Урачысты сход з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі

  • 8

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоча выключна мірнага жыцця для беларускага народа. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 1 ліпеня, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі.

"Толькі захоўваючы максімальную пільнасць, мы можам уберагчы сябе ад паўтарэння трагічных памылак чэрвеня 1941 года, - сказаў Прэзідэнт. - Так, мы ганарымся нашымі перамогамі. Але я не хацеў бы, каб у майго народа былі такія перамогі наперадзе. Лепш, каб не было гэтай вайны і гэтых перамог цаной жыцця мільёнаў людзей. Пасля нас будуць жыць нашы дзеці, і няхай яны жывуць абароненымі ў свабоднай, незалежнай краіне".

У тым ліку з гэтай мэтай Беларусь удаскальвае свае Узброеныя Сілы, якія здольны даць адпор любому агрэсару. Адно з апошніх дасягненняў у гэтым напрамку - стварэнне айчыннага ракетнага ўзбраення. "Гэта вельмі моцны аргумент стрымлівання, важны момант у забеспячэнні бяспекі і незалежнасці нашай дзяржавы. Мы нікога не палохаем і будзем рабіць усё, каб быў мір не толькі ў нас, але і вакол нас. Але порах сухім мы вымушаны трымаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што шантажом, пагрозамі, санкцыямі і бамбёжкамі немагчыма развязаць ні адзін вузел праблем. Таму Беларусь імкнецца да развіцця цеснага супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Беларусь даказала, што можа быць добрым партнёрам для вырашэння самых хвалюючых пытанняў сучаснасці.

Да актыўнага дыялогу з Беларуссю падключыліся Еўрапейскі саюз і ЗША. "Аднак ці то па неабдуманасці, ці то па інерцыі (напэўна, па інерцыі) Захад усё яшчэ прадаўжае часам выкарыстоўваць у перагаворах з намі ўстарэлыя метады: санкцыі (няшмат іх засталося, але не адменены), палітычны націск, умяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы. Выкананне дадзеных нам абяцанняў і нават рэалізацыя разумных узаемавыгадных праектаў раз-пораз тармозяцца або абстаўляюцца шэрагам умоў, - сказаў Прэзідэнт. - Такімі дзеяннямі любы суб'ект міжнароднага права рызыкуе страціць давер свайго партнёра і ў канчатковым выніку прайграць у чымсьці больш важным".

"Такая палавінчатая палітыка выглядае асабліва антыпрадукцыйнай на фоне нашых міратворчых намаганняў, якія атрымалі высокую ацэнку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь стала паўнапраўным і аўтарытэтным членам сусветнай супольнасці, аб чым сведчаць яе шырокія міждзяржаўныя сувязі, падмацаваныя гандлёва-эканамічнымі пагадненнямі. "Асабліва каштоўна, што сярод нашых сяброў такія ўплывовыя дзяржавы, як Расія, Кітай, Індыя", - адзначыў ён.

Гаворачы аб унутранай палітыцы, Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская мадэль даказала сваю жыццяздольнасць, а суверэнітэт краіны атрымаў надзейную сацыяльна-эканамічную і прававую аснову. "Упэўнены, беларусы пераадолеюць і цяперашнія, абсалютна часовыя цяжкасці. Мы абавязкова выйдзем на новы, больш высокі ўзровень эканомікі і якасці жыцця. Таму што маем вельмі каштоўны здабытак - слаўную гісторыю мужнасці і стойкасці, адзінства народа, пачуццё ўласнай годнасці, вялікае жаданне разам зрабіць сваю Радзіму моцнай і працвітаючай", - заявіў Прэзідэнт.

У бліжэйшыя гады неабходна сканцэнтраваць намаганні на прыярытэтных напрамках: прыцягненні інвестыцый для інавацыйнага развіцця, забеспячэнні працоўнай занятасці, павелічэнні і дыверсіфікацыі экспарту, паскарэнні і пашырэнні інфарматызацыі, стварэнні ўсіх умоў для гарманічнага выхавання, адукацыі і прафесійнага росту моладзі. "Сімвалічна, што старт гэтай вялікай рабоце мы даём у Год культуры. Паколькі сапраўдная культура - гэта не толькі фальклор, тэатры, мастацкія школы, літаратура, кіно і фестывалі. Гэта яшчэ і высокатэхналагічная вытворчасць, правільнае землекарыстанне, беражлівае стаўленне да прыроды, павага да закона, шанаванне сваіх традыцый. Нарэшце, гэта той духоўны стрыжань, які дапамог нашаму народу выстаяць у самых жорсткіх выпрабаваннях", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Галоўным паказчыкам дасягненняў суверэннай Беларусі Прэзідэнт назваў клопат аб людзях, у тым ліку мэтанакіраваную палітыку па падтрымцы моладзі, мацярынства і дзяцінства. "Дзякуючы моцнай ролі дзяржавы ўсе сродкі, што зарабляюцца краінай, ідуць не ў замежныя афшоры, не на вілы і яхты для алігархаў, а ў развіццё ўласнай эканомікі і сацыяльнай сферы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сваім выступленні Прэзідэнт звярнуў увагу і на важнасць здаровага ладу жыцця. "Зрабіце ўсё, каб вы былі проста прыгожымі і здаровымі людзьмі - за вамі пойдуць вашы дзеці. Зрабіце гэта дзеля дзяцей. Ідзіце наперадзе і прымусьце іх ісці за сабой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Прэзідэнт таксама падкрэсліў кашчунства спроб прынізіць заслугі беларускіх партызан і падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. "Па сутнасці, тут, у тыле ў немцаў, сканцэнтравалася некалькі армій, якія зрабілі захопнікам сапраўднае пекла і нанеслі ім непапраўны ўрон, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ніколі не забудзем, што сваім жыццём і свабодай абавязаны Вялікай Перамозе, атрыманай над фашысцкімі агрэсарамі".