсць сур'ёзны патэнцыял", - адзначыў ён.

Аб Швейцарыі

Прэзідэнт вітаў павышэнне статусу дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі і назначэнне першага ў гісторыі пасла Швейцарыі ў нашай краіне. "Вось вы і трапілі ў гісторыю, менавіта з Беларусі пачынаючы", - адзначыў ён, звярнуўшыся да новага кіраўніка дыпмісіі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю адносін са Швейцарскай Канфедэрацыяй.

"За апошнія гады нам удалося значна рушыць наперад як з пункту гледжання ўзроўню нашых кантактаў, так і па іх змястоўным напаўненні. Важна захаваць і ўмацаваць гэту дадатную дынаміку", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аб Гватэмале

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адной з ключавых знешнеэканамічных мэт Беларусі з'яўляецца планамерная дыверсіфікацыя экспарту, дзе ў ліку асноўных напрамкаў - супрацоўніцтва з краінамі так званай далёкай дугі. "Далёкай не таму, што вы далёка, а таму, што раней мы з вамі не мелі такога супрацоўніцтва", - растлумачыў ён.



У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў зацікаўленасць краіны ў поўнамаштабным развіцці адносін з Рэспублікай Гватэмала. "Іх бягучы ўзровень патрабуе больш поўнага раскрыцця патэнцыялу дзвюх краін, - перакананы беларускі лідар. - Безумоўна, рухавіком узаемадзеяння павінна быць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Пастаўкі ўгнаенняў, машын і абсталявання, гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй - гэта далёка не поўны пералік магчымасцей, якія можна і трэба выкарыстоўваць".

Аб Танзаніі і Эфіопіі

Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў інтарэс краіны да развіцця шматпланавага супрацоўніцтва з дзяржавамі Усходняй Афрыкі ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і тэхніцы, адукацыі і культуры, спорце і турызме. Звяртаючыся да новых паслоў дзвюх дзяржаў гэтага рэгіёна - Танзаніі і Эфіопіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. У першую чаргу - у стварэнні сумесных вытворчасцей і пастаўках беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая ўжо добра вядома ў большасці афрыканскіх дзяржаў.

"Спадзяёмся на эфектыўнае садзейнічанне новых паслоў у развіцці адносін у іншых сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. У іх ліку падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў для Танзаніі і Эфіопіі ў нашых ВНУ", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім кіраўнікам дыпламатычных прадстаўніцтваў поспехаў і плённай дзейнасці. "Я вас запэўніваю, што вы заўсёды знойдзеце разуменне не толькі з боку кіраўнікоў нашых прадпрыемстваў, абласцей, Міністэрства замежных спраў, але і з майго боку. Спадзяюся, што праведзены ў нашай краіне час стане для вас насычаным і цікавым і вы адкрыеце для сябе Беларусь ва ўсім яе харастве", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

 

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь