Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі

1 ліпеня 2017 года
Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі, 1 ліпеня 2017 г.
Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі
глядзіце таксама: відэа
1 ліпеня 2017 года
Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі
Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі
глядзіце таксама: фота
1 ліпеня 2017 года
Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі
10 фота

Прайшоўшы скрозь выпрабаванні, беларусы заслужылі права жыць на свабоднай зямлі, у міры і дастатку, быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі сусветных працэсаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 ліпеня ў сваім выступленні на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.

"Гісторыя беларускай дзяржаўнасці заўсёды была няпростай. Але імкненне нашага народа жыць у сваім доме было стрыжнем, які даваў сілу і ўмацоўваў яго дух", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аб асновах беларускай дзяржаўнасці

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне помняць пра тых асветнікаў і падзвіжнікаў, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. У іх ліку такія выдатныя землякі, як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны.

Паводле слоў Прэзідэнта, у жыцці любога народа існуюць вехі, якія вызначаюць яго лёс, а асновы беларускай дзяржавы зарадзіліся яшчэ ў далёкім дзявятым стагоддзі.

"Ужо тады, 1155 гадоў таму, Полацк быў вядомым гандлёвым і адміністрацыйным цэнтрам славянскай Еўропы. А Полацкае княства - наша гістарычная калыска - мірнай, працавітай і дружалюбнай дзяржавай. Ужо тады яго жыхары самастойна вызначалі свой лёс. На народным вечы выбіралі правадыроў з ліку самых мужных і мудрых прадстаўнікоў сваёй зямлі, - сказаў беларускі лідар. - Але ж у той час да многіх народаў дзяржаўнасць прыйшла разам з варагамі. Далёка не ўсім было даспадобы імкненне нашых продкаў быць самастойнымі. Таму абараняць сваю зямлю ім даводзілася на працягу ўсёй яе гісторыі".

Аб сапраўднай крыніцы незалежнасці

Прэзідэнт адзначыў, што ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла чырвонай ніткай праз усе пакаленні. Нягледзячы на шматлікія войны, палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні, беларускі народ выстаяў, не знік з гістарычнай авансцэны. Наадварот, кожны няпросты перыяд узбагачаў гэту ідэю сваім зместам, захоўваў і ўмацоўваў яе, даваў сілы для новага этапу развіцця.

Вялікае Княства Літоўскае, напрыклад, надала магутны імпульс горадабудаўніцтву і ваеннай дзейнасці, падарыла Еўропе самы прагрэсіўны для таго часу звод законаў - напісаны на старабеларускай мове Статут. "Значна раней за многіх нашых суседзяў - 500 гадоў таму - мы авалодалі друкаваным словам", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што беларускія землі былі і часткай буйных імперый, і гэта асабліва трагічныя старонкі гісторыі народа. "Праз нашу зямлю, праз сэрцы і душы ішлі ў розных напрамках полчышчы захопнікаў. Беларусы аказваліся ў эпіцэнтры самых жортскіх войнаў, якія ім былі зусім не патрэбны. Бізуном выбівалі жаданне людзьмі звацца. Але даўняя мара - жыць у сваёй незалежнай дзяржаве - прабілася і праз гэтыя суровыя выпрабаванні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што наступствы Першай сусветнай вайны і рэвалюцыя 1917 года далі многім народам Еўропы магчымасць стварыць свае дзяржавы. "Гэтыя працэсы закранулі і нас. Пытанне беларускай дзяржаўнасці трывала ўвайшло ў парадак дня еўрапейскай геапалітыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Былі мужныя, часам утапічныя спробы самавызначэння. Некаторыя дзеячы, натхнёныя высокімі ідэямі, так і не зразумелі таго, што незалежнасць і свабоду войскі кайзераўскай Германіі не прынясуць ніколі. Яе тварцом можа быць толькі сам народ, яго воля, калектыўны розум і лідары", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аб важнасці стварэння БССР і перамогі над фашызмам

Стварэнне Беларускай ССР Аляксандр Лукашэнка назваў важным гістарычным перыядам. Гэта палітыка-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Савецкага Саюза не было па-сапраўднаму суверэннай дзяржавай, але мела многія атрыбуты беларускай дзяржаўнасці: сцяг, герб, Канстытуцыю, мову, органы ўлады.

"У далейшым на гэтай аснове быў сфарміраваны каркас незалежнай Беларусі. Станаўленню маладой савецкай рэспублікі садзейнічалі масавы энтузіязм, інтэнсіўнае будаўніцтва і культурныя здзяйсненні", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што гэта развіццё перарвала вераломная агрэсія нацысцкай Германіі, калі на беларускую зямлю выпалі самыя жорсткія і бесчалавечныя выпрабаванні.

"У той вайне мы заплацілі велізарную цану. І пра гэты час нам заўсёды будуць нагадваць званы тысяч хатыней, безыменных магіл, лагеры смерці і гета. Бязмежная мужнасць тых, хто не схіліў галаву перад вогарам: нашых партызан, падпольшчыкаў, соцень тысяч патрыётаў. Менавіта тады наш народ даказаў усяму свету права на жыццё. Прызнаваючы лёсавызначальную ролю вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў, мы прымеркавалі галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - менавіта да 3 ліпеня", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб суверэннай дзяржаве і адраджэнні пасля Чарнобыля

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, распад Савецкага Саюза прынёс велізарныя праблемы, атмасфера тых часоў - небывалы разгул злачыннасці, эканамічная разруха, пустыя паліцы ў магазінах, збядненне насельніцтва.

"У гэтых умовах беларускі народ агульнымі намаганнямі і неймавернай працай паспяхова пераадольваў цяжкасці і выпрабаванні, што выпалі на яго долю. І на абломках некалі вялікай імперыі стварыў першую ў гісторыі сваю па-сапраўднаму суверэнную і незалежную дзяржаву - Рэспубліку Беларусь",- адзначыў беларускі лідар.

Адной з самых страшных трагедый чалавецтва стала Чарнобыльская катастрофа. "Нам, беларусам, якія прынялі асноўны ўдар гэтай аварыі, давялося паасобку ліквідаваць яе вельмі цяжкія наступствы. Сітуацыя здавалася бязвыхаднай. Але мы не апусцілі рукі. Прыняліся сістэмна, паслядоўна адраджаць чарнобыльскі рэгіён", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Скажу шчыра: многія сумняваліся, сцвярджалі, што гэта марная трата сіл, часу і сродкаў. І што граху таіць, для многіх нашых суайчыннікаў гэта трагедыя стала палітычнай карткай у іх палітычным лёсе", - заўважыў Прэзідэнт.

Абапіраючыся на народны давер, Кіраўніку дзяржавы давялося валявым рашэннем настаяць на правядзенні маштабных работ і ўзяць іх пад кантроль. "За мінулыя гады многае зроблена, уключаючы газіфікацыю вялізнага рэгіёна і будаўніцтва дарог. І галоўнае - мы ўсялілі тады ў сэрцы людзей надзею на магчымасць нармальнага жыцця, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Цяпер тут кіпіць жыццё. Людзі працуюць, будуюць дамы, нараджаюць дзяцей".

"Рэабілітацыя пашкоджаных Чарнобылем тэрыторый - адно з самых важных нашых дасягненняў. Гэта наш трагічны вопыт, якім сёння карыстаецца ўся планета. Яно дало магчымасць нам больш паверыць у сябе і яшчэ раз пераканацца: калі мы разам, то можам справіцца з любымі бедамі і нягодамі", - заявіў беларускі лідар.

Не менш значным поспехам ён назваў і пераадоленне глыбокага эканамічнага спаду і сацыяльна-палітычнага ўзрушэння ліхіх дзевяностых. Беларусь першай на постсавецкай прасторы не толькі аднавіла даперабудоўчы ўзровень развіцця эканомікі, але і ў два разы яго перавысіла.

Аб дасягненнях незалежнай Беларусі і стаўцы на эканоміку ведаў

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што маладая суверэнная краіна, не маючы вопыту, стала моцнай дзяржавай, упэўнена заявіла пра сябе ў сусветнай супольнасці. "Нас прызналі надзейным эканамічным партнёрам, прыхільнікам палітыкі добрасуседства і дружалюбнасці", - заявіў ён.

Прэзідэнт заўважыў, што сіла ў першую чаргу праявілася ў дынаміцы развіцця. У кароткія тэрміны ўдалося ўзняць на высокі ўзровень сельскую гаспадарку, вырашыўшы вострую праблему харчовай бяспекі. "Без вырашэння гэтай задачы няма чаго было і думаць пра суверэнітэт і незалежнасць. Паколькі быў час, калі мукі ў краіне заставалася ўсяго на тры дні. А цяпер мы ўваходзім у лік лідараў на сусветным рынку па продажах сельгаспрадукцыі. Дзякуй за гэта ўсім працаўнікам вёскі і тым, хто прасоўвае беларускую прадукцыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што дасягненні незалежнай Беларусі прызнаны ў свеце. Гэта і поспехі айчынных вучоных, якія далі магчымасць краіне стаць касмічнай дзяржавай, дасягненні вытворчага сектара, прамысловыя прадпрыемствы, якія асвойваюць новыя рынкі і навукаёмістыя тэхналогіі.

"Нашы будаўнікі карыстаюцца даверам сур'ёзных замежных партнёраў. Сапраўднай вытворчай перамогай стаў створаны іх рукамі горна-абагачальны камбінат у Туркменістане (пры 45-градуснай гарачыні). Цяпер важнейшы будаўнічы аб'ект - Беларуская атамная электрастанцыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мінск па праву стаў спартыўнай сталіцай Еўропы. Сёння наша краіна ўсё часцей прымае прэстыжныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. У 2019 годзе ў нас пройдуць Другія Еўрапейскія гульні, а ў 2021 - чэмпіянат свету па хакеі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, нямала дастойных прыкладаў для пераймання і ў іншых сферах дзейнасці.

"Сёння мы робім стаўку на эканоміку ведаў, роля якой у сучасным свеце каласальна ўзрасла. Наша амбіцыйная, але дасягальная мэта - стварыць ІТ-краіну. Вырашэнне гэтай задачы дасць магчымасць нам зрабіць Беларусь яшчэ больш сучаснай і працвітаючай, а беларусам - з упэўненасцю глядзець у будучыню", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта не проста амбіцыйная задача, а задача на выжыванне. Ён нагадаў, што напярэдадні Прэзідэнт Расіі сказаў, што калі расіяне і беларусы не вырашаць яе, то лёсу ў іх няма. "І я з ім абсалютна згодны. Вы бачыце, у якім напрамку развіваецца свет. Гэта не толькі вадзіцелі не патрэбны ў аўтамабілях - усё будзе перамяшчацца і лятаць без кіравання чалавека", - вобразна адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аб галоўнай каштоўнасці і дадатнай дынаміцы

Прэзідэнт канстатаваў, што жыццё складаецца з узлётаў і падзенняў. "Так і ў нас. Два мінулыя гады былі вельмі складанымі. Многія гэта адчулі на сабе. Аднак народ праявіў вытрымку і, галоўнае, цярпенне, не паддаўся на пустыя лозунгі і заклікі. Мы, аб'яднаўшы намаганні, кожны на сваім месцы, добрасумленна выконвалі сваю работу. І разам змаглі пераламаць сітуацыю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І гэта дзякуючы таму, што мы - абсалютна зямны народ. Ніхто ніколі нічога не зробіць без неймавернай працы. І толькі той, хто будзе працаваць, зможа застацца наверсе ў гэтым жыцці на гэтай планеце. Нічога іншага! Толькі праца, веды, адукацыя".

"Вынікі апошніх месяцаў паказваюць, што эканоміка краіны вельмі павольна і асцярожна выходзіць на патрэбную для нас дадатную дынаміку", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Але галоўная наша каштоўнасць - народ. Менавіта таму дзяржаўная палітыка падпарадкавана прынцыпу: усё на карысць чалавека. Ніякія балты і гайкі дзяржаве і ўладзе не патрэбны, калі гэта не будзе працаваць на чалавека. Гэта - інструкцыя да дзеяння для ўсіх органаў улады. Таму што рэспубліка з'яўляецца сапраўды народнай!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб партнёрах і саюзніках

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што незалежнасць прадугледжвае не толькі свабоду, але ў першую чаргу і каласальную адказнасць кожнага паасобку за краіну, народ, выбар гістарычнага шляху.

"Паасобку ў сучасным свеце, асабліва нам, не выжыць. Менавіта таму Беларусь з'яўляецца прыхільнікам міждзяржаўных інтэграцыйных працэсаў. Мы разумеем: набыццё надзейных партнёраў і саюзнікаў робіць больш моцнай і ўстойлівай нашу рэальную незалежнасць", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў, што размова ідзе аб двухбаковых адносінах Беларусі і Расіі, узаемавыгаднае супрацоўніцтва з якой ахоплівае ўсе сферы жыцця. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што напярэдадні адбылося пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, на якім былі дэталёва прааналізаваны і разгледжаны важнейшыя пытанні сучаснай работы і далейшага ўмацавання сувязей паміж народамі дзвюх краін.

"Так, у нас з нашай брацкай Расіяй не ўсё заўсёды гладка. Але скажыце, дзе і ў каго ўсё гладка?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

"І я ўчора пасля правядзення ўсіх мерапрыемстваў кіраўніцтву Расіі сказаў, што гэта першае ў гісторыі такое мерапрыемства, дзе мы былі сапраўды братамі, дзе мы вырашылі практычна ўсе пытанні, якія стаялі і заставаліся на парадку дня", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Пасля гэтых неймаверных санкцый і націску з усіх бакоў мы нарэшце зразумелі, што трэба разлічваць толькі на сябе. Шчасце нашым народам прынясуць толькі нашы сумесныя намаганні. І больш нічога", - дадаў Прэзідэнт.

Вельмі дынамічна, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, развіваецца і ўзаемадзеянне з дружалюбнай Кітайскай Народнай Рэспублікай. "І гэта проста дзіўна, проста шчасце, што мы з гэтай найвялікшай імперыяй, якая выходзіць на першае месца ў свеце, устанавілі такія дружалюбныя адносіны. Яны практычна на ўзроўні нашай Расіі", - сказаў Прэзідэнт.

"Намеціўся сур'ёзны прагрэс у адносінах з ЗША і Еўрапейскім саюзам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аб укладзе Беларусі ва ўмацаванне міру і стабільнасці ў Еўропе

"У апошнія гады ўклад Беларусі ў забеспячэнне бяспекі, умацаванне міру і стабільнасці ў Еўропе атрымлівае ўсё большае міжнароднае прызнанне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Сведчанне таго - рашэнне правесці чарговую сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску. Такі маштабны міжнародны форум у Беларусі пройдзе ўпершыню, яго лозунг - "Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ".

"На жаль, дабівацца гэтага сёння становіцца ўсё больш складана. На зямным шары адзін за адным успыхваюць ачагі напружанасці. Тэрарызм з лёгкасцю пераходзіць граніцы і дасягае некалі самых паспяховых краін. Сярод асобных дзяржаў трывала ўкаранілася імкненне вырашаць спрэчныя міжнародныя пытанні з дапамогай сілавых метадаў. Усё гэта вымушае нас усімі сіламі ўмацоўваць абаронную моц Беларусі і развіваць ваенна-прамысловы комплекс, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Як вы разумееце, гэта не танна. І як бы нам ні было цяжка, не дай бог апошнія рубель і капейку аддаваць на снарады і зброю. Таму сёння, я разумею - няпроста, цяжка, але мы вымушаны займацца абаронай і бяспекай".

Аб абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі ён як Кіраўнік дзяржавы і падпарадкаваныя яму сілавыя структуры не забяспечаць прымальную грамадскую бяспеку і абарону, то незалежнасць і суверэнітэт краіны будуць пад пагрозай. "Таму мы вымушаны ўдзяляць вялікую ўвагу сілавому складніку", - сказаў ён.

"Трэцяга ліпеня ўдзельнікі і гледачы святочнага парада змогуць пераканацца, што нашы Узброеныя Сілы і ўзброены, і абучаны. Важна адзначыць, што гэты грозны арсенал быў мадэрнізаваны намаганнямі айчыннай навукі і канструктарскай думкі. Усё, што ў нас сёння на ўзбраенні ў арміі, - гэта наша: мадэрнізаваная, адноўленая і выведзеная на самы высокі ўзровень некалі савецкая тэхніка. Мы робім усё, каб наша армія стала яшчэ больш сучаснай і моцнай", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на роўных размаўляюць толькі з тымі дзяржавамі, якія могуць за сябе пастаяць. "Гэта даказана нашай гісторыяй. Менавіта таму мы ўсімі сіламі будзем берагчы і абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць беларускай дзяржавы", - сказаў ён.

"Мір і стабільнасць дасягаюцца не чараўніцтвам. За гэтым - велізарныя намаганні тых, хто сваёй карпатлівай штодзённай працай умацоўвае яе магутнасць. Менавіта гэтым, а не хаджэннем па праспектах або пустой гаварыльняй на мітынгах дасягаецца дабрабыт людзей і згода ў нашым агульным доме", - упэўнены беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць берагчы з'яднанасць грамадства і бяспеку краіны, усімі сіламі перашкаджаць любым праявам экстрэмізму і насілля. "Для гэтага ёсць толькі адзін шлях: настройваць сябе і сваіх дзяцей на стваральную працу і добра помніць урокі гісторыі. Паколькі яна вучыць: набыць суверэнітэт мала, трэба ўмець яго абараніць, адстаяць, зберагчы! Так, як абаранялі Радзіму нашы гераічныя продкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб моладзі

"Не трэба думаць, што, скончыўшы ў 20 гадоў ВНУ, і нават добра скончыўшы, ты заўтра перасядзеш у "мерседэс", і ўсё пасыплецца для цябе з нябёсаў. Нічога не пасыплецца! І кожны малады чалавек павінен разумець, што, уваходзячы ў гэта жыццё, ён будзе знаходзіцца ў асяроддзі сур'ёзнейшай канкурэнцыі. І толькі тады будзе поспех, калі ты сваёй галавой, мазгамі і сваімі рукамі створыш для сябе ўмовы для жыцця. Іншага не дадзена. І па гэтай прычыне не шукайце нічога ў свеце лепшага. Там, за мяжой, вам будзе яшчэ складаней знайсці сваё жыццё. Не шукайце лёгкіх шляхоў у жыцці, іх не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што сучаснае жыццё зусім іншае, яно стала больш інтэнсіўным, хуткім. "І нам яго не змяніць. Трэба прыстасавацца да гэтага жыцця. Трэба выстаяць і вытрымаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Кожны з бацькоў жадае свайму дзіцяці шчасця. Ён стараецца даць яму самае лепшае, навучыць усяму, што можа спатрэбіцца ў будучым. Так і дзяржава - імкнецца выгадаваць дастойнае маладое пакаленне. Ведайце: ваша Радзіма тут, менавіта на роднай зямлі вашы таленты могуць раскрыцца і прынесці сапраўднае натхненне для рэалізацыі ідэй і задум", - звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў маладога пакалення.

"Якія б даброты вам ні абяцалі там, за мяжой, вы будзеце чужымі. Заўсёды помніце аб гэтым, як і аб слаўным мінулым нашага народа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Давайце ж усе разам, аб'яднаўшы сілы, умацоўваць гэты цудоўны край! Гэта ж наш лёс, сучаснае і будучае нашых дзяцей і ўнукаў!" - заклікаў Аляксандр Лукашэнка грамадзян Беларусі.

Ён таксама пажадаў усім моцнага здароўя, міру, дабрабыту і поспехаў у працы на карысць Радзімы.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь