Урачысты сход, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

  • 1

Увесь свет у неаплатным даўгу перад подзвігам савецкага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 мая на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Увесь свет павінен быць у неаплатным даўгу перад подзвігам савецкага народа, які заплаціў за Перамогу неймаверна высокую цану - жыцці трыццаці мільёнаў чалавек. Тых, хто загінуў або памёр ад ран, хто закатаваны ў фашысцкіх засценках і лагерах, хто зажыва спалены, як у Хатыні, або расстраляны карнікамі, хто памёр ад голаду і холаду ў блакадным Ленінградзе або ад непасільнай працы ў глыбокім тыле", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што дзякуючы мужнасці і гераізму савецкага салдата для еўрапейскіх народаў завяршылася Другая сусветная вайна, якая доўжылася амаль шэсць гадоў, краіны Еўропы атрымалі свабоду і незалежнасць, магчымасць самастойна вызначаць свой шлях развіцця.

Аляксандр Лукашэнка аддаў даніну павагі і выказаў словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто ваяваў на баку саюзнікаў - краін антыгітлераўскай кааліцыі, актывістам антыфашысцкага Супраціўлення. "Яны ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам. Другі фронт, адкрыты ў 1944 годзе, сур'ёзна дапамог дабіць ворага ў яго логаве. Але гістарычная праўда ў тым, што вядучую і асноўную ролю ў агульнай антыфашысцкай барацьбе адыграў Савецкі Саюз. Працягласць савецка-германскага фронту ў чатыры разы пераўзыходзіла ўсе разам узятыя заходнія франты", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што Беларусь першая прыняла на сябе страшны ўдар ворага, але не здалася, а стала жывым шчытом на шляху агрэсара. Яшчэ да адкрыцця Другога фронту пад кантролем партызан ужо знаходзілася 60 % захопленай фашыстамі тэрыторыі Беларусі, а амаль 38 тыс. квадратных кіламетраў былі поўнасцю свабодныя ад праціўніка, што супараўнальна па памерах з тэрыторыяй Нідэрландаў або Бельгіі. У той жа час у радах Чырвонай Арміі змагалася больш за 1,3 млн ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх - больш за дзвесце генералаў і адміралаў. Высокага звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены чатыры з палавінай сотні суайчыннікаў.

"Мы ніколі не здрадзім памяці мільёнаў людзей - салдат і мірных жыхароў, якія загінулі ад рук нацыстаў. Ніхто не забыты і нішто не забыта! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не забылі, што ў Беларусі загінуў кожны трэці. Было знішчана больш за палавіну нашых нацыянальных багаццяў, разбурана больш за 200 гарадоў і больш за 9 тыс. вёсак. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі 260 лагераў смерці і 170 гета. Толькі адзін размешчаны под Мінскам канцлагер Трасцянец унёс жыцці больш як 200 тыс. савецкіх людзей і грамадзян Еўропы".

Паводле слоў Прэзідэнта, святкаванне 70-годдзя Перамогі - гэта момант ісціны. "У гэтыя дні, аглядаючыся ў мінулае, мы ацэньваем і сучаснае. Перамога патрабуе ад нас адзінства, з'яднанасці наследнікаў савецкага народа. Але праз дзесяцігоддзі сярод нас, кіраўнікоў і палітыкаў, з'явіліся так званыя бухгалтары, якія мараць падзяліць Перамогу па ўдзельнай вазе нацыянальнасцей. Ужо нават спрачаюцца: які працэнт у Перамозе рускай, украінскай, казахскай, грузінскай, узбекскай крыві", - канстатаваў беларускі лідар.

"Гэта інсінуацыі, і адказ на іх просты: нацызм знішчылі не рускія і беларусы, не ўкраінцы і грузіны, не казахі і ўзбекі. Вялікую Перамогу падарыў нам вялікі савецкі народ!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паміраючы ў Брэсцкай крэпасці і Ленінградзе, змагаючыся пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе і Дняпры, вызваляючы Беларусь і Заходнюю Еўропу, штурмуючы Берлін, савецкія салдаты не думалі аб нацыянальнасці. "Яны былі адзіныя, узнімаючы Сцяг Перамогі. Значыць, і Перамога была адзіная і будзе заўсёды непадзельная!" - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Мы заўсёды павінны помніць: Перамога - гэта святое! І дакранацца да яе можна толькі чыстымі рукамі і з чыстай душой, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гісторыю трэба шанаваць, паважаць, рабіць вывады, атрымліваць урокі. Яе нельга прыстасоўваць да сучаснасці з мэтай рэйтынгаў, апраўдання памылак і пралікаў у палітыцы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліхія 90-я гады мінулага стагоддзя на постсавецкай прасторы значна аслабілі ўвагу да Перамогі і пераможцаў, дазволілі аддаць забыццю подзвіг савецкага народа. "Адны гэта рабілі з прычыны "страты памяці і разважлівасці". Іншыя, каб не пакрыўдзіць цяперашнюю Германію, не агучвалі такія паняцці, як нацызм, фашызм і генацыд, што поўнасцю прысутнічала ў гады Другой сусветнай вайны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У нашых краінах, якія ўтварыліся на папялішчы Савецкага Саюза, з'явілася палітычная шпана, якая вырашыла перапісаць старонкі гісторыі і Вялікай Айчыннай вайны пад дыктоўку заходніх рэвізіяністаў і мясцовых нацыяналістаў", - заявіў Прэзідэнт Беларусі. Сучасную моладзь спрабуюць пераканаць у тым, што не фашысты развязалі тую страшную вайну, а Савецкі Саюз, называюць герояў Супраціўлення і партызан бандытамі, а памагатых нацыстаў і паліцаяў - патрыётамі. "Гэтыя так званыя патрыёты палілі людзей і іх дамы цэлымі вёскамі і гарадамі, гвалтавалі жанчын, забівалі дзяцей і старых", - заўважыў беларускі лідар.

"Ніхто не мае права забываць суровую праўду той вайны! Тым больш - чарніць светлае імя воіна-вызваліцеля, кашчунстваваць над вялікімі сімваламі, глуміцца з помнікаў і воінскіх пакаванняў. Гісторыю трэба ведаць, а яе ўрокі - памятаць. Хто гэтага не робіць, той асуджае сябе на паўтарэнне самых трагічных памылак", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне нікому не дазволілі фальсіфікаваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. "Мы з хваляваннем і беражліва ставімся да яе, таму што гэта вайна стала для беларускага народа небывалай праверкай на трываласць. Нельга забываць, што тыя, хто чэрняць Вялікую Перамогу, спрабуюць адабраць у нас пачуццё нацыянальнага гонару, чалавечую годнасць і ўпэўненасць у будучыні", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што некаторыя краіны і сёння дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а палітыка націску і эканамічнага шантажу даўно стала штодзённасцю. "Больш таго, уладныя людзі падбухторваюць да ваенных канфліктаў у розных кропках зямнога шара. Зброя становіцца аргументам у адстойванні эканамічных інтарэсаў асобных звышдзяржаў. Узрастае іх ваенная актыўнасць, праводзяцца манеўры і вучэнні, нарошчваюцца ўзбраенні, назапашваецца ваенны патэнцыял каля нашых граніц", - адзначыў Прэзідэнт.

"Усё гэта не садзейнічае ўмацаванню міру, выклікае новыя пагрозы і дэстабілізуе абстаноўку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Праз 70 гадоў пасля Другой сусветнай вайны ў Еўропе зноў запахла гарам. І самае жудаснае, аб чым і думаць не маглі пераможцы, а таксама мільёны забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках, спаленых у канцлагерах, што мы, іх наследнікі, будзем страляць адзін у аднаго, брат пойдзе на брата і будзе яго знішчаць! Але гэта здарылася, здарылася на зямлі, палітай крывёю пераможцаў, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Жудасны "падарунак" загінулым і жывым! Страшны боль для ветэранаў!"

Паводле слоў Прэзідэнта, тысячагадовая гісторыя навечна з'яднала тры родныя народы: беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. "Трагічныя падзеі ў нашых братоў - гэта наш боль", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Беларусь ужо нямала зрабіла для таго, каб на ўкраінскай зямлі настаў мір. І мы гатовы зрабіць для гэтага яшчэ больш - усё, што спатрэбіцца, каб спыніць гэту вайну. Калі мы, славяне, самі не дамовімся, самі не вырашым, што нам рабіць, то ніхто іншы нам не дапаможа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра Дзень Перамогі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правядзенне парадаў і іншых святочных мерапрыемстваў - гэта добра, і ветэраны гэта цэняць. "Але па вялікім рахунку мы аказаліся дрэннымі наследнікамі тых, хто перамог у той вайне. Мы не выратавалі, не ўтрымалі тую краіну, якую яны абаранялі, і, больш таго, мы развязалі на гэтай славянскай зямлі недаравальную для нас вайну. І чым раней мы гэта ўсвядомім і зробім усё неабходнае, каб яе спыніць і пакаяцца, пакуль яшчэ жывыя не толькі ветэраны, але і ўдзельнікі вайны, тым лепш будзе для нашага пакалення", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь можа рашуча спыніць любыя спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы. "Для нашага народа галоўнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца мір, незалежнасць, грамадская згода і стабільнасць. У нас няма ворагаў. Мы ніколі нікому не пагражалі і ніколі не будзем гэтага рабіць. Але сваю незалежнасць, мір на нашай зямлі мы гатовы абараняць і адстаяць у любых умовах. У Беларусі хопіць палітычнай волі, сіл і сродкаў, каб рашуча спыніць любыя спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі паважаюць права кожнай дзяржавы выбіраць свой уласны шлях развіцця і маюць права чакаць у адказ павагі да шляху, які выбраў беларускі народ.

"У нашай гісторыі не было больш яркай і вялікай падзеі, чым перамога над фашызмам. І пакуль людзі помняць гэта і ганарацца подзвігам пакалення, якое адстаяла незалежнасць нашай Радзімы, выратавала свет ад фашызму, мы ў бяспецы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся на заканчэнне выступлення да ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Мы заўсёды будзем ганарыцца вамі. Ваш гераізм, самаадданасць заўсёды будуць служыць прыкладам для цяперашніх і будучых пакаленняў беларусаў. Мы рады, што сёння вы побач з намі, што мы разам сустракаем гэту гістарычную дату – 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі!”